«Гэта не вайна, гэта разня»: У кібуцы Кфар-Аза знайшлі 40 забітых дзяцей
«Гэта тое, чаго я ніколі ў жыцці не бачыў». Старшы афіцэр ЦАХАЛ на месцы бойні ў кібуцы Кфар-Аза заявіў, што ніхто з прысутных не бачыў яшчэ такога ў найноўшай гістрорыі, раней яны толькі ўяўлялі, што такое былі габрэйскія пагромы ў Еўропе.
Прадстаўнікі ізраільскіх сіл абароны (ЦАХАЛ) правялі замежных журналістаў па тэрыторыі кібуца (абшчыны) Кфар-Аза, які быў вызвалены Ізраілем пасля нападу баевікоў ХАМАС. На тэрыторыі кібуца журналісты ўбачылі мноства целаў загінулых, перадаюць Reuters і Times of Israel.
Рэпарцёр I24 News са спасылкай на камандзіра ЦАХАЛа таксама паведаміла, што ізраільскія вайскоўцы знайшлі ў кібуцы целы каля 40 дзяцей, у тым ліку немаўлятаў, некаторыя з якіх былі абезгалоўленыя.
Reuters называе Кфар-Аза адным з найбольш пацярпелых раёнаў. Па словах журналістаў агенцтва, «у паветры [абшчыны] стаяў пах смерці».
«Гэта не вайна. Гэта не поле бою. Вы бачыце немаўлятаў, маці, бацькоў у іх спальнях — у іх бяспечных пакоях, — і тое як тэрарысты забіваюць іх. Гэта не вайна, гэта разня», — сказаў журналістам генерал-маёр ЦАХАЛ Ітай Веруў.
«Гэта тое, чаго я ніколі ў жыцці не бачыў», — кажа ён. «Мы ўяўлялі нашых бабуль і дзядуль падчас пагромаў у Еўропе. Гэта не тое, што мы бачылі ў найноўшай гісторыі».
Як піша CNN, ЦАХАЛ не можа назваць дакладную колькасць забітых.
«Сцэнар паўтараецца»: Што гавораць пра вайну ўкраінцы з Ізраіля
Украінка, якая з'ехала з Бучы ў Ерусалім, распавяла пра падабенства сцэнароў вайны.
Украінкі з Ізраіля распавялі пра тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, піша ўкраінскі «24 канал». Зрэшты, падабенства дзеянняў ХАМАС і расіян заўважаюць як простыя людзі, так і эксперты
Вікторыя Друзенка перажыла расійскую акупацыю ў Бучы і з'ехала ў Ерусалім. Паводле яе слоў, тое, што адбылося ў прыгарадах Кіева (Бучы, Ірпень, Барадзянцы, Гастомель, Іванкаў), вельмі падобна на тое, што адбылося ў Ізраілі.
«Сцэнар паўтараецца. Здаецца, сцэнарысты адны і тыя ж», — упэўнена кажа яна.
Жанчына не хоча пакідаць Ізраіль — стамілася ўцякаць ад вайны. Яна лічыць, што будзе больш карысная на Блізкім Усходзе, дзе дапаможа ўцекачам з Украіны.
Паводле Дождь, www.timesofisrael.com, 24tv.ua