«Лукашэнка і Пуцін рыхтуюць супрацстаянне з НАТО, таму Беларусь мусіць быць зачышчаная»
Сузаснавальнік фонду «Салідарнасці» BYSOL Андрэй Стрыжак адказаў сацыёлагу Генадзю Коршунаву, які лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі «выйшлі на плато».
«Прачытаў аналітыку паважанага Генадзя Коршунава і хаджу засмучаны, — напісаў Стрыжак у сваім тэлеграм-канале. — Мне падаецца што мы працуем у нейкай паралельнай рэальнасці, але, можа, так, бо мы па-рознаму разумеем слова «плато»?
«Плато» з майго акопа
1) За апошні час «госы» ні на хвіліну не спынілі рэпрэсіі. У дзень адбываецца прыблізна 10 арыштаў па ўсёй краіне. Гэта пастаянны фон «стабільнасці».
2) Увесь час сілавікі шукаюць і знаходзяць усё новыя групы якія можна «шчымануць» — архітэктары, дыяспара, сваякі палітвязняў. Прыкмета часу — буйнамаштабныя карныя аперацыі ў якіх задзейнічаныя розныя сілавыя структуры па ўсёй краіне. Тут бачна пагаршэнне сітуацыі.
3) Лічба прызнаных палітвязняў — гэта лічба прызнаных палітвязняў. Ва ўмовах дыктатуры і страху людзей, яна цалкам не адлюстроўвае ўвесь маштаб рэпрэсій. Яе дынаміка не адпавядае рэальнай дынаміцы таго, што адбываецца з палітвязнямі ўнутры краіны. Асабліва гэта бачна па тым, што колькасць людзей якія толькі за мяжой пастфактум гатовыя казаць пра свае палітычныя прысуды, расце.
4) Звальненні, выцісканне актыўных людзей за краты і за мяжу, распальванне варожасці і ўзрастанне градуса прапаганды — гэта штодзённая практыка беларускага рэжыма.
Адным словам, дынаміка рэпрэсій ідзе на аб’яднанне розных малазвязаных паміж сабой людзей у «злачынныя групы» і правядзенне паказовых працэсаў над імі, рэпрэсіі відазмяняюцца і мадыфікуюцца.
Асноўныя лініі ўдараў
Значна больш высілкаў лукашысты цяпер ускладаюць на супрацьдзеянне актыўнасцям дыяспары — крыміналка за марафон, крыміналка за Народныя амбасады, серыя правакацый і распальванне літоўска-беларускага канфлікта, вобшукі, арышты і г. д.
Таксама лукашысты спрабуюць абарваць ланцуг салідарнасці і ўзаемадапамогі — прэсінг сваякоў, спроба перерубіць каналы пастачання, спробы ачарнення структур дапамогі.
Высновы і прагноз
Зыходзячы з усяго вышэйсказанага, хачу ўдакладніць сваю пазіцыю — вялікая памылка спрабаваць зразумець што адбываецца з рэпрэсіямі выключна па лічбах, якія даюць праваабаронцы.
Гэтыя лічбы чым далей, тым больш складана атрымліваць з краіны, якая паступова закрываецца. Страх замінае людзям камунікаваць з праваабаронцамі і даваць ім дадзеныя пра пераслед.
Для разумення агульнай сітуацыі, трэба арыентавацца на трэнды і рухі, а яны зараз адназначныя. Лукашэнка і Пуцін рыхтуюцца да ваеннага супрацьстаяння з краінамі НАТО, і ў логіцы ваеннага супрацьстаянна Беларусь, як галоўны плацдарм агрэсіі, павінна быць зачышчаная ад «варожых элементаў».
Гэтую задачу дыктатура актыўна і выконвае.