Урокі шчырасці ад Лукашэнкі

«Сумная іронія сітуацыі ў тым, што павучанні транслюе архітэктар сістэмы, пабудаванай на хлусні, фальсіфікацыях», — піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

1_617_logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка маралізаваў перад чыноўнікамі на тэму, што хлусіць дрэнна. Але тыя ж не дурні і напэўна памятаюць, як правадыр не раз прызнаваўся, напрыклад, у фальсіфікацыі выбараў, нават казыраў гэтым.

4 красавіка, прымаючы кадравыя рашэнні, Лукашэнка перасцярог кіраўнікоў ад спроб хлусіць: «Гэтага ніколі не рабіце ў сваім жыцці. Калі нават я не заўважыў у дадзены момант, бываючы ў вас, што вы мяне ці кагосьці падманулі, заўтра гэта адаб'ецца на выніках. Гэта бокам вылезе».

Сумная іронія сітуацыі ў тым, што такія павучанні транслюе архітэктар сістэмы, пабудаванай на хлусні, фальсіфікацыях. Прычым сам кіраўнік дэ-факта дае зразумець, што калі гаворка ідзе пра захаванне ўлады, то ўсе сродкі добрыя.

«Так, мы апошнія выбары фальсіфікавалі»

У лістападзе 2006 года Лукашэнка ашаламіў публіку ганарлівым прызнаннем на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх журналістаў: «Так, мы апошнія выбары фальсіфікавалі, я ўжо заходнікам гэта казаў. За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. 93,5. Але, кажуць, гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі восемдзесят... шэсць?» (насамрэч на выбарах-2006 ЦВК напісаў правадыру 82,97%).

Гэта значыць ён выдаў падтасоўку за доблесць, велікадушны жэст: я, маўляў, такі магутны і ўпэўнены ў сваёй папулярнасці ўладар, што дзеля ўлагоджвання павернутых на дэмакратыі еўрапейцаў магу даць указанне злёгку падрэзаць свой паказчык. Тое, што падмяняць лічбы галасавання — у прынцыпе злачынная справа, кіраўніку, мабыць, у галаву не прыйшло.

Больш за тое, пазней ён некалькі разоў пацвердзіў тую гульню з вынікамі галасавання, у прыватнасці — у інтэрв'ю расійскім «Вестям».


Глядзіце таксама

У верасні 2020-га, калі сотні тысяч суайчыннікаў выходзілі на вуліцы пратэставаць супраць крадзяжу сваіх галасоў на выбарах, кіраўнік рэжыму на жаночым форуме «За Беларусь» заявіў: «Я вам клянуся, ніякай хлусні на выбарах не было. Нельга фальсіфікаваць выбары ў 80% (галасоў за Лукашэнку. — Заўв. А. К.)».

Але ў лютым наступнага года на Усебеларускім народным сходзе правадыр, закрануўшы гэтую відавочна хворую для сябе тэму, быў ужо не такім катэгарычным: «Ну, ведаеце, вось адкрыта — у нашых губернатараў ёсць звычка паказаць, у каго лепш. І хто паўпрацэнта, працэнт, мог два дапісаць (галасоў за Лукашэнку. Заўв. А. К.). Але, слухайце, ну нельга намаляваць 80%».

Больш за тое, прамоўца стаў нават гандлявацца за прызнанне сваёй перамогі: «Ну добра, калі камусьці не падабаецца 80%, хай будзе 76%. Хай нават будзе 68%, як у сярэднім цяпер па анкетах (гаворка, мабыць, пра адно з сацапытанняў. Заўв. А. К.), няхай. Але ўсё роўна мы пераможцы...»

Гэта значыць, дзясятак адсоткаў туды-сюды — падумаеш, якая дробязь. Не будзьце занудамі, не прыдзірайцеся.

І пытанне нават не ў тым, колькі прыпісалі вертыкальшчыкі. Паводле закону выканаўчая ўлада ў прынцыпе не павінна соваць нос у падлікі выбаркамаў. Але Лукашэнка, як бачым, нават не хавае, што электаральнымі лічбамі круцяць — круцяць ён сам і яго падручныя. Гэта значыць, паняцце пра прававую дзяржаву, пра тое, што законна, а што злачынна, у цяперашняга кіруючага класа атрафіравана начыста.

Канстытуцыйны суд на падтанцоўцы ў дыктатуры

Хочаш не хочаш, а — скажам мякка — грашыць супраць ісціны даводзіцца ўсім чыноўнікам. Бо яны ў сістэме. Інакш не толькі крэсла страціш, але, таго і глядзі, у турму сядзеш як здраднік.

Вось, напрыклад, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў журналістам, што ў Беларусі рэальна забяспечваецца гарантыя рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.

Гэта прытым, што ў краіне цяпер, паводле даных праваабаронцаў «Вясны», 1400 палітычных зняволеных (на самой справе — нашмат больш, да таго ж трэба ўлічыць тых, хто адбылі тэрмін). Прытым, што сотні тысяч нязгодных з палітыкай рэжыму выціснутыя ў эміграцыю. Прытым, што кожны дзень сілавікі хапаюць усё новых «ворагаў» — тых, хто проста хоча іншых парадкаў, і перш за ўсё — каб галасы на выбарах лічыліся сумленна.

Былі часы, калі Канстытуцыйны суд прызнаваў незаконнымі ўказы тады маладога яшчэ прэзідэнта Лукашэнкі, які ўсё больш адкрыта дэманстраваў дыктатарскія замашкі. Больш за тое, у 1996 годзе яму паспрабавалі вынесці імпічмент. Але Лукашэнка, правёўшы з сур'ёзнымі парушэннямі рэферэндум, рэзка ўзмацніў свае паўнамоцтвы, зламаў сістэму стрымак і проціваг у дзяржаве, разагнаў Вярхоўны Савет, падмяў пад сябе ўсе галіны ўлады.


Глядзіце таксама

З тых часоў і Канстытуцыйны суд — на падтанцоўцы ў дыктатуры. Ён нязменна славіць нібыта ўрачыстасць законнасці ў краіне і заплюшчвае вочы на тое, што дэ-факта канстытуцыйныя правы грамадзян растаптаны. І тых, чые палітычныя погляды разыходзяцца з лініяй рэжыму, проста не лічаць за людзей.

Пры гэтым разгуле беззаконня, палітычнага тэрору на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Канстытуцыйнага суда, гучалі фальшывыя прамовы ў духу песні сталінскіх часоў: я іншай такой краіны не ведаю, дзе так вольна дыхае чалавек.

Застаецца палохаць і падманваць

Сістэма, якую пабудаваў Лукашэнка, наскрозь працятая хлуснёй. «Моцныя гаспадарнікі» спрэс і побач займаюцца прыпіскамі, ашуканствам, таму што эканоміка шмат у чым захавала саўковыя рысы, калі няма сапраўднага гаспадара, калі галоўнае — прыгожа даць справаздачу перад вышэйшым начальствам.

У школах, ВНУ, на прадпрыемствах людзям уціраюць нейкую дзяржаўную ідэалогію, прытым што сам Лукашэнка прызнаецца: яе яшчэ не прыдумалі.

Вялікія начальнікі запэўнівалі, што ніякага нападу на Украіну з беларускай тэрыторыі не будзе, а 24 лютага 2022 года аказалася, што гэта была бессаромная хлусня.

І такіх прыкладаў поўна, якую сферу ні вазьмі, дзе ні капні.

І нарэшце, самае балючае для беларускага грамадства — фокусы ўладаў з электаральнымі лічбамі. Даныя платформы «Голас» паказалі, што ў 2020 годзе Святлана Ціханоўская апярэдзіла Лукашэнку. Ды і чыста эмпірычна людзі з белымі бранзалетамі на запясцях у чэргах да ўчасткаў адчувалі, чыя бярэ.

Аднак ЦВК абвясціў, што кіраўнік набраў 80% галасоў, а Ціханоўская — толькі 10%. Абурэнне вывела на вуліцы мноства грамадзян, але гэтая мірная рэвалюцыя была задушаная жалезнай хваткай дыктатуры, якая цяпер ідзе па шляху таталітарызацыі.

Так, кіраўнік не любіць, калі чыноўнікі хлусяць яму асабіста, а тым больш крадуць цішком. Але калі гаворка ідзе пра захаванне рэжыму, дазволена ўсё: і хлусіць пра змовы, інтрыгі праклятага Захаду («натаўцы», маўляў, стаяць на нізкім старце, каб захапіць краіну), і катаваць, калечыць палітычных праціўнікаў (пры гэтым запэўніваючы ў прапагандысцкіх сюжэтах, што тыя за кратамі — як у санаторыі), і маляваць фантастычныя лічбы галасавання.

«Мужыкі, усё сканцэнтравана на тое, каб знайсці шлях нас зваліць. Якія б ні былі ў нас з вамі адносіны (я вас там лаяў, здымаў з працы і іншае), вы павінны быць дзяржаўнымі людзьмі», — тлумачыў Лукашэнка новаспечаным начальнікам.


Глядзіце таксама

У гэтай сістэме «быць дзяржаўнымі людзьмі» азначае любой цаной забяспечваць непахіснасць рэжыму. Няма і думкі, што змена ўлады на выбарах — гэта, на хвілінку, нармальная рэч. Наадварот, меркаваць так — думказлачынства. А калі ранейшая падтрымка народа страчана, то застаецца трымаць яго ў страху і маляваць пасля імітацыі народнага волевыяўлення патрэбныя сабе лічбы.

Кіраўнік фактычна паўтарыў перад прызначэнцамі сваё знакамітае «часам не да законаў»: «Я часта публічна кажу: рабіце што хочаце і як вы лічыце патрэбным. Натуральна, ёсць законы, правілы, яны ўжо даўно ў нас у крыві. Але там, дзе патрэбны вынік, трэба прайсці побач, плячо ў плячо з гэтым законам і прыняць рашэнне».

Лукашэнка ўжо нацэліўся на прэзідэнцкія выбары 2025 года. Не выключана, што цяпер ён захоча паказаць вынік не горшы, чым ва Уладзіміра Пуціна ў мінулым месяцы (87,28%). Гэта значыць, пад 90%.

І як вы думаеце, што выберуць для сябе вертыкальшчыкі — наіўна вызнаваць завешчаную правадыром сумленнасць (і рызыкаваць крэслам у выпадку «дрэннага» галасавання) або падыграць свайму ўладару з арыфметыкай на будучых выбарах?

Прычым, з улікам рэальнага раскладу палітычных пераваг, фальсіфікаваць давядзецца, мабыць, істотна. Так што новая вялікая хлусня ўжо запраграмавана.