Ці ўмяшаецца Іран, калі Ізраіль пачне наземную аперацыю ў Газе?
Улады Ірана не хочуць далейшай эскалацыі паміж ХАМАС і Ізраілем, але будуць вымушаныя ўмяшацца ў сітуацыю, калі ізраільская армія пачне наземную аперацыю ў сектары Газа.

Пра гэта, як піша выданне Axios са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы, заявіў учора, 14 кастрычніка, міністр замежных спраў Ірана Хасейн Амір Абдалахіян на сустрэчы ў Бейруце спецыяльнаму каардынатару ААН па блізкаўсходнім мірным працэсе Тору Венесланду.
У пасланні Ізраілю, перададзеным праз ААН, міністр сказаў, што Тэгеран не хоча перарастання канфлікту ў рэгіянальную вайну, але хоча паспрабаваць дапамагчы з вызваленнем мірных жыхароў, якія ўтрымліваюцца баевікамі ХАМАС у закладніках у сектары Газа.
Пры гэтым, паводле крыніцаў, міністр замежных спраў падкрэсліў, што ў Ірана ёсць чырвоныя лініі, і калі войска Ізраіля выканае сваё абяцанне пра наземны наступ у Газе, Тэгерану давядзецца адказаць.
Глядзіце таксама

Каардынатар ААН ужо перадаў пасланне Ірана афіцыйным асобам у Ізраілі, дадалі суразмоўцы журналістаў. У канцылярыі прэм'ер-міністра Ізраіля адмовіліся ад каментароў.
У офісе Венесланда пацвердзілі, што ён сустракаўся з кіраўніком іранскага МЗС для абмеркавання «дыпламатычных намаганняў па вызваленні закладнікаў, дээскалацыі і прадухілення распаўсюджання канфлікту на больш шырокі рэгіён».
Місія Ірана пры ААН у сваім акаўнце ў X (былы твітэр) таксама заявіла, што калі ваенныя дзеянні Ізраіля не будуць спыненыя, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю і прывесці да «далёка ідучыя наступстваў».
«Калі ваенныя злачынствы і генацыд ізраільскага апартэіду не будуць неадкладна спыненыя, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю і выклікаць далёка ідучыя наступствы, адказнасць за якія ляжыць на ААН, Радзе Бяспекі і дзяржавах, якія заводзяць Раду ў тупік», — цытуе іх заяву Reuters.
Глядзіце таксама

Хасейн Амір Абдалахіян на брыфінгу для прэсы ў сталіцы Лівана пасля сустрэчы з лідарам «Хезбалы» шэйхам Хасанам Насралам заявіў, што Ізраіль «павінен спыніць злачынствы супраць цывільнага насельніцтва ў сектары Газа — таму што праз некалькі гадзін ужо можа быць занадта позна». «Я ведаю пра сцэнары, якія рэалізавала «Хезбала», — сказаў міністр. — Любы крок супраціву выкліча велізарны землятрус для Ізраіля».
Нагадаем, баевікі тэрарыстычнага руху ХАМАС напалі на Ізраіль раніцай 7 кастрычніка. Яны выпусцілі тысячы ракет з падкантрольнага ім сектара Газа, а затым прарваліся ў памежныя раёны Ізраіля, дзе забівалі і захоплівалі ў закладнікі мірных жыхароў. Армія абароны Ізраіля ў адказ прыступіла да нанясення масіраваных удараў па сектары Газа. Ізраільскія ўлады афіцыйна абвясцілі, што краіна знаходзіцца ў стане вайны. ЦАХАЛ рыхтуецца да наземнай аперацыі ў сектары Газа.
8 кастрычніка выданне The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы пісала, што спланаваць напад на Ізраіль баевікам ХАМАС дапамаглі іранскія спецслужбы. Паводле звестак выдання, Іран не толькі падзяліўся выведвальнымі данымі з ХАМАС, але афіцэры іранскага Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі непасрэдна бралі ўдзел у распрацоўцы планаў нападу.
Іран адмаўляе сваю датычнасць да нападу ХАМАС, што прывяло да велізарных ахвяр як у Ізраілі, так і ў сектары Газа, хоць і публічна ўхваліў атаку.
Даныя амерыканскай выведкі таксама сведчаць, што «ключавыя іранскія лідары былі здзіўленыя» атакай ХАМАС на Ізраіль.
Глядзіце таксама

Фрыдман: Тэгеран рыхтаваў пастку Ерусаліму, але апынуўся ў ёй сам
Палітолаг Аляксандр Фрыдман пра пасланне Ірана да Ізраіля праз ААН адзначыў у сваім тэлеграм-канале:
— Тэгеран рыхтаваў пастку Ерусаліму, але апынуўся ў ёй сам. Ізраіль ліквідуе ХАМАС — адну з апор Ірана на Блізкім Усходзе. Што рабіць Тэгерану ў такой сітуацыі? Памыць рукі і кінуць ХАМАС на волю лёсу і паказаць сваю слабасць? Пусціць у бой кішэнную «Хезбалу», стварыць тым самым сур'ёзнымі праблемы Ізраілю, але ў выніку, хутчэй за ўсё, страціць і ХАМАС, і «Хезбалу»? Пачаць самому ваяваць з Ізраілем і, магчыма, укінуць свой рэжым у яшчэ больш глыбокі крызіс, які можа прывесці да краху фундаменталістаў?
Іранцы, здаецца, не хочуць рызыкаваць і прапануюць спыніцца. Але на разуменне з боку Ізраіля ім спадзявацца не варта. ХАМАС будзе сцёрты з твару зямлі.
Паводле ВВС, meduza.io, www.axios.com