Галоўнае за тыдзень у Беларусі: версія «Бі-бі-сі»
Руская служба брытанскага выдання сабрала галоўныя навіны, якія, на яе погляд, з'явіліся ў Беларусі з мінулай пятніцы.
За «здзек з трагедыі»
На гэтым тыдні праваабаронцы і тэлеграм-каналы паведамілі адразу пра некалькі затрыманняў беларусаў за каментары адносна нападу ў «Крокус Сіці Холе», які здарыўся ў мінулую пятніцу. Ахвярамі трагедыі сталі больш за 140 чалавек.
У асноўным сілавікі затрымлівалі беларусаў, якія пакінулі ў сацсетках каментары, што ўлады палічылі «здзекам з трагедыі, якая адбылася ў Расіі».
Напрыклад, сілавікі прыйшлі да беларускі, якая спытала ў каментарах, чаму пасля нападу пад Масквой у Беларусі адмянілі мерапрыемствы, а калі Расія бамбіць украінцаў — не адмяняюць.
Яшчэ аднаго мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у сваім каментары ў Instagram «апраўдаў тэрарыстаў», намякнуўшы на нібыта існы след ФСБ у тэракце ў «Крокусе».
Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў фотаздымак яшчэ аднаго затрыманага беларуса. На здымку відаць, што ў яго перавязана правае вуха — гэтак жа, як у аднаго з фігурантаў справы аб нападзе ў «Крокус Сіці Холе».
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся пра трагедыю, якая адбылася ў Падмаскоўі. Апрануты ў вайсковую форму, на адным з трэніровачных палігонаў у коле лаяльных журналістаў і вайскоўцаў, Лукашэнка фактычна не пагадзіўся з версіяй Уладзіміра Пуціна аб тым, што падазраваныя ў нападзе загадзя планавалі схавацца ва Украіне.
«Яны не маглі пайсці ў Беларусь. Іх куратары (у нас ёсць падазрэнні на некаторых, гэта я Пуціну патэлефаную, скажу свае падазрэнні) — яны разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга. Таму што ў першыя хвіліны, як у Расіі частка вобласці перайшла на ўзмоцнены рэжым бяспекі, так і ў нас», — сказаў ён.
«Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расійскай мяжы», — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама адказаў на пытанне, ці збіраецца Расія нападаць на краіны Захаду пры падтрымцы Мінска.
«Расія нападзе з тэрыторыі Беларусі? Ніколі такой размовы не было. Нам дай бог разабрацца з Украінай. Якая яшчэ вайна супраць натаўскіх войскаў? Нам гэтага не трэба!»
Прысуд беларускаму журналісту
На гэтым тыдні суд у Мінску прысудзіў да трох гадоў калоніі журналіста Ігара Карнея.
Карней быў затрыманы яшчэ ў ліпені мінулага года на 10 сутак, але на волю так і не выйшаў. Супраць журналіста распачалі крымінальную справу аб «членстве ў экстрэмісцкім фарміраванні».
Паводле праўладных СМІ, Ігара абвінавачвалі ў напісанні журналісцкіх матэрыялаў для «Беларускай асацыяцыі журналістаў».
У гэтых матэрыялах ён нібыта абражаў Лукашэнку і прадстаўнікоў улады, а таксама паведамляў ілжывыя звесткі аб тым, што адбываецца ў Беларусі.
Швецыя пачне выдаваць беларусам «пашпарты замежніка» — але не ўсім
Швецыя пачне выдаваць некаторым беларусам з пратэрмінаванымі дакументамі так званыя «пашпарты замежніка». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Народныя амбасады Беларусі» са спасылкай на агенцтва па міграцыі Швецыі.
Напрыканцы мінулага года ў Беларусі выйшаў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам указ, згодна з якім замежныя дыппрадстаўніцтвы больш не будуць выдаваць беларусам пашпарты — для іх атрымання трэба будзе вярнуцца на радзіму.
Таму, як тлумачыць ініцыятыва «Народныя амбасады», шведская міграцыйная служба будзе выдаваць «пашпарты замежніка» ці іншы дакумент беларусам, якія знаходзяцца ў Швецыі, падаюць на ВНЖ і не могуць атрымаць пашпарт сваёй краіны праз гэтыя абмежаванні.
Офіс Святланы Ціханоўскай займаецца распрацоўкай «пашпарта Новай Беларусі», які будзе прызнавацца дзяржавамі, што падтрымліваюць дэмакратычныя сілы.
Палітвязню, які вярнуўся з Польшчы, дадалі яшчэ 1,5 года калоніі
На гэтым тыдні стала вядома, што суд у Беларусі дадаў яшчэ паўтара года калоніі палітвязню Аляксандру Кулікову.
Кулікоў з'ехаў з Беларусі ў Польшчу пасля падзей 2020 года, аднак неўзабаве вярнуўся пасля таго, як улады паабяцалі не пазбаўляць яго волі.
У выніку палітвязня затрымалі на мяжы і агулам асудзілі яго на 4,5 гады паводле шэрагу «экстрэмісцкіх» артыкулаў.
Кулікоў расказаў, як з'ехаў у Польшчу, каб уступіць у беларускі полк Каліноўскага, які ваюе на баку Украіны, і прайсці баявую падрыхтоўку пад Кіевам.
Пазней, як піша праваабарончы цэнтр «Вясна», пракурора не задаволіў такі прысуд, і Кулікову дадалі яшчэ паўтара года.