Як «вось зла», у якую ўваходзіць і Беларусь, зрывае галасаванні ў ААН
Экспертка «Цэнтра новых ідэй» Ганна-Марыя Лебядзеўская расказвае пра саюз дыктатур «супраць заходняга імперыялізму» і заходніх каштоўнасцей.
Так званы міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паўдзельнічаў 19-23-га і 26 верасня на 78-м пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ў сустрэчы «Групы сяброў у абарону Статута ААН». Што гэта за група і як найменш дэмакратычныя краіны свету аб’ядноўваюцца на прасторах ААН?
Дыктатары на «абароне Статута ААН»
У 2021 годзе Венесуэла ініцыявала стварэнне «Групы сяброў у абарону Статута ААН». Галоўная мэта групы, якая складаецца з 19 краін, — «супрацьстаянне аднабаковым механізмам і падвойным стандартам ААН». Адметна тое, што ў групу ўваходзяць выключна недэмакратычныя краіны.
Сумеснае галасаванне краін супраць рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН — гэта асноўны спосаб паказаць супольную салідарнасць у барацьбе з заходнімі каштоўнасцямі і «аднабаковай» пазіцыяй ААН. Кожная дзяржава ў той ці іншай ступені знаходзіцца на ўскраіне глабальнай дыпламатыі і міжнародных адносінаў. Таму галасаваць разам — гэта значыць атрымаць маленькі, але гарантаваны шанец быць пачутымі і сустрэцца з аднадумцамі на міжнароднай арэне.
Краіны-чальцы «Групы сяброў» звычайна галасуюць супраць так званых «празаходніх» рэзалюцый.
У 2014-м супраць рэзалюцыі, якая асуджала анексію Крыма, прагаласавалі 11 краін: Арменія, Беларусь, Балівія, Куба, Нікарагуа, Паўночная Карэя, Расія, Судан, Сірыя, Венесуэла і Зімбабвэ. Таксама супраць усіх пяці рэзалюцый у падтрымку Украіны (напрыклад, за тэрытарыяльнае адзінства Украіны ці пра гуманітарныя наступствы вайны) заўсёды галасавалі наступныя краіны: Расія, Беларусь, Паўночная Карэя, Нікарагуа, Сірыя і Эрытрэя.
Краіны-ўдзельніцы заўсёды выступаюць на адным баку з Расіяй падчас галасавання ў Генеральнай Асамблеі ААН па пытаннях вайны ва Украіне. Вядома, што знешняя палітыка Беларусі і яе голас знаходзяцца ў руках «старэйшага брата», але чаму іншыя краіны таксама галасуюць у падтрымку Расіі?
Савецкія карані Паўночнай Карэі
Пасля падзелу Карэі ў 1945-м па 38 паралелі Савецкі Саюз фактычна кантраляваў паўночную частку краіны, а ЗША — паўднёвую. На пачатку Карэйскай вайны ў 1950-м Рада Бяспекі ААН асудзіла ўварванне паўночнакарэйскіх войск у паўднёвую частку па загадзе Сталіна. Савецкі Саюз не змог падтрымаць Паўночную Карэю ў ААН, бо байкатаваў арганізацыю з-за прызнання Тайваня Кітаем. У 1953 годзе, пасля Карэйскай вайны, краіна канчаткова была падзеленая, а КНДР выбудавала самую таталітарную і закрытую палітычную сістэму ва ўсім свеце.
Улады стварылі міф, згодна з якім ЗША намагаецца знішчыць Паўночную Карэю. Гэтым міфам яны тлумачаць сваё актыўнае ядзернае ўзбройванне, а расійска-карэйскае сяброўства жывіцца ўзаемнай нянавісцю да ЗША і NATO. Варта прыгадаць нядаўнюю сустрэчу Пуціна і Кім Чэн Ына ў Расіі, дзе апошні падтрымаў не толькі ваенную агрэсію супраць Украіны, а яшчэ і барацьбу супраць «заходняга імперыялізму». Калі большасць сусветных лідараў не спрабуе наладжваць дыпламатычныя адносіны з Паўночнай Карэяй, то Расія — амаль адзіная краіна, якая гэтыя адносіны падтрымлівае.
Узброеная падтрымка сірыйскай «восі зла»
Праз складаную шматузроўневую грамадзянскую вайну Сірыя ўжо больш за 10 гадоў разадраная паміж рэжымам Башара аль-Асада, паўстанцамі, якія маюць падтрымку Захаду і Турцыі, ды ісламскімі фундаменталістамі. У 2002 годзе прэзідэнт і намеснік генсека ЗША апісалі рэжымы Паўночнай Карэі і Сірыі як частку «восі зла». Гэтак яны назвалі краіны, якія фінансуюць тэрарызм і распрацоўваюць зброю масавага знішчэння. У 2005-м да спісу краін-«цытадэляў тыраніі» далучылі і Беларусь. У грамадзянскай вайне Уладзімір Пуцін у адкрытую падтрымаў рэжым Башара аль-Асада, а Асад, у сваю чаргу, выказаў салідарнасць з Пуціным у барацьбе з «новымі нацыстамі» ва Украіне.
Універсальны дапаможнік дыктатара з Нікарагуа
Аўтарытарны рэжым у Нікарагуа некаторымі рысамі нагадвае беларускі. Прэзідэнт Даніэль Артэга знаходзіцца ва ўладзе без перапынку з 2007 года, а таксама кіраваў краінай з 1985-га да 1990-га. У 2018-м краіну ахапіў палітычны крызіс, а падчас агульнанацыянальных пратэстаў былі забітыя больш за 300 чалавек. З 2021 года ЗША працягвае ўводзіць санкцыі супраць Нікарагуа праз грубыя парушэнні правоў чалавека. Падчас свайго выступу ў Генеральнай Асамблеі прэзідэнт Артэга адзначыў, што Расія змагаецца з «імперыямі і іх неанацысцкай палітыкай». Яго выказванні ўпісваюцца ў агульную звычку лацінаамерыканскіх дыктатараў: абвінавачваць Захад і ЗША ў сваім унутраным крызісе. Таму чакана, што прэзідэнт Нікарагуа таксама ўпэўнены ў намерах NATO і ЗША захапіць Расію падчас вайны ва Украіне.
Эрытрэя: няма фальсіфікацыі выбараў без выбараў
Пасля атрымання незалежнасці ад Вялікабрытаніі ў 1993 годзе прэзідэнт Ісаяс Афеворкі застаецца першым і адзіным прэзідэнтам дзяржавы. У краіне ніколі не было выбараў, а адзінай легальнай партыяй з’яўляецца прэзідэнцкая. Адсутнасць незалежных медыя спрыяе ізаляванасці краіны ад знешняга свету. Прэзідэнт Эрытрэі, як і іншыя ў гэтым спісе, выступае з антызаходнімі заявамі. Напрыклад, падчас саміту BRICS у жніўні 2023-га ён заявіў, што ЗША і краіны NATO «штурхаюць свет у прорву» і спрабуюць змяніць ход гісторыі.
Дыпламатычныя адносіны Эрытрэі і Расіі пачалі паглыбляцца толькі некалькі гадоў таму. Эрытрэя пачала падтрымліваць Расію ў ААН на знак пратэсту супраць працяглых заходніх санкцый, накладзеных на Эрытрэю праз ініцыяванне шматлікіх войн. Падчас рэдкіх сустрэч міністраў замежных спраў прадстаўнік Эрытрэі выказваўся ў падтрымку вайны ва Украіне і заявіў, што лічыць Расію станоўчым гульцом на міжнароднай арэне. Без увагі на адлегласці аўтарытарныя дыктатуры непазбежна прыцягваюцца адна да адной.
Беларусь: калонія няіснай імперыі
Нягледзячы на далучэнне да праграмы «Усходняга партнёрства» ад ЕС і спробы легітымізаваць сябе ў вачах заходніх палітыкаў, пасля 2020 года рэжым у Беларусі цалкам сябе дыскрэдытаваў. Калі раней заходнія краіны падтрымлівалі дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі, то цяпер стан еўрапейска-беларускіх адносінаў далёкі ад партнёрскіх. Глыбокая інтэграцыя з Расіяй не дазваляе зрабіць ані кроку ўбок і абавязвае галасаваць у падтрымку Расіі. Дадаткова Беларусь, у адрозненне ад Эрытрэі ці Нікарагуа, ніколі не была еўрапейскай калоніяй. Аднак беларусы адчувалі на сабе каланіяльны ўплыў Расіі ўжо з пачатку XVIII стагоддзя.
Праз глыбокі палітычны крызіс Беларусь аказалася ў адным хаўрусе з краінамі, якія маюць найгоршы дыпламатычны імідж ў свеце. Але на тэрыторыі Беларусі няма грамадзянскай вайны, краіна тэрытарыяльна не падзеленая, не мае ўласнай ядзернай зброі і да нядаўняга часу мела канстытуцыйны нейтралітэт. Усё гэта робіць Беларусь белай варонай у групе краін, якія маюць каланіяльны досвед альбо досвед грамадзянскай вайны. Расія ніколі не захоплівала Эрытрэю альбо Нікарагуа, а была выключна міжнароднай і фінансавай падтрымкай на фоне краін Захаду. Таму для такіх рэжымаў Расія — гэта таварыш, які дапамагае. Расія для Беларусі — гэта сябар, які паглынае. Таму пасля амаль татальнага разрыву дыпламатычных адносінаў з краінамі Еўропы Беларусь працягвае трымацца статусу сатэліта Расіі падчас галасавання ў Генеральнай Асамблеі ААН.