«Завышаюць прыкладна на траціну». Як чыноўнікі хлусяць пра сярэдні заробак
Чыноўнікі хлусяць як мінімум двойчы: калі кажуць пра сярэдні заробак і калі робяць лекараў у паўтара разы багацейшымі за астатніх — лічыць эканамічны эксперт, з якім паразмаўляла bgmedia.site.

Улады Беларусі любяць выхваляцца тым, што даходы насельніцтва з годa ў год растуць. «Без нас ужо не будзе так добра» — гэты наратыў актыўна запускаецца ў грамадства, асабліва цяпер, калі краіна знаходзіцца напярэдадні электаральных кампаній. Да таго ж сёлета будзе роўна 30 гадоў, як Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.
Таму прапаганда асабліва цісне на тое, што пад яго «чулым кіраўніцтвам» дасягнуты грандыёзныя поспехі. Але між тым, што рэальна адчуваюць беларусы ў сваіх кішэнях, і тым, што нібыта бачаць у іх чыноўнікі, велізарная розніца.
Для пачатку адзін паказальны прыклад. У канцы мінулага года міністр аховы здароўя РБ Дзмітрый Піневіч заявіў, што звычайны лекар у нас зарабляе за месяц на 50% больш за сярэдні заробак па краіне. Паводле апошніх даступных звестак, гэта значыць, што за лістапад мінулага года сярэдняя зарплата складала 1975,6 рубля да выплаты падаткаў. Пасля выліку падаткаў у атрымальніка сярэдняга заробку заставалася 1699 рублёў. Няцяжка палічыць: на 50% больш — гэта амаль 2550 рублёў.
Выданню ўдалося пагутарыць з некалькімі тэрапеўтамі, якія працуюць у паліклініках (бо Піневіч казаў пра сярэдні медычны заробак, не пра нейкіх вузкіх спецыялістаў). Практычна ўсе яны называлі суму сваёй зарплаты ў два разы меншую, чым 2500. І гэта з улікам розных надбавак і працы больш, чым на стаўку. Не давяраць адразу некалькім лекарам няма падстаў. Значыць, застаецца адно з двух: альбо хлусіць міністр, альбо статыстыка скажае рэальнасць. Хутчэй — і тое, і другое.
Глядзіце таксама

Але калі ўсё ж выказаць здагадку, што сярэдні заробак у Беларусі складае каля 1700 рублёў чыстымі, то ў наяўнасці вялікая разбежка паміж верхняй і ніжняй мяжой. Пра што, дарэчы, вельмі не любіць згадваць беларуская ўлада. І справа ж не толькі ў тым, што яна ўжо 30 гадоў падае сябе ў якасці змагара за сацыяльную справядлівасць і супраць грамадскага расслаення. Маўляў, розніца паміж самымі высока- і нізкааплатнымі катэгорыямі ў нас не вышэйшая, чым у тры-чатыры разы, як у скандынаўскіх краінах, а не ў 10-15, як у многіх азіяцкіх і нават у РФ.
— Тут
важна разумець: чым большы гэты
разрыў (паміж самымі багатымі і самымі беднымі), тым большыя колькасныя суадносіны на карысць
бедных. Умоўна кажучы, калі ўзяць за аснову сярэднюю зарплату «чыстымі» (1700
руб.), каб выйсці на яе, мы павінны мець зусім малы працэнт тых, хто зарабляе
3500-5000 і вышэй (гэта, у асноўным, айцішнікі, банкіры, топ-менеджары, буйныя чыноўнікі) і,
адпаведна, вельмі шмат людзей, у якіх месячны даход не перавышае 1200. Думаю,
такіх рэальна большасць. Адсюль можна вывесці т.зв. медыянны заробак*, які і
будзе прыкладна 1250-1300. Фактычна, лекар у паліклініцы і атрымлівае столькі —
каля 100% ад «медыя», а ніяк не 150% ад т.зв. сярэдняй лічбы, намаляванай у галовах
чыноўнікаў. Гэта значыць, па вялікім рахунку, чыноўнікі двойчы хлусяць — і з нагоды сярэдняй зарплаты,
завышаючы яе прыкладна на траціну, і адносна таго, што лекар атрымлівае ў
паўтара разы больш за гэтую сярэднюю.
Так пракаментаваў сітуацыю на ўмовах ананімнасці доктар эканамічных навук. Пры гэтым у савецкі час лекар у сярэднім зарабляў суму, блізкую да «медыя». Праўда, тады медыянны і сярэдні заробак (які агучвала статыстыка) былі вельмі блізкія.
У другой палове 80-х сярэднія заробкі складалі 185-200 рублёў. Па пакупніцкай здольнасці гэта прыкладна адпавядала цяперашнім 1800-2000. Таму ўладам, відавочна, выгадна раўняцца на гэтую велічыню. Хоць і тут ганарыцца па вялікім рахунку няма чым. Бо калі ўлада за 30 гадоў не змагла забяспечыць хоць нейкі рэальны рост даходаў сваіх грамадзян, месца ёй на гістарычным сметніку, лічыць эксперт.
Звальваць усё на вайну, інтрыгі ворагаў, эканамічны крызіс і іншае бязладдзе ўжо не атрымаецца. Хутчэй гэта кажа аб вашай некампетэнтнасці і прафнепрыгоднасці. Тым больш што рэальная пакупніцкая здольнасць беларусаў за тры дзесяцігоддзі нават знізілася.
Глядзіце таксама

Між тым: у суседзяў мінімалка вышэйшая за нашу «сярэднюю»
Мінімальны заробак у Беларусі з пачатку гэтага года да выплаты падаткаў складае 626 рублёў. З 1 студзеня яго павялічылі на 13% да леташняга ўзроўню. Пасля выплаты падаткаў на руках атрымальніка застаецца 538 рублёў. А цяпер параўнаем гэта з тым, што маюць нашы суседзі.
У Літве з 1 студзеня мінімальны заробак таксама павялічылі — на 10%. Але гэта, на хвілінку (!) 924 еўра (3270 руб.). Гэта сума да выліку падаткаў, пасля іх выплаты на руках застаецца 708,4 еўра (2510 руб.). Выходзіць, што ў Літве мінімалка ў пяць з лішнім разоў вышэйшая, чым у Беларусі. І нават вышэйшая на 800 рублёў (!) за тую сярэднюю, якую абвясціў Белстат.
У Польшчы мінімальны заробак з 1 студзеня паднялі амаль на 18% — да 4242 злотых (3455 руб.). Пасля выплаты падаткаў у палякаў на руках застанецца 3222 злотыя (2624 руб.). У гэтай краіне мінімальны заробак у 5,5 разоў большы, чым у беларусаў, і на 900 з лішнім рублёў (!) вышэйшы за нашу сярэднюю зарплату.
Падобная сітуацыя і ў Латвіі. Там мінімалка вырасла з 620 да 700 еўра (чыстымі 2475 руб.), таксама вышэйшая за беларускую сярэднюю. Наша мінімалка саступае латвійскай амаль у 4 разы.
Для больш карэктнага параўнання заробкаў варта разглядаць не толькі суму, якую жыхары нашай і суседніх краін атрымліваюць на рукі, а колькі і чаго яны могуць купіць на гэтыя грошы. Але тут трэба разумець, што кошты і тарыфы на большасць тавараў і паслуг (акрамя паліва, ацяплення ў дамах і праезду ў транспарце) у суседзяў прыкладна роўныя беларускім, а некаторыя тавары — нават таннейшыя за нашы.
З гэтага лагічна вынікае адказ на пытанне, чаму дзясяткі тысяч нашых суайчыннікаў едуць у пошуках працы і лепшага жыцця ў Польшчу і краіны Балтыі, а зваротнага руху неяк не назіраецца. Зрэшты, ёсць таму і яшчэ адно тлумачэнне. Людзі едуць не толькі туды, дзе больш выгадна ў матэрыяльным плане, але і дзе камфортней з пункту гледжання бяспекі. А гэтая катэгорыя, што была на працягу чвэрці стагоддзя адной з плюсавых фішак лукашэнкаўскага рэжыму, пасля падзей 2020-га таксама ператварылася ў фантом.
* Медыянны заробак — паказчык, які адлюстроўвае суму ў цэнтры зарплатнага шэрагу і дзеліць яго на дзве роўныя часткі: палова работнікаў маюць заробак меншы за гэты паказчык, палова — большы.