Хронікі рэпрэсій за 2 лютага
Ужо год як няма сувязі з Марыяй Калеснікавай. Усяго летась палітычна матываваных было заведзена больш за 6 тысяч крымінальных спраў. У Беларусі пачалі судзіць за «выкарыстанне замежнай дапамогі».
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1177 дзён, Дзяніс — 1057 дзён.
***
Год няма сувязі з Марыяй Калеснікавай. Апошні раз адвакат бачыў палітзняволеную, адну з лідараў пратэсту-2020 і твар штаба Віктара Бабарыкі 2 лютага мінулага года.
***
У 2023 годзе вялося следства па 1263 крымінальных справах, якія распачалі за «абразу Лукашэнкі» (арт.368 Крымінальнага кодэкса), паведаміў прадстаўнік аб'яднання былых сілавікоў «BELPOL» Андрэй Астаповіч на сустрэчы, прысвечанай актуальнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, перадае «Позірк».
Яшчэ 1570 крымінальных спраў вялося следствам за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).
Акрамя таго, сярод самых масавых крымінальных артыкулаў, па якіх узбуджаны палітычна матываваныя справы, з'яўляюцца:
- 798 крымінальных спраў за «грубае парушэнне грамадскага парадку» (арт. 342 КК);
- 423 крымінальныя справы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-2 КК);
- 261 крымінальная справа за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК);
- 238 крымінальных спраў за «незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных» (арт. 203-1 КК)
- 98 крымінальных спраў за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК);
- 88 крымінальных спраў за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім» (арт. 361-1 КК);
- 83 крымінальныя справы за «распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК);
- 76 крымінальных спраў за «здзек з дзяржаўных сімвалаў» (арт. 370 КК);
- 43 крымінальныя справы за «заклікі да санкцый» (арт. 361 КК);
- 36 крымінальных спраў за «ўдзел ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце» (арт. 361-3 КК);
- 14 крымінальных спраў за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК).
Усяго, паводле слоў Астаповіча, палітычна матываванымі за 2023 год варта лічыць 6419 крымінальных спраў.
***
Сёння ў TikTok-акаўнце 31-гадовай блогеркі Ксеніі Марук з'явілася відэа, на роліку яна знаходзіцца ў кабінеце ГУБАЗіКа.
Дзяўчына расказвае, што некалі паўдзельнічала ў антываеннай акцыі ў Маскве і была затрыманая мясцовымі сілавікамі. Пасля таго, як яна вярнулася ў Беларусь, яе затрымалі губазікаўцы, каб «разабрацца, што адбылося».
Ксенію ўжо затрымлівалі ў лютым 2023-га за ролікі, прысвечаныя ПВК «Родан». Тады яе таксама прымусілі запісаць відэа і адпусцілі, піша @nashaniva.
***
У Беларусі пачалі судзіць за выкарыстанне замежнай дапамогі для «ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці».
Некалькі чалавек судзілі па ч. 2 арт. 24.15 КаАП, за які для фізічных асоб прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу да 30 базавых велічынь і канфіскацыя дапамогі.
Раней гэты артыкул не выкарыстоўваўся ў Беларусі, адзначылі праваабаронцы. Юрыст Павел Сапелка лічыць, што, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія скарысталіся дапамогай у рамках ініцыятывы падтрымкі сем'яў палітвязняў:
— Гэта адвольны пераслед людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў, а менавіта незаконнай мэты расходавання сродкаў падтрымкі для «ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам». У дадзеным выпадку гэта з'яўляецца перадумовай для пераследу.
***
Суд Першамайскага раёна Віцебска аштрафаваў 76-гадовага актывіста Барыса Хамайду на 600 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), піша «Віцебская Вясна».
Праваабаронцы паведамляюць, што з суда міліцыянты зноў адвезлі Хамайду яго ў РУУС, дзе на мужчыну склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол. Суд па ім пройдзе ў панядзелак.
Хамайду затрымалі 23 студзеня ў Віцебску. Пасля ператрусу актывіста перавезлі ў Першамайскі РАУС Віцебска. Там беларусу паведамілі, што на яго старонцы ў Фэйсбуку знайшлі падпіску на «забароненыя сайты».
Раней 76-гадовага віцябляніна затрымлівалі з-за вокладкі пашпарта з «Пагоняй».
***
У наваполацкай калоніі прыбралі ўсе кніжкі на беларускай мове. Пра гэта расказаў «Вясне» былы палітвязень, які цягам месяцаў знаходзіўся ў ПК-1.
«Дарэчы, цяпер з бібліятэкі вынялі ўсе беларускія творы: гэта пачалося недзе восенню 2023 года. "Палітычным" нельга чытаць Алексіевіч, напрыклад. Прыбралі Купалу, Караткевіча, Коласа.
Забралі кніжкі на замежных мовах — ангельскай, польскай, літоўскай і нават кітайскай. Пацаны пытаюцца: "А чаму нельга на кітайскай? Яны ж нашыя сябры". Ім адказваюць: "Сёння сябры, заўтра — ворагі". Усе кніжкі толькі на рускай мове"».
***
З дзясятак сілавікоў у поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць лекара анестэзіёлага-рэаніматолага медцэнтра «Ладэ». Пазней стала вядома, што гэта Цімур Лозка.
На «пакаяльным» відэа затрыманага жыхара Брэста прымусілі прызнацца ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама ў данатах тэлеграм-каналу «NEXTA».
Прапагандысты пагражаюць лекару пазбаўленнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў, паведамляюць праваабаронцы.
***
Як піша «Вясна», у Беларусі «экстрэмісцкім» прызнаны сайт і сацсеткі ўкраінскага праекта «УНИАН» (у Telegram якога больш за 800 000 чалавек). Акрамя яго, «спіс экстрэмістаў» папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Беларускае Радыё Рацыя Chat», «No Context Belarus», «Инклюзивная Польша», «Зрабi КУСЬ, каб вызвалiць Беларусь», «Post-Rudzik чат»;
- Twitter-старонкі «Nо Context Belarus», «Спадар Джыпсiнкоў», «Аnton Motolko», «Belarusian Најun project»;
- YouTube-старонка «ЧАРГОВЫ ПАДКАСТ»;
- Instagram-старонкі «belarusno», «m_for_mixacb», «belaruscats», «kastus.suprac»;
- Сайт і сацсеткі праекта «Бюро»;
- TikTok-старонкі «m_for_mixacb», «bajki atamana», «Алекс», «Николай Тико»;
- Дадатак у Google Play «Радыё Свабода RFER/RL»;
- Кнігі «Последние записи. Дневники 1945 года» (аўтар Гебельс, пад рэдакцыяй Галкіна), «Адольф Гитлер» (аўтар Толанд, пад рэдакцыяй Бязрукава);
- Facebook-старонка «Я Беларус»;
- Старонка ў «Аднакласніках» «Irina Арсенькина (Прудовская)»;
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля нечакана прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» шэраг транспартных Telegram-каналаў, частка з якіх вядзецца дзяржаўнымі ці набліжанамі да дзяржавы структурамі. Пад «забарону» трапілі Telegram-групы і чаты:
• «Транспорт ВY» (праект «IBA Group» з раскладам і маршрутамі аўтобусаў па ўсёй краіне, мае больш за 500 тысяч спампоўванняў у «Google Play»);
• «Общественный транспорт Гомеля» (чат аматараў грамадскага транспарту Гомеля);
• «Гомельский транспорт» (інфармацыя пра ўсе змены ў працы грамадскага транспарту Гомеля).
Ва ўсіх гэтых каналах і чатах абмяркоўваюцца толькі транспартныя пытанні і ніякіх палітычных тэм там не закранаецца.
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 14 чалавек — цяпер у ім 3753 прозвішчы, піша «Вясна».
2 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі Дзяніса Хахлова, якога Расія раней выдала Беларусі.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 365 дзён, Максіма Знака — 358 дзён, Мікалая Статкевіча — 357 дзён, Ігара Лосіка — 348 дзён, Віктара Бабарыкі — 284 дні, Сяргея Ціханоўскага — 213 дзён, Уладзіміра Гундара — 182 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1414 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1613 чалавек. Сярод іх — 182 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.