«Вярнуўся ў Беларусь, каб выступіць супраць вайны». Гісторыя баранавіцкага інжынера
Былы палітвязень з Баранавічаў Ігар Фёдараў у 2020 годзе ладзіў пратэсныя акцыі на прадпрыемстве, за што быў звольнены з авіярэмонтнага заводу. Ігар распавёў «Вясне», як аб’ядноўваў завадчан на акцыі салідарнасці, як у пачатку вайны ўкраінцы пазычылі яму грошай на квіток у Беларусь, як суддзя 40 хвілін зачытвала ўсе яго спартовыя заслугі, а таксама як камера ШІЗА ад холаду і стомы пераўтвараецца ў «карцінную галерэю».
Былы палітвязень з Баранавічаў Ігар Фёдараў у 2020 годзе ладзіў пратэсныя акцыі на прадпрыемстве, за што быў звольнены з авіярамонтнага заводу. Пасля ператрусу і пагрозы затрымання з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. А з пачаткам поўнамаштабнай вайны напісаў каментарый у сацсетках пад прамовай Лукашэнкі і вярнуўся ў краіну, каб удзельнічаць у антываенных акцыях. Мужчыну асудзілі за "абразу Лукашэнкі" на два гады калоніі. Ён цалкам адбыў тэрмін і зноў з’ехаў у Польшчу.
Пратэсты на авіярамонтным заводзе
Ігар Фёдараў сем гадоў адпрацаваў інжынерам-механікам на авіярамонтым заводзе ў Баранавічах. Калі на паслявыбарчыя пратэсты ў 2020 годзе пачалі выходзіць завадчане іншых прадпрыемстваў, калега Ігара сказаў, што трэба таксама аб’ядноўвацца. Так мужчына вырашыў арганізоўваць супрацоўнікаў і выходзіць на акцыі пратэсту каля завода. Ён збіраў подпісы аб прызнанні прэзідэнцкіх выбараў сфальсіфікаванымі. Цягам тыдня пасля пачатку пратэстаў штодзень ладзіў пратэсныя акцыі каля завода. З неабыякавых завадчан сфармаваў актыў пратэстоўцаў.
«У пікавыя моманты ў мітынгу ўдзельнічала каля 150 чалавек. Праз тыдзень пасля нашых пратэстаў прыехала міліцыя і на нас усіх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваннай акцыі пратэсту. Мяне аштрафавалі на 540 рублёў».
Ігар апублікаваў сабраныя подпісы супраць сфальсіфікаваных выбараў на сайце партала Intex-press. А таксама даслаў ліст са спісам падпісантаў мэру Баранавічаў. Праз пару дзён на завод прыйшлі сілавікі і пачалі апытваць усіх падпісаўшыхся, бо кіраўніцтва прадпрыемства даслала ў міліцыю запыт даць прававую ацэнку дзеянням мужчыны.
«Мне прыйшло апавяшчэнне, што крымінальная справа аб “службовым падлогу” ў дачыненні да мяне спыненая. Праз гэта я даведаўся, што яе ўвогуле хацелі завесці па нейкай надуманай прычыне. Але замест крыміналкі на мяне завялі адміністрацыйную справу нібы аб самаўпраўстве. Быццам я не мог прадстаўляць меркаванне калектыва прадпрыемства. На гэты раз мяне аштрафавалі на 5 базавых велічыняў».
Калі завадчанін сышоў у адпачынак, яму заблакавалі пропуск на завод. А па выхадзе на працу ўручылі апавяшчэнне аб непрацягненні кантракту, які сканчваўся праз месяц.
«У 2020 годзе я стварыў групу ў Вайберы. У ёй было 500 завадчан з 2000 усіх супрацоўнікаў прадпрыемства. Там публікавалі інфармацыю пра пратэсныя акцыі. З яе я выдаліўся, калі да мяне прыйшлі з вобшукам».
Пасля забойства Рамана Бандарэнкі Ігар з калегамі зноў выйшлі на пад сцены завода. Праз пяць хвілін прыехала міліцыя і акцыю разагналі. Усіх выклікалі на прахадную, дзе ўжо чакаў міліцэйскі бусік.
«Нас усіх адвезлі ў РАУС. Я быў адзіны з энерга-механічнага аддзелу. Усімі астатнімі ўдзельнікамі мітынгу была завадская інтэлегенцыя: начальнік бюро, вядучыя інжынеры і іншыя. Мяне арыштавалі на 7 сутак, а іншым калегам прызначылі штрафы».
«Лепшаму інжынеру-механіку авіярамонтнага завода»
Агулам з перапынкамі Ігар прапрацаваў на прадпрыемстве сем гадоў.
«Афіцыйна маё звальненне выглядала як непрацягненне кантракту. Ад першага снежня 2020 я больш не працаваў на заводзе. Калектыў добра мяне правадзіў. Калегі далі развітальны ліст са словамі «Лепшаму інжынеру-механіку авіярамонтнага завода».
Калі мужчына спытаў кіраўніцтва аб прычынах звальнення, то ў адказ толькі пачуў: «Ну вы ж самі ўсё разумееце».
«У сакавіку 2021 года да мяне прыйшлі з вобшукам. Нібы я быў патэнцыйным сведкам злачынства, якое здарылася 9 жніўня 2020 года ў Баранавічах – хтосьці штосьці падпаліў. Зразумела, гэта была фармальнасць, каб прыйсці па мяне і забраць у мяне тэхніку».
Ад’езд і вяртанне
У жніўні таго ж года Ігар з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Там мужчына працаваў у розных месцах: на складзе, будоўлі, у таксі.
З пачаткам поўнамаштабнай вайны Ігар не застаўся ў баку, а пачаў рашуча дзейнічаць.
«Я жыў у інтэрнаце з украінцамі. У той дзень яны ўсе тэлефанавалі сваім родным. Але ніхто з украінскіх суседзяў мяне не асуджаў за тое, што з Беларусі ляцяць расійскія ракеты. Усе ведалі гісторыю майго змагання і прычыны ад’езду з Беларусі.
Днём я прачытаў у навінах заяву Лукашэнкі, што Беларусь не саўдзельнічае ў вайне, але калі будзе трэба, далучыцца. Я не вытрымаў і на эмоцыях выказаў у сваім Instagram абурэнне і нязгоду».
Таксама Ігар бачыў у сацсетках шмат каментароў украінцаў, кшталту, «беларусы, калі вы супраць вайны, чаму вы не выходзіце на вуліцу і не супрацьстаіце?».
«Тады я вырашыў, што паеду ў Беларусь і там далучуся да пратэсных акцый. У мяне не было пэўнага плану. Я проста прыняў рашэнне, што я еду і ўсё. На той момант я яшчэ не атрымаў заробак. Таму грошы на дарогу пазычыў у суседа-ўкраінца. Ён мяне нават адгаворваў ад паездкі».
У дарозе Ігар быў 12 гадзін. Толькі на мяжы ён падумаў аб тым, што яго могуць затрымаць наўпрост там і вяртанне акажацца дарэмным.
«Я падумаў, што ніхто нават не даведаецца, што я вярнуўся, каб змагацца. Тады на польска-беларускай мяжы я напісаў пост у Instagram, дзе патлумачыў сваю пазіцыю і намер вярнуцца».
Падчас памежнага кантролю мужчыну зладзілі асабісты дагляд цягам дзвюх гадзінаў, але тады адпусцілі.
«Па рацыі перадалі "Фёдараў тут". Затрыманне
Ігара затрымалі каля выбарчага участку падчас выбараў на рэферэндуме 2022 года.
«Каля ўчастку я сустрэў знаёмых на машыне, з якімі мы паехалі шукаць месца збору на антываенную акцыю. Недалёка ад нас каля суседняй школы ўжо стаяў натоўп з плакатамі, да якога мы і далучыліся. Сярод пратэстоўцаў была бабуля з плакатам «Украіна пераможа». Неўзабаве пад’ехала міліцыя. Я пачуў, як па рацыі перадалі «Фёдараў тут». Мяне і бабулю з плакатам адразу затрымалі, а астатнім загадалі разыхоходзіцца. Як толькі рэшта пратэстоўцаў пачала сыходзіць, затрымалі і іх».
Мужчыну адвязлі ў РАУС, дзе супрацоўнікі сказалі яму, што ведалі аб яго прыездзе.
«Напэўна, гэтыя шэрлакі холмсы з баранавіцкай міліцыі падпісаныя на мяне ў Instagram і бачылі допіс аб вяртанні», – іранізуе ён.
Міліцыянты спыталі Ігара, як ён прагаласаваў на рэферэндуме.
«Я адказаў, што прагаласаваў так, як раілі нашыя. Тады адзін мент сказаў, што мне пагражае крыміналка нібы за зрыў рэферэндума. На што ягоны калега са здзекам адказаў, што на мяне ўжо і так завялі справу».
Спачатку Ігар гадаў, па якім артыкуле на яго завялі крымінальную справу. Яшчэ перад вяртаннем у Беларусь, калі той быў у Кракаве, Ігару перадалі, што па яго прыходзілі сілавікі.
«Я меркаваў, што ў іх на мяне даўно штосьці ёсць. Бо яшчэ ў 2020 годзе мяне выклікалі ў Брэсцкі ГУБАЗіК і тыкалі фотаздымкам з пратэстаў, дзе я стаю на праезнай частцы. Але тады я застаўся на волі».
Але ў выніку палітвязня абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі.
«Мне паставілі ў віну мой каментар у бок Лукашэнкі, які я напісаў у дзень пачатку вайны. У Следчым камітэце перада мною паклалі раздрукоўку з Instagram. А мая адвакатка адразу параіла рыхтавацца да дзвюх гадоў калоніі», – распавядае мужчына.
«Палову тэрміну не мог сабе дараваць, што раскаяўся»
Тры месяцы да суда Ігар правёў у Баранавіцкім СІЗА, дзе яго паставілі на прафулік як «схільнага да экстрэмізму».
«На судзе я пайшоў насустрач сваякам і вырашыў сказаць, што раскайваюся, аб чым потым шкадаваў і адчуваў нібы сабе здрадзіў. Палову тэрміну я не мог сабе гэта дараваць, было сорамна».
«Выпускны за палову жыцця»
«У заключэнні суддзі прадаставілі ўсе мае граматы. Я майстар спорту па самба і дзюдо, удзельнічаў у спаборніцтвах па армрэслінгу і гіравым спортце. А таксама браў удзел у самадзейнасці завода – спяваў у гурце. Нават маю трэці дарослы разрад па шахматах. Суддзя зачытвала ўсе мае граматы цягам 40 хвілінаў. Пасля гэтага я троху паверыў, што мне дадуць "хімію", а не калонію. На абвяшчэнне прусуду прыйшлі мае сваякі і блізкія. Я ўяўляў, як абдыму іх».
Але ані яго «чыстасардэчнае раскаянне», ані пералік спартовых заслугаў не паўплывалі на тэрмін, і Ігара асудзілі на два гады калоніі.
Апеляцыйны суд пакінуў прысуд без зменаў, і мужчыну накіравалі ў Магілёўскую калонію № 15.
«У СІЗА казалі, што ў калоніі дазволены званкі родным, можна больш камунікаваць з блізкімі. Таму ў "лагер" я прыехаў з добрым настроем і спадзевам на больш лёгкае жыццё там. Але аказалася, што ў калоніі зусім ня так».
Праграма «экстрэміста»
Мужчына расказвае, якая праграма чакае кожнага «экстрэміста» ў калоніі.
«Па прыездзе ўсіх палітычных са старта "закрываюць" у ШІЗА ў адзіночную камеру. Мне па надуманай прычыне выпісалі парушэнне.
Падчас відэалекцыі супрацоўнік адміністрацыі раптоўна цябе выклікае да начальніка карантыну пры гэтым моцна прыспешвае. Ты ідзеш у чым апрануты, а менавіта ў тапках. Заходзіш у кабінет, а начальнік карантыну кажа, што ў тапках хадзіць да яго забаронена, бо гэта неўстаноўленая форма адзення. Вось за такія "парушэнні" і адпраўляюць у ШІЗА».
Першы раз Ігара адправілі ў ШІЗА на 10 сутак.
Амаль увесь час карантыну мужчына прасядзеў у ШІЗА. Ігар мяркуе, што можа гэта і да лепшага, бо гэты час адзін з найгоршых у калоніі.
«Цябе там муштруюць. Пастаянныя прыборкі, дзяжурствы, стаянні на лекцыях. У параўнанні са знаходжаннем у атрадзе там нашмат цяжэй».
«Камера ШІЗА пераўтварылася ў карцінную галерэю»
Але час у ШІЗА быў таксама цяжкім.
«Мяне там пазбавілі ўсяго: пасылак, перадач, спатканняў. І зрабілі злосным парушальнікам. Да іх не прымяняецца амністыя, умоўна-датэрміновае вызваленне і змена рэжыму на больш мяккі. Твой крымінальны артыкул становіцца, як кажуць у калоніі, "званкавым". То-бок, ты сядзіш ад званка да званка, роўна столькі, колькі напісана ў цябе на бірцы на грудзях.
Першыя пяць сутак у ШІЗА быў час падумаць і пабыць сам-насам з уласнымі думкамі. Бо ў СІЗА моцна бракавала асабістай прасторы. У далейшы час было цяжка. У камеры ты проста ўвесь час ходзіш. Такое перасоўванне там называюць «тапаціць». То-бок, няспынна перасоўвацца з кута ў кут. Вось і я там увесь час «тапаціў».
А на сёмыя суткі ад моцнай стомы камера пачала пераўтварацца нібы ў карцінную галерэю, параўноўвае Ігар.
«У аблупленай тынкоўцы я пачаў бачыць сілуэт слана, а ў сантэхнічным калене пад ракавінай і анучы на ім – галаву дзеда з барадой. Я губляўся ў часе і не разумеў дакладна, калі мяне мусяць выпусціць. Час вызначаў паводле "падарожжа" сонца па камеры скрозь краты. Калі яно даходзіла да лаўкі, было дзве гадзіны дня, а калі кранала сцену, то было недзе тры з паловай гадзіны, а значыць хутка мусіла пачацца вячэра».
У пэўны момант мужчына пачаў думаць, што так ён будзе сядзець увесь свой тэрмін – паўтара года. Але неўзабаве яго выпусцілі.
У атрад Ігар перайшоў з цвёрдым перакананнем, што цяпер яго ўвесь час будуць усяго пазбаўляць і караць за розныя дробязі.
54 рублі заробку за 1,5 года калоніі
На прамзоне Ігар рабіў з дрэва разнастайныя скрыні і паддоны.
«Там я паўтара года забіваў розныя цвікі ў рознае дрэва. Гэтая праца добрая тым, што можна штодзень хадзіць у душ. Не на кожнай працы ў калоніі такое магчыма.
Праца была вельмі манатонная. Каб было псіхалагічна лягчэй, я расцэньваў працу як кардыёнагрузку. Усе працоўныя аперацыі я давёў да аўтаматызму, мозг быў вольным ад гэтых паддонаў і можна было падчас працы, як кажуць на жаргоне, "ганяць думкі" – разважаць аб сваім».
Аднойчы Ігар атрымаў 15 рублёў заробку. Гэта было выключэнне. У сярэднім ён зарабляў ад двух да пяці рублёў у месяц. Іх можна было выдаткаваць на "атаварку", набыць штосьці ў мясцовай краме. Але Ігару як “злоснаму парушальніку” скарацілі суму "атаваркі" з шасці да дзвюх базавых велічыняў у месяц.
«Калі ў сярэднім у месяц мне плацілі 3 рублі, то за 18 месяцаў калоніі я атрымаў прыкладна 54 рублі заробку», – падлічвае Ігар.
Другая адпраўка ў ШІЗА. Балаклава з ручніка
Другі раз Ігар патрапіў у ШІЗА ўжо пасля карантыну за тое, што выказаў сваю нязгоду з новымі правіламі галоўнаму па спальным памяшканні.
«Мяне выклікалі ў адміністрацыю калоніі, дзе я павітаўся і пачаў паводле правілаў рабіць даклад. Замест гэтага мне загадалі сесці і пісаць тлумачальную. Я ўдакладніў прычыну. Мне сказалі "За тое, што не павітаўся і не зрабіў даклад". Гэта каб было зразумела, за што там адпраўляюць у ШІЗА».
Другі раз мужчыну зноў адправілі ў ШІЗА на 10 сутак. Гэты раз быў значна больш складаным, бо быў канец лістапада, на вуліцы ўжо быў мароз, а ў камеры вельмі халодна.
«Дзякуй богу, гэтым разам нас было ў камеры трое. Але было дзіка халодна. Днём было нармалёва, бо тапілі батарэі. Ноччу надзірацелі адчынялі на "прадоле" вокны і ўсё цяпло за паўгадзіны выдзьмувала ледзяным ветрам. Камера астывала градусаў да 10. Мы былі апранутыя ў так званую "сцякляшку" – тонкую форму з сінтэтычнай тканіны з надпісам на спіне ШІЗА».
«Госпадзі, лепш бы адбою не было»
У якасьці падушкі Ігар выкарыстоўваў туалетную паперу. А галаву ноччу замотваў ручніком, канцы якога затыкаў пад робу, каб дадаткова прыкрыць шыю.
«Я надыхіваў у ручнік і цяплом дыхання саграваў твар, нос і вушы. Гэта як балаклава, толькі твар цалкам закрыты. Калі не заснеш у першыя пяць хвілін, то ад холаду не будзеш спаць усю ноч. Хіба толькі кароткімі адрэзкамі сну па 10-15 хвілін атрымлівалася адпачыць».
Па абуджэнні можна было кароткі час па чарзе пагрэцца на батарэі і заснуць. Але праз 15-20 хвілін холад зноў будзіў, кажа мужчына.
«Гэта было сапраўднае катаванне. Як толькі набліжаўся адбой я думаў "Госпадзі, лепш бы яго ўвогуле не было"».
Падтрымка сям'і дапамагла перажыць гэты час
Мужчына кажа, што ні аб чым не шкадуе і падводзіць уласныя вынікі жыцця ў калоніі.
«Улады "скралі" у мяне два гады жыцця. Але, нягледзячы на ўсе цяжкасці і нягоды, гэты час не прайшоў дарма. Я займаўся самаразвіццём і палепшыў сваю фізічную форму. У няволі прачытаў 50 кніг. Па выхадзе з ШІЗА я кінуў паліць і дагэтуль трымаюся. А таксама актыўна займаўся спортам і схуднеў з 160 да 100 кілаграмаў. Падтрымка сям’і і блізкіх вельмі дапамагла мне перажыць гэтыя два гады. Хачу асобна падзякаваць Аляксею Субатовічу, беларускаму актывісту з Кракава, які дапамог мне з пераездам у Польшчу і адаптацыяй.
Калі павярнуць час назад, я б паступіў гэтаксама».
Па вызваленні Ігар з’ехаў з Беларусі і цяпер жыве ў Польшчы, дзе займаецца пытаннямі легалізацыі і пошукам працы.