Адказнасць за «дармаедства»? Уводзьце — вам жа за горш
У гродзенскай міліцыі вырашылі пераплюнуць сумнавядомага міністра адукацыі Іванца. Той летась анансаваў увядзенне абавязковай адпрацоўкі для студэнтаў-платнікаў. Гэтыя прапануюць зацвердзіць адказнасць за «дармаедства» — пакуль толькі адміністрацыйную.
Прапанову агучыў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзянкоў. Выступаючы 1 лютага на прэс-канферэнцыі, ён з уласцівай для лукашэнкаўскіх сілавікоў непасрэднасцю заявіў, што добра было б караць «дармаедаў» у адміністрацыйным парадку.
«Што ў гэтым дрэннага — законным шляхам прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць у першую чаргу сабе і сваёй сям'і, а па-другое — грамадству? Каб меліся сродкі да існавання», — сказаў міліцыянт. І дадаў, што МУС пасля так званых парламенцкіх выбараў пойдзе са сваёй ініцыятывай якраз да дэпутатаў, а потым яшчэ і на Усебеларускім народным сходзе маніфестуе сваю чароўную ідэю.
Цікава ўсё гэта будзе выглядаць. Міліцыя, якая не стварае аніякай дадатковай вартасці, хадайнічае перад «парламентарыямі», якія таксама не памнажаюць ВУП, а ў апошняй інстанцыі ўсё гэта чуюць 1000+ дэлегатаў УНС, у якіх рукі таксама не ў мазалях. Спытай у любога беларуса, дзе ў гэтай кампазіцыі сапраўдныя дармаеды, адказ рэжыму можа вельмі не спадабацца.
Але гэта эстэтыка. Вернемся да практыкі.
Праваабаронцы ўжо звярнулі ўвагу, што спадар Рэзянкоў, дарма (ці дзякуючы) што міліцыянт, якраз закона і не ведае. У Канстытуцыі чорным па беламу напісана, што праца — гэта права чалавека, а не абавязак. Абавязкам праца была ў СССР, дзе на «дармаедаў» сапраўды палявалі і маглі нават пасадзіць. З савецкімі практыкамі, уласна, законатворчы крэатыў гродзенскай міліцыі ўжо параўналі. Але ж — як і любая гістарычнай паралель — гэтае параўнанне небездакорнае. І справа не толькі ў законах, якія ў Беларусі фактычна не працуюць.
Справа яшчэ і ў тым, што СССР быў вялікім падводным чоўнам, з якога простаму смяротнаму не было куды падзецца. А заробкі ў большасці насельніцтва былі жабрацкімі, нават існаваў праклён, вядомы гледачам савецкага кінематографа: каб ты жыў на адну зарплату.
Карацей, калі чалавек доўгі час не працаваў, то ў тагачаснай сістэме сапраўды ўзнікала пытанне, на якія грошы ён купляе ў краме доктарскую каўбасу. Непрацоўныя даходы? «Прайдзёмце, гражданін». То-бок пры ўсім цынізме сітуацыі быў і нейкі рацыянальны разлік: а раптам гэта чалавек па начах рабуе законапаслухмяных суайчыннікаў?
Канешне, Савецкі Саюз быў таталітарнай краінай (з перыядамі адлігі), таму барацьба з «дармаедамі» часта набывала палітычнае адценне. Дастаткова згадаць гісторыю паэта Іосіфа Бродскага, якога ў 1960-х судзілі менавіта паводле пастановы «Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і вядучымі антыграмадскі паразітычны лад жыцця».
Падчас разгляду справы ў судзе адбыўся дыялог, які па ступені абсурднасці лёгка сабе ўявіць і ў Беларусі пасля 2020-га.
Суддзя: А наогул якая ваша спецыяльнасць?
Бродскі: Паэт. Паэт-перакладчык.
Суддзя: А хто гэта прызнаў, што вы паэт? Хто прылічыў вас да паэтаў?
Бродскі: Ніхто. А хто прылічыў мяне да роду чалавечага?
Суддзя: А вы вучыліся гэтаму?
Бродскі: Чаму?
Суддзя: Каб быць паэтам? Не спрабавалі скончыць ВНУ, дзе рыхтуюць... дзе вучаць…
Бродскі: Я не думаў, што гэта даецца адукацыяй.
Суддзя: А чым жа?
Бродскі: Я думаю, гэта... ад Бога...
У выніку суддзя-атэіст адправіў «паэта-дармаеда» і будучага Нобелеўскага лаўрэата на псіхіятрычную экспертызу, а потым Бродскі быў вымушаны працаваць паўтара года ў саўгасе ў Архангельскай вобласці.
Гэта, вядома, паскорыла эміграцыю Бродскага, і ён такі быў не адзіны. І ўсё ж палітычны складнік не дамінаваў у «антыдармаедскіх» трэндах савецкага часу, таму так лёгка гледачамі ўспрымалася знакамітая фраза з камедыі: «Ну, грамадзяне алкаголікі, хуліганы, дармаеды, хто хоча папрацаваць?».
Сённяшняя Беларусь пры ўсім сваім падабенстве да БССР ад свайго савецкага аналагу ўсё ж моцна адрозніваецца. І гэтага дастаткова, каб сцвярджаць: калі прапанова МУС аб адказнасці за «дармаедства» будзе ўхвалена, гэта будзе гарматны стрэл рэжыму сабе ў нагу. Таму, камон, давайце — прымайце хутчэй новаўвядзенне, вам будзе толькі горш.
Давайце ўявім, як будзе працаваць гэтая сістэма пакаранняў.
Беларусь у адрозненне ад СССР не падводны човен — людзі могуць выязджаць за мяжу і там працаваць. Што і робяць вельмі актыўна, і колькасць з’ехалых паводле эканамічных меркаванняў ідзе на сотні тысяч. Яны не сплачваюць у беларускі бюджэт падаткі, адпаведна, з’яўляюцца ў вачах лукашэнкаўскай бюракратыі якраз «дармаедамі». Пакуль за тое проста плацяць больш за камуналку. А што будзе, калі з’явіцца адмысловы артыкул у КаАП?
Паедзе дальнабойнік пасля кадэнцыі ў ЕС адпачыць на радзіму — яго што, «прымуць» на мяжы і адправяць на «суткі»? Ён адсядзіць і пабяжыць уладкоўвацца кіроўцам на малаказавод за «па піццот»? Ці задумаецца пра тое, каб забраць у Еўропу сям'ю?
Альбо вырашыць айцішнік з еўрапейскай юрысдыкцыяй наведаць бацькоў на святы — таксама прысядзе на Акрэсціна? Колькі такіх патэнцыйных «злачынцаў» можа быць, мы бачылі перад навагоднімі святамі, калі мяжу з Польшчай ледзь не паралізавалі вялізныя чэргі. Дык што, на наступны Новы год падгоняць пад Цярэспаль аўтазакі?
Адрозненне Беларусі ад СССР яшчэ і ў тым, што на адну зарплату невялікая сям’я пражыць можа. Напрыклад, сям’я бізнесоўца. Ці дасведчанага айцішніка, якія яшчэ не перавяліся ва ўчорашняй ІТ-краіне. Ці сем’і… дэпутатаў, чыноўнікаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў… Вось у гэтай лукашэнкаўскай наменклатуры жонкі дакладна скрозь працаўладкаваныя? Няма сярод іх хатніх гаспадынь — іншымі словамі, «дармаедак»? Іх таксама пацягнуць у ізалятар па прапанове гродзенскай міліцыі? Ці будуць выпісваць штраф за штрафам па прагрэсіўнай шкале? Пакуль жонка дэпутата не працаўладкуецца вартаўніком, качагарам у ЖЭС альбо шпалаўкладчыцай?
Увогуле з якога боку ні паглядзі, прапанова гэтая настолькі ідыятычная, што цяжка ўявіць нават яе лайтовы, гібрыдны варыянт, які б улічваў усе абставіны і не даваў бы цяжкіх пабочных наступстваў. І яшчэ яна надзвычай непапулярная і абуджае ўспаміны пра масавыя «антыдармаедскія» пратэсты 2017-га.
Ужо з гэтых прычын можна сцвярджаць, што «законапраект» ад Гродзенскага УУС чакае той жа лёс, які напаткаў адукацыйныя «папраўкі» міністра Іванца. Яго ціха спусцяць на тармазах, бо рэжым Лукашэнкі хоць даўно страціў мноства кампетэнцый, але інстынкт самазахавання пакуль не згубіў.