«Адчуў трывогу з нагоды сваёй бяспекі». Як ахоўваюць Кім Чэн Ына

Паводле заходняй прэсы, некалькі тыдняў таму ў сталіцы Паўночнай Карэі невядомыя спрабавалі забіць мясцовага дыктатара Кім Чэн Ына. 

Ахова Кім Чэн Ына. Скрыншот з відэа CNN

Ахова Кім Чэн Ына. Скрыншот з відэа CNN

Уласна кажучы, пакуль цяжка казаць, ці быў увогуле той замах. Дакладна вядома толькі пра выбух у цэнтры Пхеньяна на пачатку ліпеня. Аднак версія пра замах мае падставы. Інакш меры бяспекі вакол лідара КНДР не ўзмацніліся бы менавіта пасля таго выбуху. 

Напрыклад, колькасць яго ахоўнікаў на парадак вырасла. Плюс зараз ахоўнікі дыктатара выкарыстоўваюць новае абсталяванне для выяўлення выбуховых рэчываў. Сярод целаахоўнікаў Кіма раптам з'явіліся людзі са спецыяльнымі партфелямі. Гэта так званыя балістычныя сумкі, ці балістычныя партфелі. 

Самі партфелі выраблены з вугляроднага валакна. Акрамя куленепрабівальнасці, яны таксама абараняюць ад электрашокераў і іншай электроннай зброі. Калі карэкціроўшчыкі паведамяць ахоўнікам аб наяўнасці знешняй падазронай актыўнасці або звонку прагучыць стрэл, тыя могуць падняць сумкі, каб абараніць Кім Чэн Ына. 

Гэтыя сумкі таксама раскладваюцца, што ператварае іх у своеасаблівы тканкавы шчыт. Калі нехта стрэліць у Кіма, ахоўнікі адкрыюць гэтыя сумкі, акружаць Кіма, а затым прыкрыюць яго шчытом, пакуль начальніка не пасадзяць у машыну. 

Такія аператыўныя крокі дазваляюць экспертам сцвярджаць, што згаданы вышэй выбух быў не проста вынікам выпадковага інцыдэнту. Кім Чэн Ын «адчуў трывогу з нагоды сваёй бяспекі», — сцвярджаюць крыніцы з Паўднёвай Карэі. Урад Паўднёвай Карэі, дарэчы, адзначае, што ў апошні час публічная актыўнасць Кіма скарацілася ўдвая, што таксама тлумачаць пагрозай для бяспекі паўночнакарэйскага лідара. 

Дарэчы, выкарыстанне балістычных партфеляў не навамодная фішка Кім Чэн Ына. Кім Чэн Ір, бацька і папярэднік паўночнакарэйскага лідара, таксама забяспечыў сваіх ахоўнікаў такога кшталту прыладамі. Аднак у яго выпадку гаджэты служылі для іншай мэты — дастаўцы ў таямніцы ад чужых вачэй медыцынскага абсталявання і лекаў для хворага тырана. 

Верагодна, узмацніць меры асабістай бяспекі Кім Чын Ына ў тым ліку прымушае і той факт, што спробы «прыбраць» кіраўнікоў КНДР рабіліся з моманту заснавання гэтай дзяржавы. 

А можа, нават і раней. Сутыкнуцца з пагрозай уласнага ўстаранення родапачынальніку «дынастыі» Кім Ір Сену прыйшлося яшчэ падчас вайны супраць японскай агрэсіі, калі ён партызаніў у Манчжурыі. Тады японцы ладзілі на будучага генсака аблавы. У той час у Кіма было некалькі целаахоўнікаў, у тым ліку, па чутках, і яго другая жонка Кім Чэн Сук. Афіцыйная прапаганда КНДР нават расказвае пра эпізод, калі Кім Чэн Сук засланіла сабой будучага лідара ад стрэлу японскага салдата, хоць гэта хутчэй прыгожая казка. 

А вось замах у 1946 годзе на Кім Ір Сена — рэальны выпадак. Калі правадыр выйшаў на трыбуну ў Пхеньяне, з натоўпу ў яго паляцела граната, кінутая дыверсантамі. Сітуацыю выратаваў савецкі афіцэр Якаў Навічэнка, які ахоўваў мітынг. Ён злавіў гранату і накрыў яе сабою. Дзіўна, але малодшы лейтэнант Навічэнка выжыў. Неўзабаве ён атрымаў заслужаны ордэн Героя КНДР. 

Самыя рэальныя, але адначасова і самыя міфічныя спробы ліквідацыі сяброў дынастыі Кімаў мелі месца на пачатку 1990-х гадоў. Паводле інфармацыі ўцекачоў з КНДР, адзін з генералаў паўночнакарэйскай арміі разам з 30-40 афіцэрамі планаваў падчас парада ў 1992 годзе разгарнуць ствалы танкаў на трыбуну з лідарамі КНДР і расстраляць іх з гармат. Аднак змову раскрылі. 

Яшчэ адна таямнічая гісторыя звязана з жахлівым голадам 1995-1999 гадоў, калі ў Паўночнай Карэі з-за недахопу ежы памерлі сотні тысяч (а па некаторых ацэнках — некалькі мільёнаў) чалавек. У 1995 годзе частка афіцэраў паспрабавала падняць паўстанне супраць Кім Чэн Іра, аднак змова была раскрыта камандаваннем злучэння. Па паўднёвакарэйскай версіі, усіх удзельнікаў арыштавалі, запіхнулі звязанымі ў барак і там спалілі жывымі. 

Нарэшце, у 2017-м Пхеньян абвясціў аб злове кілера, які меў намер забіць маладога генсака Кім Чэны Ына. Ім аказаўся паўночнакарэец, нібыта завербаваны ЦРУ і паўднёвакарэйскай разведкай. Яму далі радыёстанцыю, 20 тысяч долараў на «кішэнныя выдаткі» і 100 тысяч для подкупу саўдзельнікаў. Агент павінен быў ліквідаваць Кім Чэн Ына падчас аднаго з масавых мерапрыемстваў з дапамогай выбуховага прыстасавання.

І вось зараз, магчыма, меў месца новы замах. Зрэшты, з гісторыяй з выбухам, які прагучаў у ліпені ў сталіцы КНДР, шмат чаго не зразумела. Газеты Паўднёвай Карэі не выключаюць, што выбух мог быць вынікам харчовага крызісу, а менавіта фрагментам абрабавання буйнога харчовага склада з дапамогай грузавіка. Магчыма, нехта хацеў падарваць грузавік з прадуктамі, каб потым яго разрабаваць. 

У кожным разе для ўладаў КНДР усё, што адбываецца, трывожны знак. Такога кшталту злачынствы, ды яшчэ з выкарыстаннем выбухоўкі, жыхары Паўночнай Карэі даўно не ўчынялі.