Коршунаў: Сілавікі аб'яўляюць вайну дыяспары
Аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў разглядае дынаміку рэпрэсій у дачыненні да беларусаў замежжа і прыходзіць да несуцяшальных высноў.
Апошнім часам дзеянні лукашэнкаўскіх сілавікоў дэманструюць усё большую ўвагу да беларускай дыяспары — і да яе актывістаў, і да яе структур. Прычым калі раней такая цікавасць выяўлялася хутчэй у выглядзе пасіўна-фармальнай увагі (завядзенне крымінальных спраў без якога-небудзь працягу), то дзесьці з зімы мінулага года і інтэнсіўнасць цікавасці да дыяспары стала расці, і фармат увагі стаў мяняцца. Тады ў чарговым выпуску «Беларускага трэкера перамен» я напісаў, што рэжым пачаў «ціхую» вайну супраць дыяспары.
Да такой высновы прывяло накладанне адно на аднаго цэлага шэрагу падзей і працэсаў: рух у бок паражэння ў правах грамадзян, якія пакінулі тэрыторыю краіны; пашырэнне практыкі завочных прысудаў і пазбаўлення грамадзянства беларусаў-«экстрэмістаў»; паступовая адмова ад прадастаўлення грамадзянам консульскай падтрымкі за мяжой; першыя ўнясенні каналаў і чатаў дыяспаральных супольнасцей у «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Далейшы рух па гэтых рэпрэсіўных трэках ішоў з рознай хуткасцю. Так, напрыклад, летам мінулага года ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» было ўнесена больш за 70 тэлеграм-каналаў і суполак у сацыяльных сетках, якія належаць беларускай дыяспары. Гэта амаль палова з усіх дыяспаральных рэсурсаў, унесеных у гэты пералік на бягучы момант.
А ўвосень таго ж года ўлады актывізаваліся ў нарматыўным рэчышчы: выпусцілі знакаміты «пашпартны ўказ», згодна з якім беларускія грамадзяніне могуць памяняць свой пашпарт або падоўжыць тэрмін яго дзеяння толькі ў Беларусі. Тады ж пачаліся, з аднаго боку, прамыя рэпрэсіі супраць курсаў польскай мовы, а з другога — схаваныя правакацыі кшталту стварэння фэйкавых ботаў («ОСТ», «Вясна», «Беларускі Гаюн») і больш відавочныя атакі супраць розных структур і праектаў дыяспары (ператрусы і арышты ўласнасці па справе Каардынацыйнай рады або кейс Аксёнава).
У гэтым годзе сітуацыя пачала мяняцца ў больш радыкальны бок.
Калі яшчэ ў сярэдзіне студзеня я пісаў, што ўлады Беларусі сістэматызуюць і пашыраюць свае рэпрэсіўныя практыкі супраць беларусаў за мяжой, то ўжо раніцай 23 студзеня беларускую медыя-прастору ўзарвала інфармацыя пра хвалю «хапуноў» за сувязі ўнутры краіны з «IneedHelpBY». Гэта ініцыятыва, якая дапамагае пацярпелым ад рэпрэсій і вымушана знаходзіцца ў эміграцыі. Тут да трэка на «просты» пераслед беларусаў, якія выехалі за мяжу, улады дадалі крыміналізацыю фінансавых кантактаў з дыяспаральнымі структурамі і праектамі.
У апошнія некалькі месяцаў ціск рэжыму павялічыўся і па астатніх напрамках (што пацвярджае літоўская выведка). Так, у прыватнасці, перад вялікім «хапуном за салідарнасць» адбылася цэлая серыя нападаў на інтэрнэт-рэсурсы дэмакратычных структур і ініцыятыў. Практычна ў пастаянным рэжыме прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі інспіруюцца правакацыі супраць пратэсна настроеных беларусаў («Час пайшоў!», «Заклік Ціханоўскай», «План "Перамога" 2.0»). Актывізуецца арганізацыйна-інфармацыйнае супрацьстаянне — як праз атакі і скаргі на акаўнты дэмакратычных сіл і блогераў, так і з дапамогай інфармацыйных укідаў для незалежных медыя.
Як асобны кірунак, які цяпер актыўна распрацоўваецца сілавікамі Лукашэнкі, варта разглядаць іх намаганні па зборы інфармацыі пра беларусаў замежжа. Да такіх адносяцца як практыкі ўзломаў і / або перахопаў кіравання над сеткавымі рэсурсамі (напрыклад, кейс сайта народных амбасад), так і стварэнне фэйкавых каналаў або рассылак ад імя незалежных стуктур (ад медыя да праектаў).
І яшчэ адзін момант, на якім хацелася б спыніцца асабліва — узбуджэнне беларускімі сілавікамі крымінальнай справы ў дачыненні да прадстаўнікоў «Народных амбасад» і «Беларусаў замежжа».
Яно адметнае тым, што, у адрозненне ад папярэдніх узбуджэнняў (а гэта далёка не першае — супраць «Народных амбасад»), цяперашні працэс суправаджаецца рэальнай актыўнасцю сілавікоў — ператрусамі і накладаннем арышту на маёмасць людзей, якія праходзяць па гэтай справе.
Другое яго знакавае адрозненне — уключэнне ў арбіту рэпрэсіўнага працэсу не толькі хутчэй палітычных арганізацый («Народных амбасад»), але і адкрыта грамадзянскіх структур нізавога ўзроўню («Беларусаў замежжа»). Хоць беларускія ўлады і любяць маштабаваць рэпрэсіі, але больш раннія прыклады настолькі абагульняючага падыходу згадаць складана. Хіба што толькі кейс з крыміналізацыяй ўсіх супольнасцей, зарэгістраваных на рэсурсе Dze.chat.
На дадзены момант, праўда, гэта маштабаванне мае хутчэй патэнцыяльны характар, таму што «Беларусы замежжа» — гэта толькі адзін тэлеграм-канал з унесеных у «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» (на 26 сакавіка 2024 года іх там больш за 150 пазіцый). Але, калі зыходзіць з існуючых тэндэнцый, іншыя інтэрнэт-супольнасці беларусаў замежжа таксама лёгка могуць стаць фігурантамі чарговых крымінальных спраў.
Мы ўваходзім у той этап, калі рэжым Лукашэнкі можа абвясціць вайну ўсім тым сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў краінах на захад ад Беларусі.
P. S. Каб будучая дынаміка рэпрэсій супраць дыяспары не стала сюрпрызам, ніжэй прыводзіцца структураваны спіс інфармацыйных рэсурсаў (ад старонак у сацыяльных сетках да чатаў у мэсэнджарах), якія сёння знаходзяцца ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».