«Ізраіль для Беларусі — важнейшы, чым Афрыка. Чым уся Афрыка, разам узятая»

Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч у тэлеграм-канале «Эканоміка Беларусі» разважае пра тое, чаму для беларусаў важны Ізраіль, і пра тое, што беларускія ўлады ўпарта сябруюць «не з тымі і не так». І чым такое ўпартае сяброўства можа скончыцца.

Фота: reuters.com

Фота: reuters.com

Вайна Ізраіля з тэрарызмам расставіла пастку, і беларуская дзяржпрапаганда скокнула ў яе з разбегу і з дрэнна схаваным задавальненнем.

Гэтыя малапісьменныя грамадзяне ўжо на ўсю моц «топяць за Палесціну».

І ўсё б і нічога, хто ж чакаў ад іх вяршынь гуманізму і ведаў гісторыі, але ёсць тут адна эканамічная коска.

Ізраіль для Беларусі — важнейшы, чым Афрыка. Увага — чым уся Афрыка, разам узятая!

Не так даўно нястомны Раман Галоўчанка непакоіўся адносна мізэрнасці лічбаў экспарту на «Чорны кантынент». Маўляў, сябруем-сябруем, а там — усяго 200 млн долараў, непарадак.

Я павінен нагадаць, што і экспарт у дружалюбны Іран, які падтрымлівае тэрарыстаў, складае таксама суму, якая ніяк не радуе свядомасць — усяго 80 млн долараў.

На гэтым фоне беларускі экспарт тавараў і паслуг у 9,5 мільённы Ізраіль (у 2021-м) 229,8 млн долараў. І сальда — выключна станоўчае, пад 140 млн долараў.

А калі яшчэ ўспомніць, што, пасля падзей 2020-га года Ізраіль паводзіў сябе выключна прагматычна і не рваў сувязі з нелегітымным кіраўніком, то эфект ад публічнай падтрымкі «нашых палесцінцаў» для эканомікі Беларусі можа быць некалькі большы за чаканні. Адмоўны, безумоўна, эфект. Гэтак можна і ... дагаварыцца.

Але хто ж іх спыніць, «імчыцца тройка...»

А сама эканоміка Ізраіля павінна была б стаць для Беларусі ўзорам, прыкладам. Пры вельмі падобным насельніцтве ВУП — пад 500 млрд долараў, або — у 7 разоў большы, чым у Беларусі. Без нафты, лесу, рэк і азёр, без радовішчаў калію, у пустыні, дзе ўсё прыйшлося будаваць «з нуля».

З-за тэрарыстычнай атакі Ізраілю прыйшлося «распячатаць скарбонку» і выдаткаваць на падтрымку шэкеля 30 млрд долараў, але не, гэта не апошнія грошы. Там у ЗВР ляжала каля 200 млрд долараў. Нагадаю — у Беларусі ЗВР усяго 8 млрд долараў, у 25 разоў менш.

Пры аднолькавым насельніцтве...

Але сябар нам — убогі (прабачце) Іран, а не Ізраіль.