«Мама, я што — больш ніколі не ўбачу бабулю?»

«Я заплюшчваю вочы і бачу, як мама налівае мне суп, адчуваю яго водар, і нават, здаецца, смак. Адчуваю цеплыню маміных рук, яе пах, такі прыемны і знаёмы, такі родны. Гэта не сон, хаця часам мне сніцца, што я зноў дома», — на вачах Вольгі з’яўляюцца слёзы, голас пачынае дрыжаць.

Таццяна Рытус з унукам Платонам. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Таццяна Рытус з унукам Платонам. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус


Вольга Рытус пасля амаль 4 месяцаў за кратамі выехала з Беларусі, яна не можа вярнуцца і не можа абняць сваю маму, бо мама асуджаная да хатняй «хіміі» і цяпер не можа выехаць з краіны.

Мне невыносна чуць пытанні сваіх дзяцей, якія сумуюць па бабулі і дзядулю і пытаюцца, калі змогуць іх пабачыць. А ты не ведаеш, што адказаць, бо сама ўжо развалілася ад гэтых пытанняў. У мяне ўжо немаладыя бацькі, але я зрабіла выбар на карысць дзяцей, — расказвае Вольга, а я ведаю, што гэты выбар даўся ёй нялёгка.


Суддзя Юлія Блізнюк прыгаварыла Вольгу да 3 гадоў хатняй «хіміі». Здавалася б, у сённяшніх умовах такі лайтовы варыянт. Вольга і сама так лічыла ды не збіралася нікуды ехаць. Але… Пасля вынясення прысуду яна некалькі месяцаў не магла забраць свой пашпарт. А пашпарт патрэбны, каб вырашаць працоўныя пытанні (у Вольгі быў свой бізнес), перавесці малодшага сына з гімназіі ў іншую школу (у гімназіі сказалі, сын асуджанай за палітыку не надта ім падыходзіць), дый нават для таго, каб аднавіць банкаўскую картку і пачаць неяк уладкоўваць сваё жыццё і жыццё малодшага сына.

Але суддзя Блізнюк пашпарт аддаваць адмовілася, не дапамаглі звароты ў пракуратуру, Вярхоўны суд.

Апошняй кропляй стала мая размова са старшынёй Фрунзенскага суда. — працягвае Вольга. — Я прыйшла да яе на прыём і прасіла выдаць хаця б даведку, якая б пацвярджала маю асобу, бо я не магла перавесці сына ў школу па месцы жыхарства, а хутка ўжо павінен быў пачацца навучальны год. Яна мне сказала: «Вы бачылі сваю справу? Калі вы не можаце ўладкаваць сваё дзіця ў школу, то ў нас цудоўная дзяржава, якая зможа пра яго паклапаціцца». Пасля гэтых словаў я зразумела, што яны могуць адабраць у мяне сына… І вырашыла з'язджаць. Тым больш, што мой старэйшы сын ужо вучыўся за мяжой. І таксама не можа вярнуцца, ГУБАЗіК увесь час пагражаў мне, што як толькі сын прыедзе, яго адразу затрымаюць.


Вольга змагла выехаць разам з сынам. І ўжо 6 месяцаў жыве ў Беластоку. Сын вучыцца ў польскай школе. Вольга ў палецыяльнай, каб атрымаць запатрабаваную прафесію і знайсці добрую працу. Яна нарэшце можа не хвалявацца за сыноў. Але кожны дзень прачынаецца і засынае з думкамі пра бацькоў.

Асабліва пасля таго, як адным ранкам з мамінага нумару патэлефанаваў Мікалай Талчкоў з ГУБАЗіК і сказаў, што яны забіраюць маму, і калі Вольга хоча, каб яе выпусцілі, то павінна вярнуцца ў краіну. У якім стане была Вольга, зразумеюць толькі тыя, хто кожны дзень чакае званка ад сваіх родных у Беларусі, каб пачуць, што з імі ўсё добра. Некалькі разоў яна сапраўды парывалася сесці ў машыну і ехаць на мяжу.

— Увесь мой свет рухнуў, калі затрымалі маму, — расказвае Вольга. — Я хацела сесці ў машыну і проста пратараніць мяжу, імчаць, ламаць усё, крычаць… Бо тое, што адбываецца з табой — нішто ў параўнанні з тым, што адбываецца з тваімі роднымі. Ад бездапаможнасці, ад таго, што ты не можаш нічога зрабіць, каб іх выратаваць, хочацца выць. І ты нават не можаш пастаяць ля сценаў турмы… Гэта нейкая яма вар’яцтва была. Каб не было побач малодшага сына, дзеля якога я павінна была ўзяць сябе ў рукі, не ведаю, што б было. Я гатовая была вярнуцца. Хаця галавой разумела, што ўсё роўна не ўбачыла б маму, не змагла б ёй дапамагчы.

Вольга з маці і сынамі. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Вольга з маці і сынамі. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус


А 67-гадовую маму адправілі на Акрэсціна. На яе завялі крымінальную справу па народным ужо артыкуле 342. Пасля 10 сутак на Акрэсціна да суда выпусцілі дадому. У выніку далі два гады хатняй «хіміі».

Усе тыя дзесяць сутак мама на падлозе перапоўненай камеры Акрэсціна з жахам думала пра тое, што Вольга сапраўды надумае вярнуцца.

— Я ж чула, што ёй казалі па тэлефоне, і ведаю Вольгу. Разумела, як яна будзе хвалявацца за мяне, за хворага бацьку, які застаўся ў доме, калі мяне забралі. Я вельмі баялася, што яна не вытрымае і вернецца. І пачнецца новы круг пекла. Для маці самае цяжкае ведаць, што тваё дзіця пакутуе і ты не можаш нічым дапамагчы, — расказвае Таццяна Рытус. — Зараз, канечне, прыгнечвае тое, што я не магу пакуль абняць дачку, унукаў. Але я радуюся, што яны ў бяспецы. Перад маім судом Платон мне казаў: «Бабулечка, ты заўтра абавязкова вернешся дадому. Я гэта ведаю. І мы з табой яшчэ абавязкова сустрэнемся». Ён, канечне, быў вельмі рады, калі на наступны дзень мы змаглі паразмаўляць. Шкада, канечне, што мы не можам быць побач, не можам абняць адно аднаго… Але гэта абавязкова адбудзецца, веру ў гэта і дачакаюся.

Платон з бабуляй. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Платон з бабуляй. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

— Платон вельмі цяжка перажываў закратаванне бабулі. Ён плакаў і ўвесь час казаў: «Мама, бабуля ж старэнькая, яна там памрэ. Там жа халодна, яна можа захварэць. Мама, я што — больш ніколі не ўбачу бабулю?» — Вольга не можа стрымаць слёз.

— Вельмі цяжка было прыняць, што я не магу вярнуцца дадому. Асабліва тое, што гэта можа быць надоўга. Калі ты з’язджаеш, то думаеш — гэта ненадоўга, мозг адмаўляецца прымаць тое, што чаканне можа расцягнуцца па часе. Я пакуль не дазваляю сабе думаць пра тэрміны. Мінулай вясной, калі была за кратамі, я так сумавала па возеры на лецішчы, па доме маёй мамы. Я так люблю наш бэз… Мне ў СІЗА даслалі фота з Батанічнага сада. І я так марыла пра тое, што наступнай вясной убачу бэз у Батанічным садзе. А тут вось таксама квітнеў бэз, яго тут шмат, ён такі прыгожы, але чужы…

Праз металічныя «вейкі» акна маёй камеры на Валадарцы было бачна два дзьмухаўца. Я назірала, як яны раслі, і пісала пра гэта ў лістах родным. Вясной у Беластоку я ўбачыла поле дзьмухаўцоў. І мяне накрыла. Я зразумела, як моцна хачу бачыць дзьмухаўцы дома.

Вольга Рытус. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Вольга Рытус. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Я пакуль нібыта стаўлю заслону, каб не думаць пра маіх родных там, у Беларусі. Напэўна, каб не ўвальвацца ў той боль, ад якога часам немагчыма дыхаць. Мяне вельмі пужаюць званкі з дому… Я хвалююся за здароўе мамы і таты. У маёй сяброўкі памерла мама, а яна нават не магла паехаць з ёй развітацца. Мы ўсе тут моцна перажывалі за яе, але ў гэты момант кожны падумаў пра сябе.

Мне невыносна чуць пытанні дзяцей, якія сумуюць па бабулі з дзядулем і пытаюцца, калі мы ўбачымся. А ты не ведаеш, што адказаць, бо сама ўжо проста развальваешся ад гэтых пытанняў.

Здаецца, усё б зараз аддала, каб проста ўзяць маму за руку. Вельмі страшна асэнсоўваць, што, магчыма, я ніколі не змагу гэтага зрабіць…

Тата і мама на ганку свайго дома. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Тата і мама на ганку свайго дома. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Мой малодшы сын, мой мудры хлопчык, кажа мне: «Бабуля ж не памерла, значыць, мы абавязкова ўбачымся». І ты хапаешся за нітачкі, каб утрымацца, каб не зваліцца ў яму вар’яцтва. Вучышся задавольвацца тым, што ёсць, і быць за гэта ўдзячнай. Мой сын стаў такім дарослым за гэтыя два з лішкам гады. Хаця яму ўсяго толькі 13. Я часта думаю, што пазбавіла яго дзяцінства...

Вольга часта ўяўляе сабе, як вернецца дадому, што будзе рабіць.

— Я разуюся, мне чамусьці падаецца, што будзе вясна, будзе цёпла, і басанож пайду па сваёй траве ля дома. Абдыму маму, буду дакранацца да яе, удыхаць яе пах. А мама будзе наліваць мне боршч ці яшчэ які суп. І я зноў стану маленькай дзяўчынкай. Мне здаецца, мы нават размаўляць не будзем, а проста пасміхацца і абдымацца. А пасля я буду гуляць па вуліцах Мінска, бачыцца з сябрамі…

Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Мне часта сніцца дом, хаця я і не бачу канкрэтнае месца, гэта хутчэй нейкія вобразы, гукі, водары, пачуцці, маміны рукі, цеплыня і бяспека. Мама налівае мне суп і нясе на стол. Ты прачынаешся, і ўнутры расце злосць, што ты не можаш жыць дома, што вымушана жыць у іншай краіне, такой гасціннай, але чужой. А там мая краіна, яна такая прыгожая і чыстая, а яе нехта топча бруднымі ботамі.

Але я ведаю, што ўсё роўна вярнуся. І дзеці мае вельмі сумуюць і хочуць вярнуцца. І нараджаецца такое трапяткое пачуццё любові да радзімы.

Цікава, што раней, да 2020-га, я хацела з’ехаць з Беларусі. Але цяпер ведаю, што хачу жыць у сваёй краіне. І хачу зрабіць усё, каб мая краіна стала найлепшай для маіх дзяцей, а пасля і ўнукаў. А мы тут зараз, каб набрацца досведу і пасля прывезці яго дадому. Гэта наш шанц і наша магчымасць, якімі мы павінны скарыстацца.

Дарога дадому. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус

Дарога дадому. Фота з асабістага архіву сям'і Рытус


Ад рэдакцыі:

«Падзеленыя межамі» — менавіта так мы вырашылі назваць наш новы праект. Мы будзем збіраць для вас гісторыі тых беларусаў, якія вымушана з’ехалі з краіны і цяпер не могуць абняць сваіх родных. Не могуць па розных прычынах. Але перш за ўсё таму, што адны не могуць вярнуцца ў Беларусь, а другія не могуць выехаць. Часам гэта сем’і, якія падзеленыя не толькі межамі, але і кратамі. І гэта той боль, які знаёмы, на жаль, тысячам і тысячам беларусаў. Але ўсё можна выправіць, акрамя смерці. Таму мы шчыра верым, што рана ці позна тыя, хто вымушана з’ехаў, змогуць вярнуцца на радзіму, а закратаваныя нарэшце ўдыхнуць вольнае паветра. А мы, нарэшце, будзем запісваць шчаслівыя гісторыі поспеху і самарэалізацыі ў Беларусі. Але пакуль як ёсць…

Калі вы хочаце падзяліцца сваёй гісторыяй, калі ласка, звяжыцеся з рэдакцыяй.