Вайна ХАМАС — Ізраіль. Дасье ў карыкатурах
Адначасова з эскалацыяй сітуацыі на Блізкім Усходзе пачалася вайна карыкатур, аўтары якіх па-рознаму бачаць вытокі вайны.

Найперш мастакі звяртаюць увагу на поўны правал ізраільскай разведкі, якая 7 кастрычніка дапусціла такі маштабны тэракт. У гэты дзень, прарваўшы бар'ер паміж Сектарам Газа і Ізраілем і пракраўшыся ў ізраільскія населеныя пункты і на ваенныя аб'екты, баевікі ХАМАС забілі не менш за 1300 ізраільцян. Некаторыя, у прыватнасці мастак французскага Le Monde, параўноўваюць трагедыю 7 кастрычніка з падзеямі 9.11, калі Аль-Каіда нанесла нечаканы для амерыканскіх разведцэнтраў удар па Вежах-блізнятах у Нью-Ёрку.
Галоўнае правіла аўтараў карыкатур падчас вайны — надаць суперніку вельмі несімпатычны, антыгуманны імідж. Так мастакі-прыхільнікі Ізраіля абвінавачваюць тэрарыстаў ХАМАС у выкарыстанні інстытута закладнікаў, сярод якіх ёсць дзеці. Малюнак аўстрыйскага графіка Мар'яна Камінскі.

Мастакі, якія сімпатызуюць Палесціне, у сваю чаргу абвінавачваюць ізраільцян у знішчэнні грамадзянскай інфраструктуры ў Газе, праз што нібыта загінулі дзясяткі тысяч чалавек. На гэтым малюнку мастак высмейвае Іванку Трамп, якая назвала пачатак бамбаванняў Газы «слаўным днём для Ізраіля».

Сфармавалася і фракцыя мастакоў, якая дыстанцыюецца ад бакоў канфлікту. Яны акцэнтуюць увагу на высокім гуманітарным кошце вайны. На малюнку мастака амерыканскага выдання Wisconsin State Journal жаўнеры Ізраіль і ХАМАС хваляцца перамогамі, у той час як мірнае насельніцтва Газы пакутуе ад наступстваў ваенных дзеянняў.

Тэма карыкатур не абмяжоўваецца канфрантацыяй ХАМАС — Ізраіль. Прысутнічае ў малюнках і тэма Ірана як магчымага фундатара тэрарыстычнай вылазкі ХАМАС. Як прыклад — малюнак амерыканскага графіка пад псеўданімам Ramirez. Падобную графіку можна тлумачыць як знак таго, што палестцінскі канфлікт набывае як мінімум рэгіянальны маштаб.

Што далей? Мастак рэсурсу Cartoon Movement баіцца, што ўсё паўторыцца, як было ўжо не раз. На яго малюнку Ізраіль бясконца рухаецца па крузе: пасля чарговай вайны надыходзіць перамір'е, затым агрэсія, пасля абмен ракетнымі ўдарамі, затым час канфлікту нізкай інтэнсіўнасці, і, нарэшце, у выніку ўсё заканчваецца новай вайной.

Так ці інакш, пакуль да перамір'я далёка. На малюнку алжырскага мастака голуб (сімвал міру) не можа вылецець у Ізраіль, паколькі яго рэйс скасаваны.
