Што не так з ростам заробку? Беларусы «праядаюць» не толькі валютныя дэпазіты, але і хатнія зберажэнні

У той час, як афіцыйная статыстыка і прапагандысты рапартуюць пра рэкорднае павелічэнне заробкаў у краіне, паводзіны насельніцтва відавочна не адпавядаюць гэтым пераможным рэляцыям.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Шырокая грашовая маса за верасень павялічылася на 3,8%, або 2,6 млрд рублёў, і склала 71,5 млрд рублёў. У параўнанні з пачаткам восені мінулага года рост склаў 29,5%. Пры афіцыйнай гадавой інфляцыі ў два працэнты і трохпрацэнтным росце ВУП можна казаць пра тое, што ў эканоміцы сфармаваўся значны грашовы навес, заўважае тэлеграм-канал «Вашы грошы».

Павелічэнне шырокай грашовай масы ў верасні стала вынікам росту і пераацэнкі валютных дэпазітаў, а таксама павелічэння рублёвай грашовай масы. Першае прывяло да росту ШГМ за месяц на 1,2 млрд руб, другое — на 1,6 млрд руб за кошт павелічэння сродкаў на бягучых і тэрміновых рахунках.

Рост шырокай грашовай масы ў верасні з'яўляецца звыклым. Для бізнесу гэта час павялічыць рэзервы перад перыядам выплат квартальных падаткаў, а для насельніцтва — час, калі можна назапасіць пасля адпачынкаў і старту навучальнага года.

На што можна звярнуць увагу ў свежых даных аб аб'ёме грошай у беларускай эканоміцы:

Па-першае, доля наяўных у шырокай грашовай масе працягвае заставацца вельмі высокай. Цяпер гэта 12,7% усіх грошай у эканоміцы. Годам раней паказчык складаў 11,1%. Агульны аб'ём наяўных рублёў у эканоміцы цяпер на 49% большы, чым у верасні 2022 года.

Па-другое, доля хуткіх грошай у эканоміцы (наяўныя і сродкі на бягучых рахунках бізнесу і насельніцтва) працягвае рост. Цяпер гэта ўжо каля траціны шырокай грашовай масы. Сродкі на бягучых рахунках насельніцтва прыраслі на 326 млн (+6%), а ў юрыдычных асоб на 225 млн (+3,1%). Нагадаем, што асаблівасць гэтых сродкаў у іх высокай ліквіднасці, то-бок банкі і насельніцтва могуць распараджацца імі без часовых затрымак.

У выпадку рэзкага росту інфляцыйных або дэвальвацыйных чаканняў пераводныя дэпазіты могуць хутка апынуцца на валютным рынку або ўзняць продаж тавараў або паслуг. Першае прывядзе да росту курсаў, другое — да росту інфляцыі.

Па-трэцяе, працягваюць скарачацца валютныя дэпазіты насельніцтва. За год іх аб'ём знізіўся з $3,7 млрд да $3 млрд, або на 17%. А толькі за верасень валютных дэпазітаў насельніцтва стала на $69 млн менш. Гэта пры тым, што чысты продаж валюты фізічнымі асобамі ў верасні склаў $75 млн.

Выходзіць, што беларусы «праядаюць» не толькі валютныя дэпазіты, але і «хатнія» зберажэнні. Такая карціна відавочна не адпавядае таму, што статыстыка паказвае на заработныя платы. Іх гадавы рост у рэальным выражэнні, гэта значыць ужо з папраўкай на інфляцыю, згодна з Белстатам, складае больш за 15%.