Хронікі рэпрэсій. Палітзняволенаму Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 4 красавіка.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1.webp

Палітвязню Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў зяць старшыні партыі БНФ Дзмітрый Антончык.

«Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра... і адразу з аперацыйнага стала адправілі ў камеру...», — напісаў Дзмітрый.

Нагадаем, Кастусёва асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

У судзе Пінска з 28 сакавіка 2024 году судзяць Сяргея Кулеша. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядае суддзя Яўгенія Мельнік.

Нагадаем, у красавіку 2021 году 14 палітвязняў паводле так званай «пінскай справы» пазбавілі волі на тэрміны ад 5,5 да 6,5 гадоў. Суддзя Яўген Брэган прызнаў іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса. Пасля гэтага ў ліпені 2021 году былі вынесеныя прысуды  дзесяці мужчынам па «пінскай справе»: Вера Філонік прызначыла ім ад 4 да 5,5 гадоў пазбаўлення волі. У кастрычніку 2021 году да трох з паловай і чатырох гадоў калоніі Андрэй Грушко асудзіў яшчэ двух фігурантаў «пінскай справы».

Цяпер паводле гэта ж артыкулу судзяць Сяргея Кулеша. Падрабязнасці пра ягонае абвінавачанне пакуль невядомыя.


Глядзіце таксама

3 красавіка ў Івацэвічах адбыўся суд па замене палітвязню Аляксандру Цялезе рэжыму ўтрымання, па выніках якога яго могуць перавесці ў турму. Справу разглядаў суддзя Сяргей Кухацкавалец, але вынік суда пакуль невядомы.

Нагадаем, у судзе Ленінскага раёна Гродна 21 студзеня 2022 года Аляксандра асудзілі да чатырох гадоў калоніі за каментары ў інтэрнэце. На судзе стала вядома, што адзін з пацярпелых па справе збіваў Цялегу пры затрыманні. 1 лістапада 2022 года над палітвязнем распачаўся новы працэс у судзе Пухавіцкага раёна зноў за каментары. У выніку суд прызначыў яму адзін год зняволення, але шляхам паглынання больш строгага пакарання менш строгім тэрмін пакінулі ранейшым.

У Ветцы была затрымана шматдзетная маці Ганна Малантаева. 2 красавіка суддзя Вольга Сычова разглядала адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), якая была заведзена на Маналтаеву. Вынік суда высвятляецца.

Ганна Маналтаева — маці 4-х непаўнагадовых дзяцей. У 2023 годзе яна была ўзнагароджана Ордэнам маці.


Глядзіце таксама

У Гомелі на 15 сутак арыштавалі начальніка праектнага інстытута «Гомельгіпразем». Гаворка пра Андрэя Варуева — начальніка трэцяга аддзела па землеўпарадкаванні Рэспубліканскага дачэрняга ўнітарнага прадпрыемства «Праектны інстытут «Гомельгіпразем». Яму прызначылі 15 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

За ўдзел у пратэстах затрыманы жыхар Брэста Яўген Мельнічук.

Пасля 13 сутак арышту не выйшаў на волю хрысціянскі прапаведнік Сергій Мельянец. Пра яго затрыманне стала вядома 20 сакавіка. У чым абвінавацілі мужчыну, невядома. Сергій Мельянец — хрысціянскі прапаведнік, паэт і выканаўца аўтарскай песні, бацька семярых дзяцей.

У Беларусі +13 новых палітвязняў. Гэта Дзіяна Кішкарэнка, Анастасія Юманава, Вольга Патрусаева, Дзмітрый Кучук, Міхаіл Петраш, Юрый Хаванскі, Піліп Сцёпін, Яўген Цыбулька, Вячаслаў Баравік, Дзмітрый Шчамер, Андрэй Анпілогаў.

Цяпер у спісах праваабаронцаў 1400 палітвязняў, але насамрэч іх нашмат больш.