На мяжы пасля праверкі прапускаюць у Беларусь — і неўзабаве прыходзяць з ператрусамі
Праваабаронцам стала вядомая новая практыка сілавікоў: праверкі тэлефонаў на мяжы, дазвол заехаць у Беларусь — і візіт сілавікоў праз пару дзён.

Праваабаронцам сталі вядомыя факты, калі людзей узмоцнена даглядаюць і дапытваюць пры вяртанні ў Беларусь, глядзяць тэлефоны і сацсеткі, але ў выніку адпускаюць — аднак на наступны дзень да іх прыходзяць сілавікі з ператрусамі.
Праваабаронцы нагадваюць: калі ласка, перад тым, як вяртацца ў Беларусь, яшчэ раз ацаніце ўсе рызыкі патрапіць пад пераслед.
На час праверкі варта адпісвацца ад «экстрэмісцкіх» каналаў і выдаляць усе фота, якія могуць выклікаць пытанні ў сілавікоў.
Таксама трэба мець на ўвазе, што нават пасля праходжання мяжы да вас могуць прыйсці з ператрусамі праз некалькі дзён.

Але затрымаць могуць і на мяжы. Так, напрыклад, 22 чэрвеня ноччу, пасля праверкі тэлефонаў затрымалі некалькі чалавек, якія вярталіся з Польшчы ў Беларусь. Іх знялі з аўтобуса, і далейшы іх лёс невядомы.
20 чэрвеня на мяжы з Літвой на памежным пункце «Катлоўка» з рэйсавага аўтобуса знялі жанчыну. Што з ёю было далей, таксама невядома.
У траўні ў Астраўцы адбылося некалькі судоў над затрыманымі на беларуска-літоўскай мяжы, нагадвае «Свабода» — вядома пра два штрафы ў 1110 рублёў і 5 дзён арышту за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.А яшчэ, як пісаў «НЧ», беларусаў проста могуць не ўпусціць у краіну.