Хронікі рэпрэсій за 29 сакавіка
Сілавікі працягваюць затрымліваць за каментары пра трагедыю ў «Крокус Сіці Холе»; пенсіянерак судзяць за «паклёпы» на Лукашэнку; МУС абнавіла «спіс экстрэмістаў» — такія навіны сённяшняга дня.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1233 дні, Дзяніс — 1113.
***
СК пачаў завочныя крымінальныя справы супраць актывіста Аляксандра Кіркевіча і старшыні Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова, піша праўладны тэлеграм-канал.
Абодвух актывістаў абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 і ч.2 арт.361-4 Крымінальнага кодэкса).
Аляксандр Кіркевіч — публіцыст, гісторык, аўтар гістарычнага відэапраекта «Сармат» і былы намеснік старшыні «Маладога Фронту». Ён удзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў 2010 годзе, быў асуджаны на 4 гады калоніі па артыкуле аб «удзеле ў масавых беспарадках» і пасля вызвалены па памілаванні.
Вадзім Саранчукоў — гродзенскі актывіст, старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі БНФ. З 2022 года — выконваючы абавязкі старшыні партыі.
Працэдура «спецыяльнай вытворчасці» з'явілася ў 2022 годзе, піша «Медыязона». Яна дазваляе заводзіць завочную справу і праводзіць суды без абвінавачанага. Яе могуць прызначыць, калі беларуса абвінавачваюць у «злачынствах супраць дзяржавы», «масавых беспарадках», «актах тэрарызму», «прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін» і яшчэ па некалькіх артыкулах.
***
Гомельскі абласны суд вынес прысуд пенсіянерцы і роварнай актывістцы Святлане Кароль. Жанчыну пакаралі пазбаўленнем волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».
Пенсіянерку абвінавацілі ў «паклёпе на Лукашэнку» паводле ч.2 арт.367 КК і «распальванні сацыяльнай варожасці» паводле ч.1 арт.130 КК. Справу разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў.
Святлана — пенсіянерка і вядомая роварная актывістка з Гомеля, былая старшыня абласнога грамадскага аб'яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе яна далучылася да гомельскай Каардынацыйнай рады. Дома Святлану чакаюць старая маці і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.
***
У Баранавічах 28 сакавіка асудзілі 60-гадовую пенсіянерку Рамуальду Дэкола, абвінаваціўшы яе ў «паклёпе на Аляксандра Лукашэнку», пішуць праваабаронцы.
Паводле матэрыялаў абвінавачання, пенсіянерка паставіла адзнаку «клас» у «Аднакласніках» пад выявай у суполцы «Жыве Беларусь».
Суддзя Алена Папова прызнала жанчыну вінаватай паводле ч.2 арт.367 КК і прысудзіла да 3,5 года абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Яе мабільны тэлефон канфіскавалі.
***
Сілавікі затрымалі гамяльчанку, якая пісала «цынічныя» каментары пра загінулых у «Крокус Сіці Холе». Пра гэта піша гомельскі праўладны тэлеграм-канал, паведамляе «Медыязона».
У міліцэйскім відэа жанчына кажа, што ў чаце «Nexta Live» «здзекавалася з расійцаў, з падзей, якія адбыліся ў "Крокус Сіці"».
У допісе гаворыцца, што затрыманая «распаўсюджвала экстрэмісцкія матэрыялы», «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці» і «распальвала варожасць». Паводле слоў аўтараў канала, супраць гамяльчанкі завялі шэраг крымінальных спраў.
***
У Гродне пачынаюць разгляд справы супрацоўніка Гродзенскага шклозавода. Аляксандра Піўчука абвінавачваюць у «абразе» (ч.1 арт.369 КК) і «паклёпе» (ч.2 арт.367 КК) на Лукашэнку, «абразе прадстаўніка ўлады» (ч.2 арт.367 КК) і «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» (арт.370), піша «Вясна». Працэс ідзе ў судзе Ленінскага раёна Гродна.
Пра затрыманне Аляксандра стала вядома 2 верасня 2023 года. Тады ж з'явілася і відэа, на якім ён кажа, што затрыманы за абразлівыя каментары на адрас кіруючых асоб. Таксама сілавікі абвінавацілі яго ў «русафобіі».
***
За ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту быў затрыманы жыхар Жабінкі. На «пакаяльным» відэа ад 29 сакавіка ён «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыі, падпісках на «экстрэмісцкія рэсурсы», а таксама кажа, што трымаў дома нацыянальны сцяг.
Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы — Дзмітрый Салавейка.
***
«Іпэшніку» пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцый». Сяргею Булату, мяркуючы па сацсетках, 47 гадоў. Ён з Баранавічаў, меў статус індывідуальнага прадпрымальніка, паведамляе «Наша Ніва».
Сяргея затрымалі 31 жніўня 2023 года. Па-першае, за рэпост у «Аднакласніках», які ён зрабіў яшчэ ў сакавіку 2017 года. Гэта допіс «Белсата» ад суполкі «Стоп Лука» пра Дзень Волі-2017. За гэта Сяргея прысудзілі да 15 сутак арышту.
Пасля гэтага яго паўторна арыштавалі па крымінальнай справе. Мужчыну абвінавачваюць у «закліках да санкцый». Гэта можа быць што заўгодна: ад каментара ў сацыяльных сетках да паведамлення дэмакратычным сілам пра тое, што хтосьці ўхіляецца ад санкцый.
Цяпер яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Вядома, што дома Сяргея чакаюць непаўнагадовая дачка і жонка.
***
Жыхар Магілёўскага раёна абразіў участковую і схапіў яе за форму. Супраць мужчыны завялі справу аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «пагрозе яму гвалтам» (арт.364 КК), піша прэс-служба МУС.
9 сакавіка ўчастковая Магілёўскага РАУС праводзіла прафілактычную гутарку ў вёсцы Нікіцінічы. Да яе падбег п'яны 27-гадовы вясковец, пачаў абражаць, пагражаў гвалтам, а потым схапіў за форму. Пазней мужчыну затрымалі і змясцілі пад варту.
Прэс-служба ведамства піша, што з пачатку года ў Магілёўскай вобласці завялі 16 крымінальных спраў аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 3932 прозвішчы, паведамляе «Вясна».
29 сакавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі былога вайскоўца Паўла Кучынскага, асуджанага за данаты Чэслава Канановіча, асуджаную паводле 5-ці артыкулаў Надзею Лапцёнак.
***
25 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» два артыкулы нямецкага штотыднёвіка «Die Tageszeitung» — «"Братский народ" как пушечное мясо» (пра тое, ці вырашыць Лукашэнка ўводзіць войскі ва Украіну) і «Наш Пушкин» (пра смерць палітвязня Алеся Пушкіна).
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Telegram-каналы і чаты: «Беларусы Брытанii», «Тутэйшы Шляхцiч», «Filiżanka», «НУЛЕВЫЕ+», «Янгмаша’s Bizarre Adventure», «Belarus Women’s Foundation», «Baranki Punx»;
- Instagram-старонкі: «belarus_in_america», «razam.bremen», «hrystyna_kafka»;
- YouTube-канал: «Слухай сюда»;
- Старонка ў «Аднакласніках»: «БХД — Беларуская Хрысцiанская Дэмакратыя»;
- TikTok-старонкі: «Belarusian volunteers», «дзякую Богу што не маскаль», «Volnyruh», «Вольныя паштоўкі», «bel.info.today24», «Два погляды», «Сергей», «НАУ Беларусь».
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 421 дзень, Максіма Знака — 414 дзён, Мікалая Статкевіча — 412 дзён, Ігара Лосіка — 404 дні, Віктара Бабарыкі — 341 дзень, Сяргея Ціханоўскага — 269 дзён, Уладзіміра Гундара — 238 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1404 палітвязні.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1590 чалавек. Сярод іх — 198 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.