«Гэта сярэднявечча». Журналістка Надзея Калініна распавяла пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна

Увечары 1 лютага карэспандэнтка TUT.BY Надзея Калініна выйшла на волю. Трое сутак яна правяла ў ізалятары на Акрэсціна, яе абвінавачваюць у тым, што яна зладзіла пікет каля дарогі побач са з'ездам дэлегатаў ВНС і не падпарадкавалася патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Кропка ў справе не пастаўленая, у судзе абвешчаны перапынак, але паколькі 72 гадзіны затрымання скончыліся, Надзю адпусцілі. Сённяшнюю ноч яна правядзе дома, у нармальных чалавечых умовах. А вось што яна распавядае аб утрыманні ў ІЧУ.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

— Мяне выкралі, а не затрымалі, ніхто не прадставіўся, нічога не патлумачыў, я нават у РУУС не разумела, што адбываецца,цытуе Надзею Калініну TUT.BY. — Утрыманне ў ІЧУ — гэта сярэднявечча. Нас было 12 чалавек на 5-мясцовую камеру, шасцёра — жанчыны пенсійнага ўзросту, некаторыя з хранічнымі захворваннямі.
Я і яшчэ пяць чалавек дзве ночы праспалі на падлозе. У мяне было вакантнае месца каля батарэі, таму што я дрэнна сябе адчувала, мне яго саступілі. Па нашых просьбах нам выдавалі туалетную паперу, адматваючы невядома ад чаго, перыядычна выдавалі мыла, калі мы вельмі моцна прасілі.
Не было матрацаў, не кажучы ўжо пра пасцельную бялізну. Зразумела, што стаўленне было адпаведнае. Толькі ў нядзелю
(Надзею прывезлі ў ізалятар у пятніцу ўвечары. — прым) Дзед Мароз, так мы назвалі супрацоўніка, прынёс нам нармальную туалетную паперу і зубную пасту. Пракладкі выдалі ў нядзелю, па просьбе жанчын, якія знаходзіліся са мной у камеры. Зменную бялізну, зменную вопратку не выдавалі. Лекі, якія атрымалі ад сваякоў, перадавалі.

— Супрацоўнікі тлумачылі, чаму вас ўтрымліваюць у такіх умовах?

— «Не паложана». Пры гэтым мы бачылі, што ў суседніх камерах, у адной з якіх былі людзі паводле крымінальнай справы, былі і бялізна, і падушкі, і матрацы, — усё як належыць. Я за першыя суткі абышла чатыры камеры, ні ў адной з іх не было ні матрацаў, ні падушак, нічога. Усё голае, што ты спіш на нарах, што на падлозе — аднолькава.

— Што было з харчаваннем?

— Кормяць тры разы ў суткі, але есці гэта немагчыма. Гэта крупяная дыета. Перадачы не атрымлівалі. У першай камеры, дзе я была, дзяўчынкі знаходзіліся тыдзень, яны сказалі, што перадачы не атрымлівалі.

— Ты тут была ў верасні (тады Надзею ў першы раз затрымалі падчас працы і назвалі гэта ўдзелам у акцыі, прысудзіўшы трое сутак арышту. — прым), можаш параўнаць умовы?

— У верасні нам зладзілі паказальны прэс-тур. Цяпер нам паказалі, як ёсць на самай справе. Тое, што ёсць на самой справе, вельмі моцна адрозніваецца ад таго самага прэс-тура і таго, што нам паказваюць часам па дзяржТВ.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

Як праходзіў суд па справе Надзеі Калінінай, мы пісалі тут. У працэсе абвешчаны перапынак, суд запатрабаваў відэазапісы з камер назірання ДК, дзе і затрымалі Надзею. 29 студзеня яна прыехала па рэдакцыйным заданні на з'езд мінскіх дэлегатаў ВНС, аднак без тлумачэння прычын была затрыманая невядомымі людзьмі ў чорным і дастаўлена ў Ленінскі РУУС. Там Надзея восем разоў прасіла дапусціць адваката, які ў гэты момант знаходзіўся ў тым жа РУУС, але ёй было адмоўлена. Аб парушэнні права на абарону журналіст запісала ў пратаколе, а адвакат пакінуў скаргу ў РУУС.

Як стала вядома сёння ў судзе, Надзею абвінавачваюць па двух артыкулах — удзел у несанкцыянаваным пікеце і непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянта. Надзея віну не прызнала, заявіла, што ў пратаколах праўдзіва пазначаны толькі адрас, па якім яе затрымалі, усё астатняе не мае ніякага дачынення да рэальных падзей.