«Я шыла «жопкі» сілавікам». Былая палітзняволеная — пра ўмовы ў калоніі
Што мы ведаем пра ўмовы працы і парадкі на так званым Дзяржаўным прадпрыемстве "№4"? Менавіта так называецца месца працы зняволеных жанчын, што адбываюць свой тэрмін на «Антошках», у папраўчай калоніі №4.
Былая палітычная асуджаная, «экстрэмістка» Надзея (імя зменена) распавяла пра метады перавыхавання і працоўныя будні ў гомельскай папраўчай калоніі №4, у якой адбываюць тэрмін Марыя Калеснікава, Вольга Залатар, Ірына Слаўнікава і іншыя вядомыя і невядомыя жанчыны, асуджаныя за палітыку.
Праца. 50-70 штаноў у дзень
На тэрыторыі калоніі знаходзіцца швейная вытворчасць, а менавіта Дзяржаўнае прадпрыемства "№4". Тут шыюць форму для сілавікоў, пажарнікаў, будаўнікоў. А яшчэ вяжуць шапкі і шкарпэткі, а да 2020 года рабілі нават вышыванкі. Перад калоніяй ёсць крама, дзе можна ўбачыць узоры прадукцыі, якую робяць асуджаныя.
«Палітычных адразу пыталіся: вы ў курсе, што будзеце шыць міліцэйскую вопратку? Вы не супраць? Лепш адразу скажыце, не трэба потым псаваць, — распавядае Надзея. — Адмовіцца можна, але трапіш у ШІЗА. Таму ў асноўным усе згаджаюцца».
Брыгада Надзеі шыла выключна штаны.
«Штаны для супрацоўнікаў МНС, Дэпартамента выканання пакарання, МАПІД: летнія штонікі, зімовыя — у іх шмат на кожны сезон. А яшчэ былі штаны для аховы Лукашэнкі. Гэтыя штаны — агонь. Дзяўчынкі, што разбіраліся ў модзе, сказалі, што італьянскі крой. Шырокі пояс, гузікі на стужках, вельмі шмат кішэняў, дадатковыя ўстаўкі на каленях і эластычная ўстаўка паміж ног. Яны важылі кілаграма два, напэўна. На пашыў гэтых штаноў сыходзіла некалькі сутак, тады як на МСЧ-саўскія — некалькі гадзін. У брыгадзе было каля 20 чалавек, і мы рабілі 50-70 штаноў у дзень, а «прэзідэнцкіх» выходзіла прыкладна 20».
Усе навучанне шыццю было каля 20 хвілін.
«Спачатку прызначаюць куратара, якая падыдзе, нешта хутка пакажа і ідзе шыць сваю порцыю штаноў. Потым яшчэ жанчына па разрадах 15 хвілін паказвае, як трэба шыць. На гэтым навучанне канчаецца. Хочаш не хочаш — пачынаеш шыць. Калі зусім не атрымліваецца — паставяць на прас. Гэта непрыемная справа: працуеш увесь час стоячы, гарачы пар, абсталяванне 70-х гадоў. Бывалі выпадкі, што людзі апарваліся праз гэтае старое абсталяванне. Швейныя машынкі там таксама яшчэ з савецкіх часоў».
Кожная працаўніца робіць свой працэс. Хтосьці строчыць бакавыя швы калашын, хтосьці «сшывае попкі». Я шыла «жопкі», гэта такі шоў, якім сшываюцца дзве паловы штаноў ззаду.
Рабочая змена — 6 гадзін. Напрыклад, другая змена — з 15.00 да 22.00 з перапынкам на вячэру.
За пяць месяцаў такой працы Надзея зарабіла 50 рублёў. Грошы выдаюць пры вызваленні.
Налічэнне заробку асуджаным асобная тэма:
«Брыгада за месяц здае, дапусцім, 1000 штаноў. Па цане 3 рубля за штуку. Заробак брыгадны — 3000 руб. Гэтую суму дзеляць на працэнты выпрацоўкі кожнай работніцы. Дапусцім, у мяне было 45% (усё лічыцца па тэхналагічнай табліцы працэсаў і колькасці, якую ты адшыў, усё запісваецца пастаянна) выйшла 5 руб., і з гэтых 5 руб. я, калі ў мяне няма пазоваў, атрымаю 25%. Калі ёсць пазовы —10%.
З заробку адымаюць сродкі, па сутнасці, на ўтрыманне ў калоніі. Вось такая матэматыка: ціпа штанішкі за тры капейкі, а нормы насамрэч нерэальныя. Напрыклад, на абрэзку нітак, на адзін выраб (скажам, штаны) даецца 100 секунд.
Я хацела вынесці разліковы ліст, але пры вызваленні адміністрацыя чытае ўсю карэспандэнцыю, паперы асуджаных. І разліковы ліст у мяне забралі, хаця я яго старанна, як мне здавалася, схавала».
Акрамя звычайнай працы ёсць звышурочная — разнарадка.
«Гэта быццам па жаданні, але прымушаюць хадзіць усіх, бо брыгада не спраўляецца з выпрацоўкай. Гэта можа быць пару гадзін, а можа яшчэ 6 гадзін. Але палітычным разнарадкі не даюць. Нас за гэта ненавідзелі ўсе, каго прымушалі так батрачыць», — кажа Надзея.
Першыя тры месяцы работніцы лічацца вучаніцамі. Потым ужо прысвойваюць трэці разрад і даюць дзяржаўнае пасведчанне на выхадзе, калі асуджаная напіша заяву. Калі добра шыеш, могуць даць 4 і 5 разрады.
«Але "палітычным" не даюць высокія разрады. Я ведала толькі адну жанчыну, якой удалося атрымаць 4 разрад», — удакладняе Надзея
За добрую працу заахвочваюць. Напрыклад, лепшым працаўніцам на Новы год выдалі пакет пернікаў пад роспіс, а 8 сакавіка — банку згушчонкі, якую, праўда, выдалі ўсім.
Скраншот з сайту ДП "№4"
Перавыхаванне. Патрыятызм — 2-4 разы на дзень
Пасля працы займаюцца перавыхаваннем асуджаных:
«У калоніі ёсць клуб. Узімку там жудасны холад, бо ён не ацяпляецца. Там кожны дзень нейкія лекцыі, сустрэчы з псіхолагамі. Хадзіць абавязкова. Лекцыі, напрыклад, пра статус бамжа. Або лекцыя пра адаптацыю пасля зоны, якая раз на тыдзень. Прыходзіш — табе паказваюць кожны раз адзін і той жа ролік з ютуба пра тое, што трэба не баяцца размаўляць з людзьмі — і табе будзе прасцей. У клубе трэба распранацца, ты сядзіш, клянеш усё на свеце, а потым выходзіць псіхолаг у пухавіку і пытаецца: «Ці ёсць пытанні?». Зразумела, што пытанняў у нас няма, хутчэй бы выйсці. Роўна ўсё тое ж самае паўтараецца праз тыдзень».
Па нядзелях паказваюць кіно, у асноўным расейскае, напрыклад, «Чабурашку» або фільмы пра вядомых спартсменаў.
«Але экстрэмістам туды разам з усімі хадзіць нельга, таму што гэта забаўляльнае мерапрыемства, а экстрэмісты павінны “пакутаваць”, — кажа Надзея. — Але потым нам гэтыя фільмы паказвалі па «Вектару».
«Вектар» — гэта варты асаблівай увагі абсурд:
«Устаўляюць у камп'ютар флэшку, на якой запісаны тэлеканал «Вектар». Хтосьці з вечара выбірае, што заўтра будуць глядзець асуджаныя. Звычайна гэта праграмы Азаронка, «Клуб рэдактараў», навіны, сюжэты, як добра ў Беларусі, пра поспехі нашага ваенпрама і т. п.».
«Вектар» асуджаныя абавязаны глядзець два разы ў працоўны дзень і 4 разы — у непрацоўныя дні.
«80 чалавек сядзяць і глядзяць тэлевізар. Выходзіць нельга. Раней на «Вектары» мы маглі чытаць кнігі і пісаць лісты. Але потым памянялася загадчыца гаспадаркі, і гэта нам забаранілі. Мы сядзелі і як у «Завадным апельсіне» глядзелі. Вочы заплюшчваць нельга. Ухмыляцца, калі глядзіш Азаронка або навіны, нельга. Астатнія, не палітычныя, глядзяць на цябе і тваю рэакцыю, каб падлавіць, бо працуюць на опера. Асуджаныя падпісваюць паперу, што будуць здаваць «палітычных». Пра гэта ўсе ведаюць».
Вось як прыкладна выглядае дзень асуджаных у ПК №4:
«Прыйшла з працы ў 15.00. Да 16.00 ёсць гадзіна, калі можна папіць гарбаты, памыцца. У 16.00 — праверка (пераклічка на пляцы). З 16.30 да 17.30 i з 18.00 да 18.50 — «Вектар». Пасля яго — якое-небудзь дзяжурства. Потым вячэра. У 20.00 праверка профулiку. Потым трэба паспець да паўдзесятага памыцца, пакуль не пачалі мыць прыбіральні. І адбой. Выключаюць святло і нічога рабіць нельга, бо побач спяць чалавек трыццаць. Ноччу прыходзяць правераць, ці ўсе на месцы, уключаюць святло, тапочуць».
«У нас фізічна няма часу нават прадукты паесці, што нам дасылаюць у перадачках, — кажа Надзя. — Яны захоўваюцца ў асобным памяшканні і туды няма часу ісці, а ў сталовую нічога праносіць нельга, і выносіць таксама. Нядзеля — адзіны дзень, калі ёсць час напісаць лісты на волю».
Асуджаныя ўвесь час у зонаўскай вопратцы. У сваю ім дазваляецца апранацца толькі на адну гадзіну перад адбоем. Але тут таксама не ўсё проста: «Асабістыя рэчы не могуць быць каляровымі, толькі чорныя».
У калоніі пастаянныя дзяжурствы: то трэба сядзець за сталом і адзначаць, хто дзе знаходзіцца, кантраляваць перамяшчэнні асуджаных, то стаяць «на калитке» лакальнага ўчастка, то дзяжурыць у калідоры, то мыць прыбіральні, сталоваю, клуб, то разгружаць гародніну, чысціць бульбу і моркву:
«Ходзіш пастаянна з нататнікам, таму што немагчыма проста запомніць, дзе ты павінен быць».
Вольны час. Бліны з сінцепону
Для падтрымання цела і духу ў калоніі ёсць спартзала з трэнажорамі. Але, як можна ўжо здагадацца, «экстрэмістам у спартзалу нельга, толькі з асабістага дазволу опера».
І яшчэ ёсць конкурсы. Вельмі своеасаблівыя. Напрыклад, на Масленіцу быў такі вось конкурс бліноў:
«Кожны атрад павінен быў прыгатаваць бліны. Але для бліноў нельга браць муку, яйкі ці нешта іншае, як вы падумалі. Але бліны зрабіць трэба. Вось мы і выкручваліся. Наш атрад, напрыклад, рабіў бліны з сінцепону. Такія прыгожанькія, рознай формы, колераў, з розным начыннем. Потым іх ацэньвала камісія. Не ведаю, праўда, ці каштавала».
На Новы год быў конкурс елкі. Яе таксама трэба было зрабіць з падручных сродкаў. Сродкі пад рукой у калоніі ёсць толькі ў працоўным цэху. Адтуль і цягалі. Рабілі елкі з смеццевых пакетаў, упрыгожвалі тым жа сінцепонам або цацкамі з зонаўскай крамы.
Быў яшчэ конкурс снежных скульптур:
«Неяк у сем гадзін вечара нам па гучнагаварыцелю абвясцілі, што ў 22.00 будзе конкурс снежных скульптур. А снегу на тэрыторыі калоніі, на хвіліначку, быць не павінна. Ні сняжынкі. Добра, што мы яго прыбралі пакуль што проста за будынак (як высветлілася, не толькі мы, іншыя атрады таксама). Давялося цягнуць назад. Рабілі скульптуры, размалёўвалі. Фарбы ў нас былі, бо ў калоніі абавязкова рабіць насценгазету два разы на месяц. Адна проста насценгазета, а другая з назвай — «Дывергент», гумарыстычная.
Мы зрабілі коціка з падарункамі. Адзін атрад зрабіў зайца і пафарбаваў яму вушы ў чырвоны колер, але хтосьці пільны сказаў перарабіць — зрабілі яму зялёныя вушы. Але ў 22.00 скульптуры ніхто глядзець не прыйшоў. Уначы прайшоў дождж, і раніцай нам давялося зноў прыбіраць каляровыя лужыны».
Цікавыя заняткі. Сушылі лужыны, капалі антыпабегавы агарод
У калоніі вакол швейнай фабрыкі ёсць прамысловая зона — промка. Гэта велізарная тэрыторыя, з гаражамі, складамі. Промку трэба прыбіраць, за гэта адказвае асобны старшыня. Вось як гэта выглядае па расказах Надзеі:
«Калі выпадае снег, асуджаныя спачатку зграбаюць яго ў адну кучу. Наступная партыя людзей перацягвае гэтую купку на цэлафане ў іншую купку. Потым гэтая куча раскідваецца па тэрыторыі па-за промкай. Калі выпадае снег — у калоніі жалоба, бо гэта насамрэч цяжкая праца. Увесну ўсе атрады прыбіраюць на промке лужыны. Гонім ваду ў люк, потым пачынаем з лапатачкамі і вядзерцамі вычэрпваць пакінутыя лужыны, а потым яшчэ дасушваць іх анучамі. І гэта дурная справа пасля асноўнай працы».
Яшчэ асуджаныя павінны перакопваць КСП. Кантрольна-следавая паласа — гэта тэрыторыя паміж плотам і асноўнымі варотамі калоніі.
«КСП трэба ўвесь час перакопваць, каб пры ўцёках былі бачныя сляды, — тлумачыць Надзя. — Кажуць, што гэта пякельная праца. Раней «экстрэмістам» капаць тут не дазвалялася: занадта блізка да выхаду, яшчэ збяжым. Але калі я сыходзіла з калоніі, чула, што палітычных так шмат, што таксама будуць капаць».
На самай справе, па меркаванні Надзеі, калі не засяроджвацца на ўсім тым трэшы, які адбываецца, а замест гэтага прыслухоўвацца да сябе, аналізаваць і назіраць, можна ўбачыць шмат цікавага, і нават атрымліваець ад гэтага своеасаблівае задавальненне. Калі гэтага не рабіць, то можна паехаць з глузду.
«Калонія — гэта мадэль ідэальнай дзяржавы ва ўяўленні ўлады: усе ходзяць строем, хорам вітаюцца з начальствам, працуюць, дзе далі, атрымліваюць нейкія грошы і нейкую ежу. Што яшчэ вам трэба, чым вы незадаволеныя?», — кажа Надзея.