«Калі ўвядуць адказнасць за "дармаедства", з краіны з'едзе яшчэ больш людзей»

У гарадзенскай міліцыі выступілі з прапановай унесці папраўкі ў Адміністратыўны кодэкс і зафіксаваць у ім пакаранне за «дармаедства». У якасці прэцэдэнту спасылаюцца на практыку савецкіх часоў, калі людзі, якія не працавалі, маглі атрымаць да году пазбаўлення волі. Але наколькі такія прапановы законныя? «Белсат» спытаў пра гэта ў праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі.

scale_1200_27_logo.png.webp

Усе беларусы так ці інакш плацяць падаткі

«Калі яны [беларускія чыноўнікі] спрабуюць сказаць, што праца — гэта абавязкова, — адказвае Леанід Судаленка, — дык я раю гэтым чыноўнікам адчыніць Канстытуцыю, нават тую, якую яны ў лютым 2022 года прынялі. Там чорным па белым напісана, што праца з’яўляецца правам кожнага грамадзяніна, а не абавязкам».

На словы чыноўнікаў аб тым, што людзі, не занятыя ў эканоміцы, нібыта не плацяць падаткі ў бюджэт, праваабаронца таксама мае адказ: у нашай краіне кожны грамадзянін з’яўляецца спажыўцом, не толькі тавараў, а нават тых паслуг, якія дзяржава надае.

«Нікуды без сплаты дзяржпошліны зараз не сунешся — пачынаючы ад натарыуса і заканчваючы зямельнымі падаткамі на нерухомасць. Дый наогул: кожны спажывец, купляючы хлеб у краме, з’яўляецца ўскосным плацельшчыкам падатку на дабаўленую вартасць. Я ўжо не кажу пра акцызныя падаткі велізарныя, якія «сядзяць» у гарэлцы, у тытунёвых вырабах, у аўтамабільным паліве.

То-бок кожны грамадзянін, незалежна ад яго занятасці, уносіць свой унёсак у фінансаванне дзяржаўнага бюджэту. Таму мы, праваабаронцы, і кажам, што праца — гэта права, а не абавязак, а плацельшчыкамі падаткаў з’яўляюцца і тыя грамадзяне, якія, як лічыць дзяржава, не занятыя ў эканоміцы», — кажа праваабаронца.

Леанід Судаленка пагадзіўся з той думкай, што падобныя ініцыятывы ўзнікаюць ва ўладаў з-за недахопу кадраў. Ён адзначыў, што ўлада насамрэч павінна паклапаціцца пра тое, каб стварыць прывабныя працоўныя месцы, каб людзі не з’язджалі ў эканамічную эміграцыю. На думку праваабаронцы, да той лічбы ў 300 тысячаў палітычных уцекачоў, якую называе сама ўлада, трэба дадаць яшчэ вялікую колькасць эканамічных мігрантаў, якія выехалі з краіны, бо працы няма, а «працаваць за міску супу ў сённяшніх умовах» ніхто не хоча. Асабліва калі межы адкрытыя і варта толькі праехаць пару соцень кіламетраў на захад — і можна будзе працаваць ужо ў добрых умовах.

Уся справа ў тым, кажа Леанід Судаленка, што «палітыка бяжыць наперадзе эканомікі» ў пытанні адтоку людзей з краіны. Варта толькі звярнуць увагу на тое, што ўлада зрабіла з айцішнікмі пасля 2020 году, вымусіўшы іх уцякаць з Беларусі.


Глядзіце таксама

Усё гэта ўжо праходзілі

Таксама суразмоўца кажа пра тое, што ўсе гэтыя «дармаедскія» пытанні не з’яўляюцца чымсьці новым. Ён нагадаў, што ў 2017 годзе ўжо былі пратэсты ў сувязі з першымі спробамі ўвядзення «дармаедскага» заканадаўства.

«Усё гэта мы праходзілі. Але тады былі пратэсты. Калі ж сёння ўлада гэта зробіць [увядзе пакаранне за дармаедства ў Адміністратыўны кодэкс], то пратэстаў не будзе, таму што ўсё жывое знішчана, людзі не выйдуць на вуліцу. І сёння ўлада можа павышаць пенсійны ўзрост да 70 гадоў, рабіць усіх дармаедамі. У яе рукі развязаны. Таму што, зноў жа, гэтая фраза «не да законаў» дыктуе наратыў сённяшняй палітычнай павесткі ў Беларусі. На жаль», – кажа Леанід Судаленка.

Праўда, на думку суразмоўцы, нават у сярэдняй перспектыве ў такой палітыкі ўладаў няма ніякіх шанцаў. Так, кароткачасова яны могуць дасягнуць нейкага поспеху для сябе, але «гэта ўжо апошняе, што можна прыдумаць.

«Калі яны зробяць гэты крок, то яшчэ больш людзей паедзе ў эканамічную эміграцыю, уцякаючы ад вось такіх несправядлівых, абцяжарваючых жыццё простых беларусаў праблемаў», — падсумаваў праваабаронца.