Красулін: Дыктатура адвучае чалавека ад адказнасці за сябе, за будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей

Яўген Красулін працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі і займаўся даследаваннямі ва ўніверсітэтах Кітая. Таксама ён сталы аўтар «Новага Часу». У гэтай размове ён тлумачыць, што такое дыктатура, як з ёю змагацца, і чаму мірны пратэст у Беларусі — гэта пазітыўны момант.

Яўген Красулін

Яўген Красулін

Што такое дыктатура?

«Каб высветліць і зразумець, што перад табой дыктатура, варта звяртаць увагу на тое, як паводзіць сябе ўлада. Калі ўлада не арыентуецца на законы, калі ў яе няма інструментаў, падставаў, каб мець справаздачу перад народам (а гэта звычайна бывае, калі народ не выбірае ўладу). Калі паўнамоцтвы ўлады не акрэсленыя канкрэтна, то-бок няма межаў, за якія яна не можа заходзіць. І яшчэ калі адсутнічае павага да Канстытуцыі, прытрымліванне яе нормаў і прысутнічае падман».

На акадэмічнай мове «дыктатура» — гэта такая мадэль палітычнага кіравання, пры якой улада належыць аднаму чалавеку ці невялічкай групе людзей, і гэтая ўлада не абмежаваная ні Канстытуцыяй, ні іншымі законамі, ні маральнымі нормамі. Пры гэтым выкарыстоўваецца часта для ажыццяўлення ўлады тэрор і гвалт, кажа Яўген Красулін.

«Існуе некалькі тыпаў дыктатураў: гэта дыктатура вайсковая, калі ўлада належыць ці хунце (групе вайскоўцаў), ці аднаму вайскоўцу, але за якім у якасці праўладнага рэсурсу стаіць войска. Дыктатура персаналісцкая, калі яна належыць аднаму чалавеку, які можа не займаць вышэйшую пасаду ў дзяржаве, не быць прэзідэнтам, манархам, і пры гэтым нічога не праходзіць міма яго (груба кажучы, бульбу перабіраюць пры ім, нават калі перабірае прэзідэнт). І трэці тып — гэта партыйная дыктатура, калі ўлада належыць адной партыі, як у Паўночнай Карэі».

Такі прыклад дыктатуры таксама ў Кітаі, на Кубе, у В’етнаме.

«Тыпалагізацыя дыктатураў дае хаця б на падмурку нейкага колькаснага аналізу, колькі год цягнецца той ці іншы тып дыктатуры, якія бываюць рэжымы ўваходу і выйсця, такая прымітыўная статыстыка дазваляе казаць, што, напрыклад, найбольш кароткатэрміновыя — гэта вайсковыя дыктатуры. Як не дзіўна, падаецца, бо там жа танкі грамыхаюць за спінамі, але сярэдняя працягласць такой дыктатуры — 5 гадоў».

Яўген дадае, што вайсковая дыктатура схільная перадаваць уладу мірным шляхам.

«Вайскоўцы, канечне, хлопцы гарачыя, але адходлівыя. Калі яны захопяць уладу згарача, раптам высветліцца, што седзячы ў танку, нельга кіраваць дзяржавай. І гэта праблема, тады яны кажуць: «Ой, нешта мы тут з эканомікай напартачылі. Вы тут, карацей, без нас разбірайцеся, а мы вось па Канстытуцыі ў казармы вяртаемся». Але ёсць адыходы ад гэтага правіла — М'янма, там дыктатуры вайсковай больш за 70 год».

Глядзіце таксама

Цяжэй за ўсё змагацца з персаналісцкімі дыктатурамі, кажа гісторык.

«Гэта ці вонкавае ўварванне, як гэта было напрыклад з Пол Потам, Гітлерам. З Мусаліні іншы варыянт скідання — палацавы пераварот. Калі найбольш прыбліжаныя людзі эліты паўстаюць супраць таго парадку, які існуе, і скідваюць вось гэтую «персонку», якая там у гэты час праводзіць селектарную нараду па пераборцы бульбы. Нашая дыктатура — персаналісцкая, але ёсць свае асаблівасці».

«Любая дыктатура вядзе да заняпаду і гіганцкай траўмы грамадства»

Праблема ў тым, што людзі, схільныя да дыктатарства, як правіла, па характары сваім яшчэ і дэмагогі. А гэта апеляцыя да эмоцыяў, падкрэслівае Яўген.

Глядзіце таксама

«Вось мы, людзі разумныя, апелюем да «рацыо» — да аналізу нейкага, логікі. А гэты чалавек апелюе да эмоцыяў, ён кажа: «Вы што, паверыце гэтым варам? Вось гэтым прайдзісветам, якія скралі вашу будучыню, будучыню вашых дзяцей? Не, вось толькі мы з вамі зможам зрабіць гэтую краіну і сябе ў гэтай краіне шчаслівымі. А калі вы да іх пойдзеце, вы ведаеце, што яны зрабілі з чалавекам і ягонай сям’ёй, які пайшоў да іх? У мяне ёсць доказы». І, канечне, гэта вельмі моцна ўздзейнічае на аўдыторыю».

Глядзіце таксама

Пры гэтым усім, дыктатура — вельмі здрадлівая рэч, кажа гісторык.

«Нават калі вы ведаеце, вы бачыце гэтыя прызнакі наступлення дыктатуры, што алгарытмы запушчаныя і іх трэба тэрмінова спыняць, бо далей будзе складаней, усё роўна вы можаце хадзіць як па пустэльні, і крычаць: «Ну, глядзіце ж, глядзіце!» І ўсе будуць смяяцца: «Ха-ха-ха і гэта ваш крывавы рэжым! Ніякага крывавага рэжыму няма». І вось такая паступовасць наступу дыктатуры — адна з самых небяспечных яе рысаў».

Ёсць умовы, калі сітуацыя не мірная, існуе ці знешні вораг, ці ўнутраныя вельмі драматычныя праблемы, якім нельга даць рады.

«Людзям падаецца, што ёсць урад, але ён нічога не можа зрабіць, не паляпшае нашай сітуацыі. Тады што? Тады зноўку з’яўляецца вось такі моцны харызматычны чалавек і кажа:

«Я чалавек, які гатовы ўсё вырашыць». І народу жыць цяжка і абіраць цяжка, і аналізаваць цяжка. І вось, калі ласка, прыходзіць такі чалавек, пачынае кіраваць і бывае нават так, што ён у тактычным плане праблемы вырашае. Але любая дыктатура вядзе да заняпаду ў любым выпадку. І горш за тое, яна вядзе да гіганцкай траўмы грамадства».

Дыктатура адвучае чалавека ад адказнасці за сябе, за будучыню сваёй краіны і сваіх дзяцей, кажа гісторык.

«І тады наступнае — гэта пошукі новай дыктатуры: «А хто за нас вырашыць? А вось штосьці гэтыя кепска вырашаюць, давайце іншых! Хай мы заўтра прачнёмся ў новай краіне!» Вось пакуль такіх не будзе ва ўладзе, ніякай дэмакратыі, ніякай альтэрнатывы, толькі дыктатура. На жаль, так і будзе».

Як змагаліся і змагаюцца з дыктатурамі?

«Змагаюцца, як дазваляе фантазія, сродкі, рэсурсы. Іншая справа, а якія метады змагання з дыктатурай эфектыўныя? Мы ўжо закранулі ўзброенае змаганне, але гісторыя дэманструе, што гэта не прыводзіць да чагосьці станоўчага. Як правіла, як толькі ўключаеш гвалт, вось гэтую опцыю ў палітычным жыцці — выкараскацца з яго катастрафічна цяжка. Я кожны дзень манітору і лічбы, і паведамленні, якія паступаюць з Мʼянмы. Там змяняецца толькі колькасць загінулых, арыштаваных, закатаваных у турмах (зараз гэта каля трох тысячаў чалавек)».

Гісторык дадае, што сам ён дзвюма рукамі супраць вонкавага ўварвання таксама.

«Вельмі непрыемная рэч — гэта акупацыя, гэта траўма, гэта страты матэрыяльныя, людскія, іміджавыя. І таму лепш за ўсё, калі дыпламатычны шлях, плюс падтрымка з боку народаў. Возьмем аднаго адноснага персаналіста — Піначэта. Ён сышоў не праз вонкавае ўварванне, не праз унутраны пераварот, скінулі яго некалькі фактараў: гэта ціск звонку,  пагроза санкцый з боку ЗША, ціск знутры (масавыя пратэсты, мільённы мітынг у Санц’яга, пагроза страйку). Арганізаваць страйк складана, але калі атрымаецца — суперэфектыўна. Можа ціснуць не на гэтага аўтакрата персаналісцкага, а на ягонае атачэнне, якое не так матывавана атручана гэтай уладай».

Якая мадэль будзе больш перспектыўнай і дзейнай менавіта для беларускай дыктатуры?

«У вайне з Украінай Расея перамагчы не можа. Калі Расея пераможа, тады нашае пытанне адсохне само сабой. Калі прайграе Расея, тут зноўку можа быць дэкаратыўна стол перамоваў, усе безумоўна разумеюць, што гэта абсалютная капітуляцыя. І нам трэба ўжо цяпер рабіць усё, каб да пытання Украіны пытанне Беларусі было прышпілена намертва: без свабоднай дэмакратычнай Беларусі не будзе аніякай сістэмы бяспекі, стабільнасці, эканамічнага развіцця ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе».

Глядзіце таксама

Зараз відавочна, што рана ці позна Беларусь будзе выкарыстаная для ўдару па Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі, кажа гісторык.

«Потым Заходнім палітыкам можна будзе не лезці, яны могуць сядзець спакойна, развівацца, займацца іншымі рэгіёнамі, а мы тут наладзім усё самі. Але дзеля таго, каб гэта было, трэба каб Расея перастала спансаваць рэжым Лукашэнкі».

Глядзіце таксама

Гісторык кажа, што ў яго заўжды пытаюцца: ці не спансуе Кітай рэжым Лукашэнкі?

«Для Кітая гэта даволі дзіўная ідэя, для яго самае галоўнае — гэта транзіт да Ратэрдама, каб гэтыя цягнікі з кітайскімі таварамі спакойна шуршэлі сваімі коламі ад Казахстана да Брэста. Вось для гэта патрэбная стабільная Беларусь, а стабільнай яна будзе толькі, калі сыдзе рэжым Лукашэнкі. Мне падаецца ўсе ужо ў гэтым пераканаліся. Але ўсё роўна трэба гэта паўтараць і паўтараць: калі Расея адчэпіцца ад Лукашэнкі, там ні дні, а гадзіны з таго моманту, як яго вынесуць на руках (і не выключана, што па частках) яго ж набліжаныя з ягонай рэзідэнцыі».

Каму зараз дапамагаюць сучасныя тэхналогіі — рэжыму ці людзям?

«Праблема не ў тэхналогіях, праблема ў руках, якія карыстаюцца гэтымі тэхналогіямі.

Амерыканцы працавалі над ядравай зброяй, каб не даць знішчыць дэмакратыю. Але вельмі хутка гэтая ядравая зброя трапіла ў рукі тых, хто акурат марыў знішчыць заходнюю дэмакратыю, ліберальную дэмакратыю, і ўтварылася сітуацыя халоднай вайны, якая наблізіла краіны да ядравага канфлікту і поўнага вынішчэння».

Глядзіце таксама

Калі параўнаць сітуацыю сто год таму і зараз, то якія можна правесці паралелі і якіх памылак можна пазбегнуць?

«Гісторыя — яна не настаўніца. Гісторыя — кат. Настаўніца вучыць, а кат карае за тое, што не вывучыў. У пачатку 20 ст. быў час, які ўваходзіць у гісторыю як «belle epoque» — цудоўная эпоха, прыўкрасная эпоха. Гэтая эпоха сыходзіць сваімі каранямі яшчэ ў французскае асветніцтва, у пазітывізм, то-бок гэта вера ва ўсемагутнасць чалавечага розуму: чалавечы розум можа вырашыць любую праблему, пазбегнуць любых канфліктаў. Тады верылі, што чалавек ужо ў той час пераадолеў зямное прыцягненне».

Мы дайшлі да таго стану, што не будзем забіваць, але вайна ва Украіне гэта перакрэслівае, кажа гісторык.

«З іншага боку, ёсць пазітыўчык — гэта, як кажуць нашыя ўкраінскія таварышы, зняты абутак перад лавачкай. Гэта як бы набліжае нас да разумення, што мы сапраўды неяк эвалюцыянавалі, і ўсе нашыя мірныя пратэсты паказваюць нешта новае ў чалавечай гісторыі.

Мы выйшлі на пратэсты, нас не здолелі ўцягнуць у гэтую вельмі простую нянавісць, калі ўзяць у рукі хоць брук, хоць ходнікавую плітку, хоць аўтаматы, хоць што — зразумела, што мы б не перамаглі, у процілеглага боку куды больш аўтаматаў, кулямётаў і сістэмаў залпавага агню, верталётаў. Нас бы там проста размазалі крывавай плямай па асфальце».

Але беларусы не праз гэта не ўзялі зброю, лічыць Яўген, а праз тое, што гэта не іх метад.

«Калі мы возьмем зброю, мы нічым не будзем адрознівацца ад таго, супраць каго мы змагаемся. Умоўна ўвесь свет быў у замілаванні ад таго, што мы зрабілі і робім, гэта намаўляе аптымізм. Гісторыя ідзе на канфлікце. Вось гісторык Фрэнсіс Фукуяма казаў у канцы 80-х, што «гісторыя скончылася». Насамрэч гэта гучыць вельмі страшна, бо калі гісторыя скончылася, значыць скончылася развіццё: няма больш канкурэнцыі ідэяў, мадэляў, людзям няма чаго абіраць, няма за што змагацца. Ці не гэта пекла, ці не так яно выглядае? Калі ўсё спакойна роўненька?»

Глядзіце таксама

З аднаго боку, за 100 год нічога не змянілася, а з іншага, магчыма нейкая незаўважная паступовая рэвалюцыя ў чалавечай псіхіцы: каштоўнасць чалавечага жыцця калісьці ўсё ж такі паставіць блок на гэтай празе ўзяць зброю ў рукі, дадае гісторык.

«Гэта вельмі істотны момант для пагрозаў з боку штучнага інтэлекту. Вось баяцца, што штучны інтэлект раптам дацяміць: давай мы «пачыкаем» гэтае чалавецтва. А на чым працуе штучны інтэлект? У яго галоўны рэсурс — гэта ўсё, што прадукуе чалавек. І калі чалавек будзе прадукаваць інфармацыю, што нельга забіваць, штучны інтэлект будзе гэта выдаваць сам. І будзе, магчыма, добра».

Намаганні па захаванні мовы і культуры даюць нейкі ўплыў на барацьбу з дыктатурай?

«Дыктатар будзе ўсё вынішчаць беларускае, калі яму нехта не падкажа разумны: «Слухай, зрабі з гэтага зброю сваю». Вось, гэта будзе куды эфектыўней. Уласна кажучы, гэты рэжым — гэта што? Гэта спараджэнне Расеі і яе мары адрадзіць імперыю. Канечне, у гэтай сітуацыі беларуская мова, культура, сімвалы, літаратура, музыка, — гэта ўсё тыя інструменты, якія застаюцца нашай найбольш эфектыўнай і даступнай зброяй».

Яўген дадае, што зараз развіваецца ўнутраны турызм у Беларусі, што дазволіць беларусам адкрыць сваю краіну, зразумець і адчуць.

«Калі ты едзеш гэтымі шляхамі Полацк — Вільня, напрыклад, паабапал гэтага шляху парэшткі замчышча застаюцца, ты ўяўляеш сабе, як тыя рыцары ехалі, ішлі войскі Вялікага княства Літоўскага. Ты проста напаўняешся гэтай атмасферай беларускай, ты разумееш, што ўсё гэта неразрыўна. Разумееш, што беларуская мова, гісторыя, дух, гэтае паветра, водар ягоны — гэта тое, што ўтрымлівае нас быць менавіта беларусамі».

Глядзіце таксама

Беларусь немагчыма пабудаваць на Пушкіне, Цютчэве ці Дастаеўскім. Мы можам пабудаваць Беларусь толькі на сваім, перакананы Яўген.

«Нядаўна нам 13 калонамі завезлі ад пяці да сямі тысячаў новых беларусаў. А чым яны адрозніваюцца? Тая ж расейская мова, таксама любяць Беларусь — вы запытайце ў іх. Адкажуць, што любяць Беларусь, як маму родную. Але я не думаю, што яны любяць Беларусь так, як любім мы з вамі. Беларуская мова — гэта тое, што мы з вамі можам цяпер самі рабіць, карыстацца гэтым і распаўсюджваць. І гэта будзе наша абарона».

Паслухаць і паглядзець лекцыі па гісторыі можна шточацвер на старонцы Яўгена Красуліна ў фэйсбук, а таксама знайсці цікавыя матэрыялы на ютуб-канале гісторыка.