Саша Філіпенка: Цяпер ужо трэба рыхтавацца прыхільнікам рэжыму

Пісьменнік упэўнены, што рэпрэсіі не спыняцца, а сілавікі пойдуць па «сваіх».

Саша Філіпенка. Фота з асабістага архіву

Саша Філіпенка. Фота з асабістага архіву

Саша Філіпенка — беларускі рускамоўны пісьменнік. Ён нарадзіўся ў Мінску, пісаў сцэнары да забаўляльных праграм на расійскім «Першым канале», працаваў на тэдеканале «Дождь» і RTVI, але ў апошнія гады жыве ў Швейцарыі. На радзіме на Філіпенку заведзеная крымінальная справа, верагодна, праз яго апазіцыйныя погляды: ён удзельнічаў у пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі ў Мінску ў 2020 годзе, а пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну асудзіў дзеянні Масквы.

Пра справу ў дачыненні да пісьменніка стала вядома, калі бацьку Аляксандра ў лістападзе 2023 года затрымалі ў Беларусі і прывезлі ў РУУС. Там мужчына падпісаў пратакол аб завядзенні крымінальнай справы на сына, пасля чаго яго самога арыштавалі на 13 сутак. Па якім артыкуле распачатая справа — дагэтуль невядома. Аднак на допыце, паводле слоў бацькі, «перад ім паклалі раздрукаваныя фотаздымкі мяне з прэзідэнтам Швейцарыі, з Ціханоўскай, з міністрам культуры Германіі. Бацьку тыкалі пальцам у гэтыя фота, задавалі пытанні. Пыталіся, ці ганарыцца яго сын Беларуссю і ці збіраецца вяртацца», — расказваў пісьменнік.

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з Філіпенкам пра яго крымінальны пераслед на радзіме, яго кнігі і пра тое, ці ўдаецца рэжыму Лукашэнкі раз'яднаць беларусаў.

— Давайце пачнем з размовы пра вашу крымінальную справу: ці ёсць па ёй рух? Па-мойму, такіх спраў на вас у Беларусі было заведзена некалькі?

— Нічога я пра яе не ведаю. Мы ведаем, што дома быў ператрус, мы ведаем, што ператрус праходзіў у рамках маёй крымінальнай справы. Тата не бачыў, які быў артыкул: ён бачыў толькі доўгі нумар справы, але па якім артыкуле яна была заведзена — не ведае. І ён быў у следчага на допыце, але таксама мы дагэтуль не ведаем, што за справа.

Быццам былі павінны адкрыцца яшчэ нейкія падрабязнасці, але я нічога не ведаю. Калі журналісты даведаюцца і мне раскажуць, у чым мяне абвінавачваюць, я буду ўдзячны. Я не ведаю.


Глядзіце таксама

— У інтэрв'ю вы гаварылі, што гэтая справа была заведзеная па даносе?

— Не, я не ведаю наогул, у сувязі з чым гэтая справа. Бо ніякай інфармацыі няма, то і няма ніякага разумення, чаму раптам яна з'явілася.

— А вашага тату затрымалі і адпусцілі ў выніку?

— Ён правёў 13 дзён у спецпрыёмніку, і яго адпусцілі. І ўвогуле адразу было зразумела, што да яго няма ніякіх прэтэнзій, што ўсё гэта было ў сувязі са справай у дачыненні да мяне.

Я не ведаю, у таты «стакгольмскі сіндром» ці не (стан, пры якім у закладнікаў фармуецца эмацыйная прыхільнасць да выкрадальнікаў, пры якім ахвяра спачувае і суперажывае злачынцу. — Заўв. рэд.), але ён кажа, што з ім абыходзіліся добра — настолькі, наколькі могуць добра абыходзіцца ў беларускіх турмах. Але ён кажа, што адразу было зразумела, што ўсе пытанні — да мяне.

— Ці не цяжка гэта маральна, што вашага бацьку рэпрэсуюць як бы праз вас, помсцяць яму за сына?

— Гэта, безумоўна, складана. Але мне здаецца, што гэта сітуацыя, у якой цяпер аказалася не толькі мая сям'я, у ёй аказаліся тысячы беларусаў. І пра гэта трэба працягваць гаварыць, бо адзінае, чаго дамагаюцца гэтыя людзі, — каб мы пачалі маўчаць. Там, безумоўна, няпростая сітуацыя, але абсалютна дакладна адзіна правільнае рашэнне — працягваць гаварыць пра гэта.

— Цяпер проста фенаменальны ўзровень знішчэння журналістыкі і культуры ў Беларусі. Вы можаце неяк адсачыць тэндэнцыю? Чаго чакаць? Таму што вы частка беларускай культуры і журналістыкі ў тым ліку.

— Мне здаецца, усё будзе адбывацца і далей. Будуць знаходзіць апошніх журналістаў, якія нешта робяць, будуць знаходзіць апошніх тэатралаў. Мне здаецца, што рэпрэсіі развіваюцца ўжо так моцна, што пад іх пачнуць трапляць людзі, якія падтрымліваюць рэжым, і мы ўжо бачым, што яны пачынаюць трапляць. Таму што калі махавік рэпрэсій раскручваецца, зразумела, што ў яго няма ніякіх лагічных тлумачэнняў гэтым рэпрэсіям.

І мне здаецца, што ўжо надыходзіць момант, калі ўся журналістыка ўнутры Беларусі, усе людзі, якія актыўна нешта рабілі, цяпер вымушаныя быць у такой унутранай эміграцыі. Мне здаецца, што якраз ужо трэба рыхтавацца прыхільнікам рэжыму. Таму што сілавікам трэба паказваць, што яны працягваюць працаваць, і яны будуць знаходзіць ворагаў цяпер ужо і сярод «сваіх» таксама.

— Уласна, гэта ўжо адбываецца.

— Так.

— Калі казаць пра літаратуру, пра эвалюцыю вашых чытачоў за гэтыя тры гады: ці можна сказаць, што большасць чытачоў — гэта эмігранты, якія пераехалі і чытаюць на рускай ці беларускай? Альбо гэта ўсё ж замежная аўдыторыя, якая чытае на замежнай мове?

— Я не ведаю, мне складана адказаць на гэтае пытанне, бо я ведаю, што мяне па-ранейшаму чытаюць і ў Беларусі. Ведаю, што мяне чытаюць і ва Украіне, і ў Расіі, і ў Літве, і ў Еўропе. Проста ў Еўропе, напэўна, становіцца больш чытачоў, таму што кнігі перакладаюцца ўсё на новыя і новыя мовы. Але хочацца верыць, што асноўны мой чытач усё роўна ў Беларусі.

— Можна згадаць гісторыю пра тое, што ў СІЗА на Акрэсціна ў Мінску была ваша кніга. Можаце расказаць гэтую гісторыю?

— Я ведаю не так шмат. Я ведаю, што, калі чалавек выйшаў на волю, ён расказаў мне, што гэтая кніга яго вельмі падтрымлівала, таму што яе чыталі і перадавалі з камеры ў камеру. Я не ўяўляю, як гэта было зроблена, проста тэхнічна як там магла апынуцца кніга, як яе чыталі.


Глядзіце таксама

Але гэта, безумоўна, галоўная ўзнагарода, якую можа атрымаць пісьменнік: не літаратурная прэмія, а калі ты разумееш, што кніга дапамагае людзям. Што гэта такі няхай і тэрапеўтычны эфект, але гэта нешта вельмі важнае. Гэта нейкае важнае прызнанне, якое ты атрымліваеш.

— Вы ў нейкім сцэнары ўяўляеце рэпрэсіі ў дачыненні да вашых чытачоў? Гэта ўжо часткова ёсць, таму што ёсць кнігі, якія ўваходзяць у «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», і можна іх чытачоў рэпрэсаваць масава. Дапусцім, як чарговая падстава.

— Ну, гэта пытанне таго, ці патрэбныя будуць гэтыя падставы, пакуль будуць дзейнічаць ранейшыя падставы, пакуль будуць знаходзіць людзей, знаходзіць у іх у тэлефонах нейкія фотаздымкі ці белыя палоскі на шкарпэтках. Мне здаецца, што падставу для пераследу прыдумаць — наогул не праблема. І ў гэтым сэнсе такое таксама можна сабе ўявіць.

— На ваш погляд, ці можна захаваць псіхалагічна здаровыя адносіны паміж беларусамі, якія ўнутры краіны, і якія з'ехалі?

— Я не ведаю, я не бачу ў гэтым праблемы. Ва ўсялякім разе, па зносінах са сваімі сябрамі, якія засталіся, або з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі.

Мне здаецца, што гэта пытанне проста павагі адно да аднаго, пытанне неперакладання віны на тых, хто застаўся, або на тых, хто з'ехаў. Разуменне таго, што многія з тых, хто застаўся, засталіся там у сілу нейкіх прычын, а многія з тых, хто з'ехаў, з'ехалі ў сілу нейкіх прычын.


Глядзіце таксама

І ў гэтым сэнсе мне здаецца, што, калі людзі будуць слухаць адно аднаго, будуць ісці насустрач адно аднаму, праблема гэтая будзе [стаяць] у меншай ступені або будзе не такой вострай. А беларусы, мне здаецца, у гэтым сэнсе вялікія малайцы і ўмеюць слухаць адно аднаго.

Цяпер я бачу, што там час ад часу ламаюцца дзіды ў Фэйсбуку, але Фэйсбук для таго і патрэбны. Мне здаецца, што ўсе самыя гарачыя галовы і ўсе самыя ўпэўненыя ў сабе людзі якраз з'яўляюцца ў каментарах у Фэйсбуку. Але я не бачу гэтай праблемы настолькі моцна, калі проста маю зносіны са знаёмымі людзьмі ці з блізкімі.