Не жаночае аблічча: якой будзе вайна ў будучыні і чаму павінен навучыць досвед Украіны?
Выкарыстанне новых тэхналогій робіць узброеныя канфлікты непрадказальнымі. Ніхто не ведае, які ход спрацуе. Але адно вядома напэўна: каб ваяваць, усё яшчэ патрэбны людзі.
Свет і ўзброеныя сілы перажываюць чарговую тэхналагічную рэвалюцыю, якая змяняе тое, як вядуцца баявыя дзеянні, і паказвае, якія баявыя сістэмы будуць задзейнічаны ў будучыні.
Спробы прадказаць вайну будучыні робяцца пастаянна, і ўсе ўзброеныя сілы рыхтуюцца да канфліктаў, у якіх будуць тым ці іншым чынам задзейнічаны новыя тэхналогіі.
Да прыкладу, інфармацыйная рэвалюцыя прывяла да таго, што кожны чалавек ператварыўся са спажыўца інфармацыі ў яе вытворцу — практычна ва ўсіх ёсць тэлефон з відэакамерай: у гэтых умовах кардынальна мяняюцца метады і тэхналогіі ваеннай выведкі і выбару цэляў для удараў, піша «Голас Амерыкі». У сваю чаргу, традыцыйныя ваенныя тэхналогіі патрэбна ўжываць па-новаму: так, найбольш добра абароненая баявая машына — танк — у сучаснай вайне стала і найбольш уразлівай. Танк — вялікая і вельмі прывабная цэль, праціўнік спрабуе знішчыць танкі ў першую чаргу, а пяхота атрымала для выканання гэтай задачы нябачаныя раней магчымасці.
Джэк Уэйтлінг (Jack Watling, Royal United Services Institute), навуковы супрацоўнік брытанскага Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў, прадставіў у Вашынгтонскім цэнтры Вудра Вільсана сваю кнігу «Узбраенне будучыні» (the Arms of the Future), дзе прааналізаваў некаторыя новыя рэаліі, з якімі сутыкаюцца і будуць сутыкацца сухапутныя войскі. Высновы Уэйтлінга зроблены на аснове яго назіранняў за ходам шэрагу сучасных узброеных канфліктаў, у прыватнасці, вайны Расіі з Украінай, якая прымусіла задумацца пра тое, што значыць весці «сучасную вайну» ў 21 стагоддзі.
Уэйтлінг лічыць, што вайскоўцы ўсіх краін разумеюць неабходнасць пастаянных змен і адаптацыі да новых умоў. Аднак на практыцы гэтага дамагчыся вельмі складана: вайскоўцы рэдка разумеюць рэальныя магчымасці новых тэхналогій, сітуацыя ўвесь час мяняецца, ніхто дакладна не ведае, якія менавіта новаўвядзенні і ўзоры тэхнікі будуць неабходны ў будучыні. Таму яны звычайна выбіраюць найбольш бяспечны варыянт дзеянняў: спрабуюць інтэграваць новыя элементы ў старыя баявыя сістэмы (напрыклад, выкарыстоўваць сістэмы спадарожнікавай навігацыі для традыцыйнай артылерыі) або мадэрнізаваць існуючыя сістэмы з улікам новых рэалій. Пры гэтым сухапутныя сілы, флот і авіяцыя па-рознаму ацэньваюць сітуацыю, часцяком прымаюць рашэнні незалежна адно ад аднаго і без уліку інтарэсаў іншых родаў войскаў.
На думку Уэйтлінга, некаторыя навінкі ваенных тэхналогій, відавочна, не хутка будуць прымяняцца на практыцы. Да прыкладу, ужо ёсць выпадкі выкарыстання аўтаномных сістэм узбраення (такімі, з'яўляюцца ўсім вядомыя міны). Аднак у апошнія гады гэтыя тэхналогіі атрымалі сур'ёзнае развіццё, і гаворка ідзе пра баявых робатаў (паводле некаторых крыніц, у 2020 годзе аўтаномны робат «Kargu-2» турэцкай вытворчасці самастойна зрабіў атаку ў Лівіі). Аднак вайскоўцы, паводле слоў Уэйтлінга, вельмі асцярожна ставяцца да гэтага і маюць намер пакінуць за сабой права прыняцця рашэнняў.
Ацэньваючы вайну Расіі з Украінай, Уэйтлінг адзначыў, што актыўнае ўжыванне дронаў на гэтай вайне спачатку выклікала адчуванне, што недарагія лятальныя машыны зрабілі састарэлымі традыцыйную вайсковю тэхніку, але гэта, як і многае іншае, аказалася ілюзіяй. Аднак насычэнне баявых парадкаў дронамі зрабіла выключна складаным правядзенне аперацый па абыходзе і ахопе — абарона звычайна атрымлівае магчымасць загадзя выявіць перамяшчэнні праціўніка. Вялікая перавага расійскага Чарнаморскага флоту над карлікавымі ўкраінскімі ВМС таксама была дэвальваваная: расійскія вайсковыя караблі былі эфектыўна адагнаны ад украінскага ўзбярэжжа. Гэтая вайна паказала, што на вайне зброю ўжываюць не так, як было задумана: да прыкладу, украінскія ВПС узялі на ўзбраенне брытанскія ракеты, якія былі распрацаваны для прынцыпова іншых тыпаў самалётаў.
Тактычных сюрпрызаў, на думку Уэйтлінга, гэтая вайна не прынесла: УС Расіі і Украіны выкарыстоўваюць тактычныя схемы, распрацаваныя яшчэ напрыканцы 1930-х гадоў: пры правядзенні наступальных аперацый вялікае значэнне мае нечаканасць атакі, якая дазваляе нанесці суперніку максімальную шкоду і, патэнцыйна, развіць поспех, пакуль праціўнік не паспеў адаптавацца да новых рэалій. Аднак усяго гэтага стала нашмат складаней дасягаць. Насычэнне поля бою разнастайнымі сэнсарамі робіць цяжкай незаўважную канцэнтрацыю сіл: любую групоўку і нават асобныя баявыя машыны адносна нескладана выявіць, што істотна зніжае верагоднасць сюрпрызу. Развіццё сэнсараў і электронных сістэм камунікацый на ўсіх узроўнях, з аднаго боку, прыводзіць да таго, што інфармацыя паступае ў большай колькасці і больш аператыўна, але, з іншага, праціўнік атрымлівае багатыя магчымасці перахопу гэтай крытычна важнай інфармацыі і нават прадухілення доступу да яе.
За кошт прымянення новых сродкаў выведкі і кіравання агнём істотна вырасла дакладнасць і лятальнасць агню: аднак гэта зброя, вострая з двух бакоў: у выніку стала нашмат складаней і даражэй абараняцца. Без забеспячэння вайна немагчымая — немагчыма весці баявыя дзеянні, не забяспечваючы войскі боепрыпасамі: УС Украіны прадэманстравалі, што расійскія артылерыйскія склады з'яўляюцца прывабнай цэллю і што знішчэнне нават аднаго склада дазваляе абяззброіць праціўніка.
Аднак, верагодна, самай важнай высновай, паводле слоў Уэйтлінга, стала тое, што ўяўленне пра вайну будучыні як пра вайну на адлегласці, калі праціўнікі не бачаць твараў адно аднаго, аказалася ілюзіяй: у агляднай будучыні варагуючыя армі будуць весці баі адна з адной на малых і нават ультрамалых дыстанцыях, тэхналогіі яшчэ вельмі доўга не будуць здольны замяніць чалавека.