Як склаліся лёсы былых міністраў унутраных спраў?
Ведамства, створанае для барацьбы са злачыннасцю, у Беларусі ўспрымаецца як адзін з асноўных органаў пераследу за палітычнае іншадумства. Лукашэнка рэгулярна мяняе кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў. Пасля трагічнага лёсу Захаранкі ніводзін з яго наступнікаў не наважыўся аслухацца Лукашэнкі, піша «Наша Ніва».

Уладзімір Ягораў

Узначальваў міністэрства ў Савецкай Беларусі (1990) і застаўся на гэтай пасадзе па атрыманні ёю незалежнасці да 1994 года.
Да Беларусі выхадзец з КДБ Ягораў кіраваў міністэрствам унутраных спраў Латвіі, але на пасадзе прабыў толькі год (1985—1986) і быў звольнены ў сувязі з пераводам на іншую працу.
Акурат у той час пачалася гарбачоўская перабудова. Кіраўніцтва СССР мусіла дэманстраваць прыхільнасць да рэфармавання структур улады ў нацыянальных рэспубліках. Сілавое ведамства ў Латвіі, якая краінамі Захаду лічылася акупаванай, пасля Ягорава ўзначаліў латыш.
Затым Ягораў быў прадстаўніком МУС і КДБ СССР пры міністэрстве ўнутраных спраў Афганістана. У той час там ішла вайна, развязаная Савецкім Саюзам. Па вывадзе адтуль савецкіх войск (1989) Ягорава прызначылі начальнікам транспартнага ўпраўлення Міністэрства ўнутраных спраў СССР.
З гэтай пасады яго і адправілі (1990) кіраваць беларускім ведамствам.
У сваіх успамінах былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Навумчык згадваў, што Ягораў не прымаў рэпрэсіўных мераў і быў схільны да кампрамісаў.
У 1993 ён выступіў з крытыкай Кебіча, дзейнасць якога ён называў антыканстытуцыйнай, за што праз нейкі час быў адпраўлены ў адстаўку.
25 студзеня 1994 года Вярхоўны Савет адхіліў Ягорава ад кіраўніцтва ведамствам, бо той дапусціў арышт і выдачу Літве кіраўнікоў тамтэйшай кампартыі Міколаса Буракавічуса і Ёзаса Ермалавічуса, якіх на радзіме абвінавачвалі ў спробе дзяржаўнага перавароту ў студзені 1991 года. Камуністы перабывалі ў Беларусі нелегальна.
Праз паўгода Лукашэнка, стаўшы прэзідэнтам, прапанаваў Ягораву ўзначаліць КДБ.
У адстаўку сышоў у 1995-м, бо стаў дэпутатам Вярхоўнага савету 13-га склікання. Пасля рэферэндуму 1996 года з дэпутатаў, лаяльных Лукашэнку, была сфармаваная Палата прадстаўнікоў. У ёй апынуўся і Ягораў. Да 2000 года старшыняваў у камісіі па нацыянальнай бяспецы.
Затым выйшаў на пенсію. Выхадзец з Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і гаварыў па-беларуску. У яго хаце вісела «Пагоня».
Генерал-палкоўнік Уладзімір Ягораў памёр 5 кастрычніка 2016 года ад перанесенага інсульту. Яму было 76 гадоў. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Уладзімір Данько
Кіраваў Міністэрствам унутраных спраў з лютага па ліпень 1994 года.

Уладзімір Данько
Гэта былі апошнія месяцы праўлення ўрада Вячаслава Кебіча, які хацеў стаць прэзідэнтам, але пераможцам выбараў стаў Лукашэнка.
У 1994-м на Данько ледзь не завялі крымінальную справу за збіццё Лукашэнкі.
Міліцыянеры не пусцілі палітыка ў апячатаны кабінет у Вярхоўным Савеце. Яму парвалі пінжак і паставілі пару сінякоў.
Пра інцыдэнт Лукашэнка не забыў і, прыйшоўшы да ўлады, звольніў Данько. Пазней ён напіша, што між ім і Лукашэнкам «мінулыя непаразуменні знятыя».
Ад 1995-га да 1999-га Данько быў кіраўніком Акадэміі МУС.
Узначаліць навучальную ўстанову яго прапанаваў тагачасны дзяржсакратар Віктар Шэйман, які запатрабаваў ад пракурора закрыць крымінальную справу супраць Данько.
Данько прыхільна ставіўся да беларускай мовы.
У дзяцінстве ён хадзіў у школу за 9 кіламетраў, бо яна была беларускамоўнай. Казаў, што знішчэннем беларускага школьніцтва займаліся «не настаўнікі і вучні, а начальнікі вышэй». Быўшы міліцыянтам, сілавік удзельнічаў у беларускамоўных літаратурных конкурсах.
Генерал-лейтэнант Уладзімір Данько памёр у 2018 годзе. Яму было 76 гадоў.
Юрый Захаранка
Узначальваў міністэрства з 1994 па 1995 год.

Юрый Захаранка
Быў у камандзе Лукашэнкі на выбарах 1994 года, але потым расчараваўся і сышоў у апазіцыю.
У адным з інтэрв’ю Захаранка згадаў гутарку з кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам, які настойваў, што міністр мусіць выканаць любы загад прэзідэнта.
«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», — тады адказаў кіраўнік сілавога ведамства.
У кастрычніку 1995-га Захаранку не толькі звольнілі, але і панізілі ў званні з генерал-маёра да палкоўніка. Нагодай для адхілення з пасады сталі нібы фінансавыя парушэнні.
Захаранка далучыўся да Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
На альтэрнатыўных выбарах 1999 года падтрымліваў кандыдатуру былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, шмат ездзіў па краіне, выступаў.
Захаранка знік 7 мая 1999 года.
Паводле былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева і экс-сілавіка Юрыя Гараўскага, Захаранка быў скрадзены так званым «эскадронам смерці» і забіты. Ягонае цела не знойдзена. Гараўскі даводзіў, што яно было спаленае ў крэматорыі Паўночных могілак Мінска.
Сям’я Захаранкі з’ехала ў Германію, дзе атрымала палітычны прытулак. Маці Улляна Рыгораўна памерла ў 2018 годзе ва ўзросце 95 гадоў. Да канца жыцця яна працягвала чакаць сына.
Валянцін Агалец
Узначальваў ведамства з 1995 па 1999 гады.

Быў намеснікам у Захаранкі. Камандаваў Унутранымі войскамі.
Казаў, што гатовы выканаць любое даручэнне Лукашэнкі.
Агалец не прамінаў згадваць у рэдкіх інтэрв'ю (камунікаваць з журналістамі ён пазбягаў), што дзякуючы Лукашэнку ўдалося перамагчы злачыннасць, якая ўзняла галаву на пачатку 1990-х.
Агалец падтрымаў ідэю Шэймана аб стварэнні падраздзялення сілавікоў для выканання асаблівых даручэнняў.
Яно мелася «спыняць супрацьпраўную дзейнасць па-экстрэмісцку настроеных асобаў». Падраздзяленне пазней назавуць «эскадронам смерці».
Пры Агальцы на дэманстрацыях сталі выкатваць БТРы і вадамёты.
Сілавік у свой час быў паранены ў галаву, і яго падначаленыя называлі яго «генералам з куляю ў галаве».
Пасля адстаўкі Агалец быў прадстаўніком МУС пры пасольстве Беларусі ва Украіне, працаваў у Акадэміі кіравання. Узначальваў службу бяспекі мабільнага аператара Velcom. У 2012 годзе стала вядома, што ён звольніўся з гэтай пасады
Цяпер генерал-лейтэнанту Агальцу 73 гады.
Юрый Сівакоў
Кіраваў Міністэрствам унутраных спраў з 1999 па 2000 год. У гэты час пачаліся выкраданні апанентаў Лукашэнкі.

Сцвярджаецца, што па загадзе Сівакова начальнік следчага ізалятара №1 Алег Алкаеў выдаваў кіраўніку спецпадраздзялення Дзмітрыю Паўлічэнку пісталет, якім забівалі асуджаных да смяротнага пакарання. Ім жа забівалі выкрадзеных палітыкаў.
Сівакоў казаў, што нясе віну за зніклых палітыкаў, а людзі ставяцца да яго, як «да чалавека бранябойна-тупагаловага, гатовага шчоўкнуць абцасамі і выканаць любы загад».
Па адстаўцы Сівакоў працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі, быў міністрам спорту і турызму. Выкладаў крыміналогію ў Мінскім інстытуце кіравання, быў у ім прарэктарам.
Цяпер ён старшыня Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецназа МУС «Честь». Яму 77 гадоў.
Уладзімір Навумаў
Кіраваў міністэрствам з 2000 па 2009 гады.

Да ўзначалення сілавога ведамства Навумаў год узначальваў службу бяспекі Лукашэнкі.
Супраць яго дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза.
Былога міністра падазраюць у датычнасці да знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
За дзевяць год знаходжання на міністарскай пасадзе Навумаў перажыў дзве прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі (2001, 2006). Пры ім разагналі Плошчу-2006 і пасадзілі экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
У 2008-м у Мінску на ўрачыстасці афіцыйнага Дня незалежнасці адбыўся тэракт. Распачатая крымінальная справа была пад кантролем Навумава.
Вынікамі расследавання Лукашэнка быў незадаволены, і ахвярным казлом стаў міністр унутраных спраў.
Не выключана, што ў адстаўку Лукашэнка адправіў Навумава, бо акурат у той час пачалося пацяпленне адносінаў афіцыйнага Мінска з краінамі Захаду. Была запушчана праграма «Усходняе партнёрства». Звольніўшы Навумава, Лукашэнка разлічваў, што Захад успрыме адстаўку сілавіка за пазітыўны крок у наладжванні дыялогу.
Па адстаўцы ў Навумава засталася толькі пасада кіраўніка Федэрацыі хакея.
Былы міністр з’ехаў у Маскву. Працаваў у канцэрне «Растэхналогіі», які займаецца вырабам высокатэхналагічнай зброі.
У 2014-м атрымаў ордэн Айчыны ІІІ ступені за правядзенне ў Беларусі Чэмпіянату свету па хакеі.
Цяпер Навумаву 67 гадоў.
Анатоль Куляшоў
Кіраваў міністэрствам з 2009 па 2012 гады.

Куляшоў аддаваў загад на разгон Плошчы ў 2010 годзе. Пазней ён заяўляў, што яму не сорамна за свае дзеянні, бо яны былі «ў рамках закона, у рамках сваіх паўнамоцтваў, якія ні на ёту не перавысіў».
За разгон плошчы Куляшову Лукашэнка павысіўся яго ў званні да генерал-лейтэнанта.
Куляшоў распарадзіўся, каб на апазіцыйных акцыях міліцыянты працавалі ў цывільным. З таго часу практыка выкарыстоўваць ціхароў стала звыклаю.
Калі адбыўся тэракт у метро, Куляшоў заявіў, што трое затрыманых прызналі віну і адзін з іх меў дачыненне да тэракту 2008 года.
Куляшоў у спісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.
Сілавік унесены туды за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і здушэнне пратэсту 19 снежня 2010 года. Нягледзячы на санкцыі, у 2012 годзе Куляшоў пабываў з візітам у Францыі на запрашэнне Інтэрполу.
Былі паведамленні, што там яго затрымалі на пазоў французскага адваката Уільяма Бурдона, які дзейнічаў ад імя ініцыятывы Free Belarus Now. Яна была заснаваная сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, арыштаваных падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года. Французская пракуратура не стала пераследаваць беларускага чыноўніка.
Неўзабаве па вяртанні з Францыі Куляшоў сышоў у адстаўку па стане здароўя. У яго выявілі рак.
Па звальненні з міліцыі Куляшоў уладкаваўся дарадцам у выканаўчы камітэт СНД.
У 2018 годзе экс-сілавік быў прадстаўніком Савета міністраў унутраных спраў пры выканаўчым камітэце СНД.
Анатолю Куляшову цяпер 64 гады.
Ігар Шуневіч
Узначальваў міністэрства з 2012 па 2019 гады.

Шуневіч скончыў міліцэйскую акадэмію. Служыў на розных пасадах у органах МУС. У 2007-м быў намеснікам начальніка УУС Мінскага аблвыканкама. Потым яго прызначалі ў КДБ кіраваць следчым упраўленнем.
Ён сцвярджаў, што паміж МУС і КДБ не існуе вайны, а ўсе такія размовы — гэта інтрыгі.
Шуневіч знакаміты сваімі неардынарнымі заявамі і ўчынкамі.
Пра геяў гаварыў, што «яны дзіравыя», а на афіцыйныя імпрэзы зʼяўляўся ў форме НКВД. Прыдумаў, як пакараць падлетка, які даў поўху скульптуры гарадавога. Хлопца прымусілі выбачацца перад помнікам і міліцыянтамі.
Сам Шуневіч адмовіўся выбачацца перад цыганамі, якіх масава затрымлівалі пасля загадкавай смерці магілёўскага міліцыянта ў 2019-м. Пазней высветлілася, што хлопец сам на сябе наклаў рукі.
Шуневіч быў адным з аўтараў дэкрэта «Аб дармаедах», які выклікаў масавыя пратэсты ў 2017 годзе.
Шуневіч з сынам Лукашэнкі — Віктарам — ганяе на байках.
Паводле Шуневіча, ён сам папрасіў Лукашэнку аб адстаўцы, бо пачаў разумець, «што трэба забяспечваць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў». Афіцыйна Шуневіча звольнілі па згодзе бакоў.
У 2020 годзе Шуневіч стаў генеральным дырэктарам хакейнага клуба «Дынама», дзе да гэтага быў старшынём назіральнай рады.
Праз год заўзяты паляўнічы ўзяўся кіраваць Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў.
Цяпер генерал-лейтэнанту ў адстаўцы Шуневічу 56 гадоў. Для беларускага чыноўніка з такім досведам — гэта не ўзрост для адпачынку.
Юрый Караеў
Узначальваў ведамства з 2019 па 2020 год.

У адстаўку быў адпраўлены, калі была збіта актыўная хваля пратэстаў пасля выбараў 2020 года.
Да прызначэння на пасаду міністра Караеў сем гадоў камандаваў унутранымі войскамі.
У снежні 2019-га ён заяўляў, што міліцыя будзе пазбаўляцца іміджу карнага органа.
Аднак усяго праз паўгода прадстаўнікі яго ведамства затрымлівалі і збівалі ўдзельнікаў пратэсту, што сам Караеў пацвярджаў.
13 жніўня 2020 года міністр у эфіры тэлеканала АНТ выбачаўся за траўмы выпадковых людзей на вулічных акцыях пратэсту.
Лукашэнка заявіў, што выбачэнне не было з ім узгодненае і наагул выбачацца не было за што.
У кастрычніку 2020-га страціў пасаду ды пайшоў у памочнікі Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці.
За дзень да адстаўкі Караеў спрабаваў апраўдацца за свае выбачэнні, гаворачы, што з мірных пратэстаў пачынаецца разбурэнне дзяржавы, а пратэстоўцам «прынцыпова і спакойна далі адпор».
Пазней ён заяўляў, што «любы бунтаўшчык, паўстанец, пратэстун, рэвалюцыянер — гэта прыхільнік цёмнай сілы».
Цяпер генерал-маёру Караеву 57 гадоў.
Іван Кубракоў
Кіруе міністэрствам з 2020 года і дагэтуль.

Кубракоў ужо напачатку лета 2020-га апраўдваў жорсткія затрыманні мінчукоў іх агрэсіўнымі паводзінамі.
Кубракоў сцвярджаў, што ў жніўні 2020 года яго сямʼя апынулася пад атакай грамадства. У той час ён узначальваў мінскую міліцыю.
Актыўнасць галоўнага міліцыянера сталіцы не засталася па-за ўвагай Лукашэнкі.
Кубракоў палохае правакацыямі, а беларусам, якія выехалі за мяжу, абяцае, што іх дастануць, але могуць быць паблажкі для тых, хто звернецца ў камісію па вяртанні.
Кубракоў ужо некалькі разоў трапляў пад жорсткую крытыку Лукашэнкі. Пры ім неаднаразова публікаваліся злівы размоў сілавікоў.