«Аперацыя не прайшла бясследна». Марыю Калеснікаву працягваюць катаваць у калоніі

Больш за год, ад лютага 2023-га, блізкія Марыі Калесьнікавай нічога ня ведаюць пра яе. «Свабода» са сваіх крыніц дазналася трохі інфармацыі пра палітзьняволеную.

ko70.jpg

Апошні ліст ад Марыі Калесьнікавай родныя атрымалі 15 лютага 2023 году. З таго часу блізкія ня маюць пра яе аніякай інфармацыі. Выданне пагутарыла зь некалькімі чалавекамі, якія маюць зьвесткі пра Марыю за гэты пэрыяд. З прычын бясьпекі іх імёны не раскрываюцца.

«Увесь гэты час, прынамсі амаль год, Марыя знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Яе зьмясьцілі ў адзіночную камэру ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Паводле закону, максымальны тэрмін знаходжаньня ў ПКТ — 6 месяцаў. Таму яе пераводзілі на некалькі дзён у ШЫЗА — і адтуль зноў кінулі ў ПКТ», — патлумачыў адзін з суразмоўцаў.

Нагадаем, у канцы лістапада 2023 году асуджаная на 11 гадоў Марыя Калесьнікава трапіла ў рэанімацыю гомельскага шпіталя хуткай дапамогі. Ёй правялі экстраную апэрацыю, выявілі прабадную язву, якая ўскладнілася пэрытанітам. Пасьля лякарні ў хуткім часе Марыю перавялі назад у калёнію, у мэдыка-санітарную частку. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам. З таго часу родныя ня бачылі Марыю, не атрымлівалі лістоў і тэлефанаваньняў.

Яшчэ адна крыніца сьцьвярджае, што праблемы са здароўем у Марыі працягваюцца і цяпер.

«Па-першае, апэрацыя не прайшла бясьсьледна. Яна моцна схуднела. Перанесла некалькі прастудных захворваньняў. У яе быў высокі ціск, але ёй адмаўляліся адразу даць лекі. Ды што там — не хацелі нават па яе просьбе памераць ціск, хоць яна настойвала», — кажа суразмоўца.


Глядзіце таксама

Паводле яе слоў, Марыю пераводзілі ПКТ у ШЫЗА. Адрозьненьне ў тым, што ў ШЫЗА больш холадна і сыра, чым у ПКТ, не даюць матраца, падушкі, коўдры, пасьцельнай бялізны і верхняй вопраткі.

«Застаесься толькі ў футболцы, «ласінах» і форменным гарнітуры. Спаць даводзіцца на голых дошках. У такіх умовах была і Марыя. Ад холаду і вільгаці там пачынаюць балець суставы», — кажа яшчэ адна суразмоўца, якая нядаўна вызвалілася з гомельскай жаночай калёніі.

Паводле яе слоў, Марыю Калесьнікаву пасьля ШЫЗА перавялі назад у ПКТ, дзе ўмовы былі лепшымі. «Там хоць ёсьць матрац, коўдра, пасьцельная бялізна і вопратка», — зазначыла крыніца.

Суразмоўца дадае, што Марыю Калесьнікаву ня водзяць на працу, яна ізаляваная ў адзіночнай камэры. Іншыя зьняволеныя жанчыны, трапляючы ў ШЫЗА, чулі яе голас, калі яна была там і казала ахоўнікам пра тое, што адчувае сябе блага.

Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Марыя Калесьнікава была адной з кіраўнікоў штабу Віктара Бабарыкі. У верасьні 2020-га сілавікі спрабавалі яе выдварыць з краіны, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. У выніку Марыю абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзілі на 11 гадоў калёніі. Таксама яна знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія, на думку беларускіх уладаў, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці.