Яўгенія Доўгая: Як толькі жанчына трапляе ў турму, патрыярхат пачынае максімальна праяўляць сябе

Заснавальніца праекта «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая расказвае ў інтэрв'ю Таццяне Ашуркевіч для «Цэнтра новых ідэй» пра ўмовы ўтрымання жанчын у калоніі, розніцу ў жаночым і мужчынскім досведзе зняволення, а таксама пра тое, што маглі б рабіць палітыкі для вызвалення палітвязняў.

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

Ілюстрацыйнае фота: meduza.io

— У сваім праекце ты робіш упор менавіта на ўмовы ўтрымання жанчын у турме. З майго досведу, людзі рэдка разумеюць, чым яны адрозніваюцца ад мужчынскіх. Можаш расказаць пра гэта? 

— Насамрэч немалаважную ролю адыграла маё затрыманне. Хоць яно і доўжылася тры дні, гэтага мне хапіла, каб зразумець, наколькі лёгка ўнутры гэтай турэмнай сістэмы знішчыць жанчыну. Нават біялагічныя асаблівасці кшталту менструацыі могуць выкарыстоўваць як спосаб ціску. Жанчыны, напрыклад, вымушаныя рваць на сабе майкі, каб хоць неяк выкарыстоўваць гэта як гігіенічныя сродкі. Менавіта таму мне было важна паказаць, што заключэнне мужчыны і заключэнне жанчыны — гэта абсалютна розны досвед. На тыя ж гігіенічныя сродкі ў перадачы для жанчыны сыходзіць прыкладна 50 рублёў. Мужчынам яны проста не патрэбныя — і за гэтыя сродкі ім могуць пакласці кавалак сала або любую іншую ежу. 

Жанчыны, якія выйшлі з калоніі, пастаянна расказваюць мне, што перад імі заўсёды стаіць выбар: папіць гарбаты, напісаць ліст альбо схадзіць у прыбіральню. У іх ніколі няма часу, яны заўсёды занятыя нейкай бессэнсоўнай працай, як вавёркі ў коле. І ў гэтым выяўляюцца асаблівасці жаночага ўтрымання. 

Я чытаю, што мужчыны расказваюць, колькі яны прачыталі кніг у турме, як яны займаліся спортам, гулялі ў футбол. Я проста дзіўлюся гэтаму, таму што ў жанчын такога няма наогул. Калі ты прыйшла з працы на швейнай фабрыцы, то ты ідзеш працаваць далей — напрыклад, прыбіраеш анучамі нейкія лужыны на тэрыторыі калоніі. У іх ідзе бясконцая фізічная і псіхалагічная праца.

— Як ты тлумачыш сабе, чаму паміж жаночым і мужчынскім утрыманнем такая вялікая розніца? 

— Я думаю, гэта проста патрыярхат. І як толькі жанчына трапляе ў турму, патрыярхат пачынае максімальна сябе праяўляць. За зачыненымі дзвярыма гэта рабіць прасцей за ўсё. 


Глядзіце таксама

— Наколькі актыўна людзі дапамагаюць грашыма тваёй ініцыятыве? Як я разумею, нават мінімальныя сумы бываюць вырашальнымі для палітзняволеных жанчын або іх дзяцей.  

- Так, безумоўна. Мы цяпер працуем толькі з іх роднымі. У нас ёсць некалькі людзей, якія дапамагаюць з Беларусі, якія могуць нешта прывезці нам або купіць. Калі трэба арганізаваць нейкую перадачу ў калонію, гэта выходзіць мінімум у 500 беларускіх рублёў, казачныя грошы. У нас ёсць некалькі кантактаў унутры краіны — звычайныя людзі, якія просяць сказаць, каму і як яны могуць дапамагчы. Яны альбо цалкам закрываюць кошт перадачы, альбо аплачваюць яе частку. Бываюць такія моманты, калі родныя спраўляюцца самі, а чалавеку нешта тэрмінова аказваецца патрэбна. У нас быў такі момант з жанчынай, якая сарвала ў калоніі спіну. Ёй спатрэбіўся гарсэт, які каштуе досыць дорага. У такім выпадку мы таксама дапамагаем. Але цяпер ёсць іншая праблема: людзей пазбаўляюць перадач, а родныя ў прынцыпе вельмі асцярожнічаюць, таму што баяцца трапіцца на атрыманні гэтай дапамогі. Яны настолькі запалоханыя, што часам ім прасцей адмовіцца ад яе. 

Але дапамога ёсць і ўнутры Беларусі, проста яна іншая. Я ведаю выпадак, калі жанчына заўзята падтрымлівала Лукашэнку. Пры гэтым калі яна даведалася, што ў суседкі дачка – палітзняволеная, прасяклася ўсім гэтым і проста пачала пакідаць ёй пад дзвярыма прадукты. Такое таксама існуе, проста гэта іншая, таемная рэальнасць.

— Можаш пералічыць самыя асноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў зняволенні? 

— Разумееш, уся сістэма — гэта праблема. Я літаральна ўчора гаварыла з палітзняволенай — паводле яе слоў, калонія пабудаваная на тым, каб бясконца сутыкаць зняволеных ілбамі. Калі ты трапляеш у закрытую ўстанову і за табой зачыняюць жалезныя дзверы, да цябе даходзіць, што ты нікуды адсюль не дзенешся, табе трэба выжываць. Гэтая сістэма вымотвае цябе і маральна, і фізічна. Бясконцая адказнасць за «парушэнні», праца, пазбаўленне перадач... Вядома, гэта не адміністрацыя турмы падкідвае табе забароненыя прадметы або аблівае цябе халоднай вадой. Гэта робяць іншыя асуджаныя, якія прымаюць правілы гэтай гульні, каб выжыць, каб ім дазволілі нешта зарабіць, нешта купіць у турэмнай краме. Менавіта таму яны выбіраюць паскудзіць.

Сутнасць у тым, што там зусім няма захавання правоў чалавека. Калі ты адмаўляешся нешта рабіць, цябе проста будуць «марыць» у ШІЗА. Так адбылося з Вольгай Маёравай, якая адмовілася шыць міліцэйскую форму. Ёй 58 гадоў, яна асуджаная на 20. 

Яшчэ сапраўдная праблема для палітвязняў — адмова ў любой медыцынскай дапамозе. Ёсць лекары, якія ратуюць жанчын, але ім павінна пашанцаваць, каб яны сустрэлі менавіта гэтага лекара. 

Ну і, вядома, не проста так улады вешаюць біркі «тэрарыстка» і «экстрэмістка». Калі ты ў такім спісе, да цябе прыходзіць пракурор з лістом, што ты пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Добра, калі ёсць сваякі, якія гатовыя аформіць апеку. А калі не, дзіця аддаюць у прытулак. Усё — ты больш не маці. Цябе ў прынцыпе адным гэтым фактам знішчаюць як чалавека.  


Глядзіце таксама

— Раней у асабістай размове з табой мы абмяркоўвалі варыянты таго, як выцягваць палітвязняў з турмаў. У нас ёсць палітыкі, якія гавораць пра дыялог з Лукашэнкам – пры гэтым ніякіх канкрэтных крокаў яны не прапануюць. Можаш сказаць сваё меркаванне? 

— Так, я б хацела дадаць, што мяне раздражняе, калі ўся дыскусія зводзіцца да пытання памілавання. На яго цяпер пішуць практычна ўсе — умоўна, акрамя Марыі Калеснікавай. Але ёй ніхто і не прапануе, бо яна занадта медыйная для ўладаў. 

Думаю, мы павінны прапрацоўваць некалькі варыянтаў. У нас дастаткова шмат палітвязняў, у якіх ёсць габрэйскія карані. Даказаць іх наяўнасць досыць проста. Для некаторых з тых, хто сядзеў у турмах, гэтыя дакументы рыхтаваліся яшчэ падчас іх зняволення, а потым людзі вызваляліся і адразу з'язджалі. Я думаю, Ізраіль мог бы весці нейкія перамовы. Гэтая краіна важная для Лукашэнкі.

У нас таксама існуе варыянт абмену. У Польшчы пастаянна затрымліваюць шпіёнаў, якія працуюць на КДБ. Яны ёсць і ў Літве, і ў Латвіі. Я думаю, тая ж Польшча магла б абмяняць гэтых людзей на супрацоўнікаў «Белсата». Галоўная праблема — як растлумачыць палякам, навошта ім гэта трэба: кожная краіна думае пра сваю палітычную выгаду. 

Ну і, вядома, ёсць варыянт зняцця санкцый. Напрыклад, Юрый Дракахруст кажа, што можна гэта лабіраваць у абмен на групу палітвязняў. Калі нашы палітыкі будуць усё гэта прасоўваць, я думаю, што нейкі варыянт можа стаць рэальным. Але гэта працуе толькі калі мы называем сваёй галоўнай мэтай вызваленне людзей.