Мэбля з беларускіх турмаў для ЕС? Хто яе сертыфікаваў
З аднаго боку, «глыбокая занепакоенасць», з другога — двайныя стандарты.
![_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg _belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Міжнародны лідар сертыфікацыі ў сферы лясной гаспадаркі FSC атрымаў афіцыйны зварот з патрабаваннем расследаваць, як яго знак якасці трапіў на мэблю, вырабленую ў беларускіх турмах. Зварот падпісалі міжнародныя праваабаронцы, еўрапейскія палітыкі і былыя палітвязні Беларусі. На іх думку, FSC гадамі заплюшчваў вочы на прымусовую працу беларускіх зняволеных і дапамагаў зарабляць рэжыму Лукашэнкі на продажах у ЕС. Як каментуюць гэтыя прэтэнзіі ў FSC — у матэрыяле «Deutsche Welle».
«Знак FSC адчыняў дзверы ў ЕС»
«Forest Stewardship Council» (FSC) прэтэндуе на званне лідара ў галіне сертыфікацыі лясной гаспадаркі, вынікае з інфармацыі на сайце арганізацыі. Знак якасці FSC стаў увасабленнем «этычнага» спажывання, сертыфікаты выдаюцца па некалькіх крытэрыях, сярод якіх — адсутнасць парушэнняў правоў чалавека пры вытворчасці. Наяўнасць сертыфіката павышае канкурэнтаздольнасць прадукцыі.
Між тым праваабаронцы, палітыкі і былыя палітвязні, якія звярнуліся ў FSC з патрабаваннем правядзення незалежнага расследавання, адзначаюць, што на працягу многіх гадоў знак FSC наносіўся на тавары з драўніны, што вырабляюцца з ужываннем прымусовай працы, у тым ліку палітвязняў, у папраўчых калоніях Беларусі. Восем беларускіх ПК праходзілі працэдуру атрымання сертыфікатаў. «Знак FSC адчыняў дзверы для гандлю з ЕС», — пазначана ў звароце да FSC.
Глядзіце таксама
![Дэградацыя права ці ўзровень развіцця права? «Сацыяльны эксперымент» ці вяртанне да прыгоннага права?](/img/v1/images/aperacyja_y.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У ім таксама гаворыцца, што, «паводле даных Eurostat, са студзеня па лістапад 2023 года ў Еўрасаюз было экспартавана беларускай драўлянай мэблі на суму больш за 103 млн. еўра» (вытворчасць мэблі не трапіла пад санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі. — Заўв. рэд.), большая частка якой была сертыфікаваная для рынку ЕС як этычная яшчэ да сыходу FSC з РБ. «Арганізацыя пакінула Беларусь у сакавіку 2022 года, але з іншых прычын. Яна не прызнала і не ліквідавала свае ранейшыя правалы ў РБ», — гаворыцца ў звароце да FSC і далей падкрэсліваецца, што найбуйнейшымі пакупнікамі беларускай мэблі ў ЕС былі Польшча, Германія, Нідэрланды, а таксама краіны Балтыі і Румынія.
Пра тое, што FSC больш за дзевяць гадоў абяляла турэмную працу ў Беларусі, сцвярджаецца і ў расследаванні брытанскай некамерцыйнай арганізацыі «Earthsight», апублікаваным у лістападзе 2022 года. Паводле звестак расследавання, сертыфікаты выдавалі Беларусі і пасля жніўня 2020 года, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, рост колькасці палітвязняў, задакументаваныя катаванні.
FSC: зняволеных не прымушалі працаваць
Між тым у FSC не маюць намеру праводзіць расследаванне з нагоды выдачы сертыфікатаў для беларускіх папраўчых устаноў. Адказваючы на запыт DW, у арганізацыі пацвердзілі, што адзін з прынцыпаў сертыфікацыі — фармаванне належных умоў працы. У FSC таксама падкрэслілі, што «глыбока занепакоеныя парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі ў выніку гвалту і рэпрэсій з 2020 года». Аднак усе рызыкі FSC ацаніла толькі ў сакавіку 2022 года. Тады спецыялісты арганізацыі выявілі шэраг праблем.
Па-першае, сітуацыя ва Украіне прывяла да немагчымасці правядзення аўдыту, таму было вырашана ануляваць усе выдадзеныя сертыфікаты. Па-другое, паколькі ўсе лясы належаць дзяржаве, атрыманыя ад продажу драўніны даходы могуць быць выкарыстаны ўрадам Лукашэнкі, які падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны, а гэта стварае пагрозу рэгіянальнай бяспецы. Па-трэцяе, былі ўстаноўленыя некантралюемыя рызыкі, звязаныя з захаваннем у Беларусі патрабаванняў міжнароднай арганізацыі працы.
У FSC удакладняюць, што ў 2021 годзе былі ануляваныя сертыфікаты, выдадзеныя папраўчым калоніям у Беларусі — з-за боязі адносна парушэння правоў чалавека і рызык для бяспекі спецыялістаў, якія выязджалі на праверкі. Пры гэтым у арганізацыі падкрэсліваюць, што «штогадовыя праверкі ў ПК не выявілі ніякіх правапарушэнняў».
Глядзіце таксама
![Што агульнага ў IKEA і беларускіх турмаў, дзе катуюць палітвязняў? Што агульнага ў IKEA і беларускіх турмаў, дзе катуюць палітвязняў?](/img/v1/images/ikea_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Прымусовая праца не з'яўляецца ўласцівай усім калоніям праблемай, таму яны могуць падаць заяўку на сертыфікацыю FSC, — адзначаюць у арганізацыі. — У адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і агульнай практыкай у Беларусі да 2020-2021 года праца зняволеных аплачвалася, хоць і па нізкай стаўцы, зняволеных не прымушалі працаваць. Гэта праверана аўдытамі FSC».
«Гэтая сістэма прымусовай працы нагадвае ГУЛАГ»
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка адзначае, што прадстаўнікі FSC не звярталіся да беларускіх праваабаронцаў, каб даведацца, як ідуць справы з правамі чалавека ў ПК. Інакш яны б даведаліся, што прымусовая праца ў папраўчых установах Беларусі заўсёды была ўзаконенай — у Крымінальна-выканаўчым кодэксе прама прапісана, што кожны асуджаны да пазбаўлення волі абавязаны працаваць (арт.98), выключэнне толькі для інвалідаў і пенсіянераў.
«За адмову зняволенага спачатку адпраўляюць у штрафны ізалятар, потым могуць судзіць за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, а гэта да двух гадоў пазбаўлення волі да асноўнага тэрміну, — кажа Сапелка. — Больш за тое, пакараць могуць нават за невыкананне плана на вытворчасці».
Словы праваабаронцы пацвярджае былы зняволены, які адбываў пакаранне ў ПК Брэсцкай вобласці: «Калі прыязджаеш у калонію, цябе не пытаюцца, хочаш ты працаваць ці не, — гэта твой абавязак. Адміністрацыя вырашае, куды цябе адправіць і колькі плаціць». Паводле слоў суразмоўцы, з заробку забіраюць грошы за пражыванне і харчаванне ў калоніі, непагашаная запазычанасць паводле пазову — шмат у каго на рукі выходзіць 10-15 рублёў на месяц (гэта менш за 5 еўра). Спецадзенне, напрыклад, пальчаткі для працы на дрэваапрацоўцы, зняволеныя просяць купляць родных — калонія іх не выдае. Такія ўмовы, паводле слоў Паўла Сапелкі, можна лічыць не толькі прымусовай, але і рабскай працай. І ў такой сітуацыі знаходзяцца ўсе зняволеныя, у тым ліку палітычныя.
Глядзіце таксама
![Казахстан не дапаможа Беларусі абыходзіць санкцыі Эксперт: Казахстан не будзе дапамагаць Лукашэнку абыходзіць санкцыі](/img/v1/images/312f08645e501ed168f34b21d5e8358f.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Дзяржава дае льготы для кампаній, якія жадаюць супрацоўнічаць з турмамі, дазваляючы ім набываць тавары, вырабленыя ў ПК, без выканання стандартных працэдур закупак, — кажа кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўлення» Павел Латушка, які падпісаў зварот да FSC. — Гэтая сістэма прымусовай працы нагадвае ГУЛАГ».
Член Еўрапейскага парламента і сустаршыня «Еўрапейскай партыі зялёных» Томас Вайц таксама далучыўся да звароту да FSC. «У ЕС неабходна стварыць моцную і герметычную сістэму санкцый, якія будуць тычыцца драўніны і ўсіх лесаматэрыялаў з Беларусі, — мяркуе палітык. — Любая дзейнасць у лясным сектары падсілкоўвае гвалт супраць апазіцыі, правоў чалавека і дэмакратыі».