За што лукашэнкаўская прапаганда ненавідзіць Ізраіль?

Палітолаг Валерый Карбалевіч — пра стрыманую рэакцыю афіцыйнага Мінска на эскалацыю на Блізкім Усходзе.

b5b59e3c204b40d738b8f67fdf2bb260.jpg

Закончыліся трэція суткі з моманту нападу палесцінскай групоўкі ХАМАС на Ізраіль. А на афіцыйным сайце кіраўніка Беларусі дагэтуль не з'яўлялася ніякіх каментароў з нагоды таго, што адбываецца. Напрыклад, у панядзелак топ-навіна дня — віншаванне прэзідэнту Уганды.

За мінулы перыяд у якасці рэакцыі афіцыйныя ўлады Беларусі змаглі толькі вуснамі МЗС выказаць «сур'ёзную занепакоенасць у сувязі з рэзкім абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі» і парэкамендаваць беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у дзяржаву Ізраіль.

Прычыну такой стрыманасці «Филин» абмеркаваў з палітолагам Валерыем Карбалевічам.

— Афіцыйная пазіцыя Беларусі — займаць нейтралітэт паміж палесцінцамі і Ізраілем — выпрацавана не сёння, яна выяўляецца цягам усяго гэтага працяглага канфлікту, — кажа палітолаг. — І другая прычына, якая можа растлумачыць такую рэакцыю, — пазіцыя Расіі. На афіцыйным узроўні яна таксама займае нейтралітэт.

Гэта значыць па гэтым пытанні ў знешняй палітыцы ўлады Беларусі выбралі лінію, сінхронную з Расіяй.

— Такое адчуванне, што і прапаганда адной і другой краіны абрала сінхронную лінію, праўда, процілеглую афіцыйнай.

— Сапраўды, у дзяржаўных СМІ, у прыватнасці, у «Мінскай праўды», блогераў пазіцыя іншая. Яны фактычна выступілі ў падтрымку палесцінцаў — супраць Ізраіля. І гэта абумоўлена некалькімі прычынамі.

Па-першае, Палесціну падтрымалі расійскія прапагандысты, дзяржСМІ, блогеры і г.д. Гэта тлумачыцца тым, што Ізраіль у свой час, хай і вельмі мякка і асцярожна, але выказаў сімпатыю Украіне ў вайне супраць Расіі.

Акрамя таго, значная частка вядомых расійскіх публічных персон з'ехалі ў Ізраіль, тыя ж Ала Пугачова, Максім Галкін, Андрэй Макарэвіч, Анатоль Чубайс і іншыя. І гэта не падабаецца расійскім прапагандыстам.

Па-другое, тут не абышлося без логікі геапалітычнага расколу.

Бо вядома, што Ізраіль — саюзнік ЗША, а ЗША адначасова — галоўны вораг Расіі. Таму і абраны бок палесцінцаў.

Глядзіце таксама

Ну і трэцяе, сувязі афіцыйнага Мінска з арабскімі і мусульманскімі краінамі значна шырэйшыя, чым з Ізраілем. Нядаўна Лукашэнка быў у Эміратах, затым ездзіў у Іран. Быццам бы чакаецца візіт прэзідэнта Ірана ў наступным годзе.

А з Ізраілем такіх кантактаў і супрацоўніцтва няма. Лукашэнка быў там адзін раз у 2000 годзе, а ў 2011-м там з візітам пабываў тагачасны прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Гэта таксама тлумачыць стыхійныя сімпатыі беларускіх прапагандыстаў, накіраваныя ў бок палесцінцаў.

— З'яўлялася інфармацыя, што адной з закладніц, якія ўтрымліваюцца ХАМАС, можа быць беларуска, якая з сям'ёй нядаўна пераехала ў Ізраіль. Афіцыйны Мінск гэту інфармацыю ўжо зняпраўдзіў, астатнія, трэба меркаваць, правяраюць. Калі факт усё ж такі пацвердзіцца, ці адаб'ецца гэта на пазіцыі беларускіх улад?

— Першае, яны ўжо гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. А другое, калі і чаму беларускім уладам быў цікавы лёс нейкіх асаблівых людзей? Яны, у прынцыпе, непасрэдна да беларускіх грамадзян з вялікай сімпатыяй не ставяцца.

А там наогул незразумела, што можа быць за дзяўчына, раптам яна апынецца тая самая «беглая», якіх кляйміць ганьбай уся прапаганда.