Адзін з лідараў ХАМАС: «Гадзіна Х была вядомая толькі адзінкам»
Алі Баракех, адзін з кіраўнікоў ХАМАС, заявіў, што Іран і «Хезбала» не бралі ўдзел у планаванні аперацыі, піша Euronews.
На фоне спрэчак у ізраільскім грамадстве пра тое, як баевікам удалося ажыццявіць такую маштабную атаку, адзін з лідараў ХАМАС распавёў журналістам аб падрыхтоўцы нападу.
Алі Баракех, высокапастаўлены сябар руху, які знаходзіцца ў Бейруце, даў інтэрв'ю агенцтву Associated Press.
Паводле яго слоў, у аперацыю былі ўцягнутыя толькі некалькі вышэйшых кіраўнікоў, а Іран і «Хезбала» і зусім не прымалі ўдзелу ў планаванні.
Што сказаў Алі Баракех, адзін з лідараў ХАМАС?
— Гадзіна Х была вядома толькі адзінкам. Мы выбралі зручны час, калі праціўнік заняты сваімі святамі. Ніхто з цэнтральнага камандавання ХАМАС не быў у Бейруце ў мінулы панядзелак. Нікога з цэнтральнага камандавання або палітбюро не было тут да пачатку аперацыі.
Алі Баракех кажа, што ХАМАС быў шакаваны маштабам аперацыі, якая атрымала назву «Аперацыя «Шторм Аль-Акса», і заявіў, што чакаў, што Ізраіль прадухіліць або абмежаваць атаку.
«Мы былі здзіўлены гэтым вялікім калапсам», — сказаў Баракех. І адзначыў, нібы ХАМАС планаваў атрымаць нейкія асобныя перамогі, збіраліся папросту узяць палонных для абмену. Аднак ізраільская армія аказалася «папяровым тыграм».
Зрэшты, яго сцвярджэнне аб тым, што ХАМАС планаваў толькі невялікую аперацыю, аспрэчваецца тым фактам, што ва ўварванні ўдзельнічала каля 1000 байцоў, якія атакавалі з сушы, з мора і нават з матарызаваных парапланаў.
Прадстаўнік ХАМАС заявіў, што групоўка будзе выкарыстоўваць ізраільскіх закладнікаў, каб дамагчыся вызвалення палесцінцаў, якія ўтрымліваюцца Ізраілем, і нават некаторых зняволеных у турмах ЗША.
— Яны былі затрыманыя ў Амерыцы, паколькі іх абвінавацілі ў кіраўніцтве дабрачыннымі арганізацыямі, якія падтрымліваюць абложаных у Газе людзей і дапамагаюць сіротам у Газе. Амерыка затрымала і асудзіла гэтых людзей на патрабаванне Ізраіля. У Амерыцы яны былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення. Мы будзем дамагацца вызвалення гэтых палесцінцаў, і гэта наша права — патрабаваць іх свабоды.
Па словах Баракеха, ХАМАС пакуль задзейнічаў толькі невялікую колькасць сваіх уласных сіл. Ён сцвярджае, што ў апошніх баях прынялі ўдзел каля 2 тысяч баевікоў ХАМАС з 40 тысяч тых, хто ёсць толькі ў Газе.
Ва ўмовах, калі Ізраіль гатовы пачаць наземны наступ ў Газе, Баракех заявіў, што іх так званыя «саюзнікі» далучацца да барацьбы, калі Газе будзе пагражаць вайна на знішчэнне.
Пры гэтым ён прызнаў, што ў мінулым ХАМАС атрымліваў дапамогу ад Ірана і «Хезбалы».
Нагадаем, Ізраіль абвясціў вайну і паабяцаў пакараць ХАМАС так, як ніколі раней, а мабілізацыя 300 000 ізраільскіх рэзерваў павысіла перспектыву наземнага ўварвання або нават паўторнай акупацыі Газы.
Ізраільскія вайскоўцы кажуць, што яны ўжо забілі сотні баевікоў і разбамбілі шматлікія аб'екты ХАМАС.