Хлусня як сістэмная аснова дзяржаўнай палітыкі
Лукашэнка наведаў будаўніцтва новай гарадской бальніцы ў Гродне. Ён у чарговы раз паскардзіўся, які яму дастаўся няўдзячны «народзец». Вось толькі спрабуючы ў чарговы раз выглядаць «дабрадзеем», ён проста разбурыў усё тое, што вербальна выбудоўваў раней цэлы год.
Ключавая яго заява ў тым, што медыкаў у краіне хапае, але гэтыя медыкі хочуць «працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе».
«Кажуць, таго не хапае, гэтага не хапае: лекараў не хапае, медсясцёр. Слухай, у нас усяго хапае. Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку лекары, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы, як у Амерыцы, яшчэ дзесьці. Дык яны суткамі працуюць, асабліва моладзь. Гэта я ведаю дакладна. Суткамі працуюць. Ну, яны і зарабляюць. А ў нас там паўтара чалавека не хапае. Катастрофа! Якая катастрофа! Хай лекары працуюць, тыя, якія працуюць і зарабляюць. І я потым табе сам-насам скажу, колькі зарабляюць у лепшых клініках. Не, я магу сказаць цяпер без прозвішчаў, да 10 тысяч рублёў зарабляюць лекары. 8-10 [тысяч] прэзідэнцкая зарплата. Дзе хочуць працаваць там, яны зарабляюць», — сказаў ён.
Пра 8-10 тысяч заробак медыкаў — такога не снілася нават Піневічу. Відавочна, што дзеда панесла, і ў гэты момант ён не думаў, што самі медыкі выдатна ведаюць, колькі яны зарабляюць.
Што да кадраў, то не далей, як год таму сам Лукашэнка прызнаваў: «Нібыта рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі! Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце. І ніякіх адгаворак — пасля таго як адвучыўся, пяць гадоў павінен адпрацаваць!», — разносіў Мінздароўя Лукашэнка ў траўні мінулага года.
Менш за год прайшло — і «медыкаў хапае». Астролагі абвясцілі месяц бальніц, і колькасць лекараў вырасла ўдвая? На самай справе — не. Проста адкрыццё лякарні — гэта, па меркаванні кіраўніка, не тая сітуацыя, дзе можна казаць пра крызіс (а пра яго можна казаць). Лукашэнка палічыў за добрае не псаваць свята, але ў выніку вымушаны быў зноў хлусіць…
Між іншым, пасаж пра «атрымліваць вялікія грошы, як на Захадзе» — вельмі цікавы. Ці не сам Лукашэнка нас запэўніваў, што літоўцы ездзяць у Беларусь з соллю і грэчкай, што палякі рвуцца да нас за таннымі прадуктамі і няма чаго беларусам там рабіць... І вось раптам, аказваецца, на Захадзе ўсё ж зарабляюць больш, для беларускіх медыкаў гэта мара, і праца на Захадзе, атрымліваецца, больш прывабная за Беларусь.
Не хацелася б расстройваць дзядулю, але беларускія медыкі хочуць не толькі зарабляць, як на Захадзе, але і працаваць, як на Захадзе. Пасля ад'езду вялікай колькасці нашых спецыялістаў за мяжу мы ведаем, як там уладкаваная медыцына. Без шалёных перапрацовак, без «змен пасля дзяжурстваў», калі ў выніку лекары працуюць па 36 гадзін запар, без бясконцага запаўнення паперак і справаздачаў. І канешне, на самай справе ніхто так не «працуе суткамі» (у адрозненне ад нашых лекараў), бо за гэтым шчыльна сочаць прафсаюзы.
А зарабляюць — усё роўна «як на Захадзе».
І, дарэчы, сам пацыент даў падставу для дыягназу. «У пандэмію плацілі дадаткова. Я ім сказаў: я вам гэта пакідаю. Пакінуў. Лекары не верылі, што гэта будзе. Мы пакінулі», — шчыра заявіў Лукашэнка пра «кавідныя выплаты».
Імаверна, многія з прысутных падумалі, што ў дзядулі сапраўды дэменцыя, і ён не памятае, што тыя самыя «кавідныя выплаты» напраўду былі скасаваныя не чым іншым, як яго ж указам. Замест іх для лекараў былі ўсталяваныя нейкія «стымулюючыя выплаты», але персанальна Лукашэнка падпісаў указ аб спыненні «кавідных выплат».
«Не будзем працаваць — загінем. Галоўнае — магчымасці. Дзяржава павінна даць магчымасці», — закончыў сваю прамову Лукашэнка. Ці не закончыў? Але пра ілюстрацыю таго, якія магчымасці дае дзяржава, мы зноўку пабачылі на тыдні.
Беларусь страціла Danone — аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў малочных прадуктаў. Журналісты выдання Plan B звярнулі ўвагу на аб'яву ў часопісе «Юстыцыя Беларусі» аб ліквідацыі кампаніі «ДанонБел», якая на працягу больш за 15 гадоў пастаўляла ў нашыя крамы «Актывію», «Данісіма» і іншыя маркі малочнай прадукцыі.
Danone прыйшла на беларускі рынак у 2008-м, адкрыўшы для дыстрыбуцыі сваіх прадуктаў кампанію «ДанонБел». У 2010-м Danone набыла два малочныя заводы — у Пружанах і Шклове. У 2021-22 гадах «ДанонПружаны» было далучана да «Пружанскага малочнага камбіната», які стаў часткай (увага!) Аграпрамысловага холдынгу Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Другі завод «ДанонШклоў» французская кампанія прадала аднаму з беларускіх бізнесоўцаў у 2022-23 гадах.
Аднак дыстрыбуцыйны бізнес Danone працаваў. Праз «ДанонБел» да апошняга часу завозіліся на паліцы беларускіх крамаў прадукты з расійскіх і некаторых іншых заводаў карпарацыі. У 2022 годзе Danone заявіў пра сыход з Расіі, але ўстрымліваўся ад каментароў пра свой беларускі бізнес.
Цяпер, мабыць, дзяржава стварыла яму настолькі добрыя ўмовы ў выглядзе ўказа аб рэгуляванні коштаў, што гэты ўказ па сваёй эфектыўнасці перабіў і палітычны крызіс 2020 года, і рэпрэсіі, якія рушылі за ім, і нават напад Расіі на Украіну. «Магчымасці» беларускай дзяржавы аказаліся для Danone больш зруйнавальнымі, чым вайна.
Цікава, што пасля Гродна, прыехаўшы ў Мінск, і, прызначаючы новых кіраўнікоў на месцах пачаў вучыць тых таму, што… Не трэба хлусіць!
«Хлусні дапускаць нельга, асабліва цяпер. Гэта ў перспектыве няправільныя рашэнні з боку тых, хто атрымлівае гэтую інфармацыю. Вы мяне падманулі — я прыняў няправільнае рашэнне. Гэта адаб'ецца на ўсёй краіне. Нельга гэтага дапускаць. І не дазваляйце сваім падначаленым адпаведным чынам сябе паводзіць», — сказаў Лукашэнка прызначэнцам.
Вось мне вельмі цікава, што думалі гэтыя прызначэнцы, калі пачулі такія словы ад чалавека, пасля яго выступу ў Гродна (які яны, канешне ж, паслухалі). Якія думкі былі ў іх галовах? Ці не ўзнікла ў іх дзіцячага пытання: «Чаму табе можна, а нам — не?»
А вось адказ на пытанне, ці сапраўды яны будуць казаць яму праўду — відавочны. Таму што сістэма пабудаваная на хлусні, праўду не вытрымае.