Спецслужбы Латвіі заклікаюць грамадзян не ездзіць у Беларусь і РФ — ёсць рызыка вярбоўкі
Пра высокую рызыку вярбоўкі ў Беларусі і Расіі заявіў кіраўнік Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі.

Нормундс Міжвіец, кіраўнік Службы дзяржаўнай бяспекі (СДБ), адзначае, што цяпер найбольшую пагрозу для Латвіі складае выведка з тэрыторыі РФ, якая выкарыстоўвае для сваіх мэт людзей, што пражываюць у Латвіі або рэгулярна ўязджаюць у краіну, паведамляе «Еўрапейская праўда».
«Вядома, вайна ва Украіне ўнесла пэўныя карэктывы. Цяпер, калі паглядзець на мэты расійскай выведкі ў нашай краіне, большы акцэнт зроблены на вайсковую выведку, канкрэтна — на атрыманне інфармацыі аб нашых нацыянальных узброеных сілах і вайсковым кантынгенце саюзных краін NATO на тэрыторыі Латвіі», — адзначыў Міжвіец.
Ён дадаў, што расійскую вайсковую выведку цікавяць звесткі пра асабісты склад Узброеных сіл у Латвіі, іх тэхнічнае забеспячэнне, будынкі, а таксама пра крытычна важную інфраструктуру краіны.
За апошнія гады латвійскім сілавікам удалося затрымаць некалькіх мужчын, якія дапамагалі спецслужбам Беларусі і Расіі. Выяўлены выпадкі шпіянажу, пераважна звязаныя з пастаўкамі для ваенных мэт.

Кіраўнік СДБ заклікае грамадзян Латвіі вельмі ўважліва ставіцца да паездак у Беларусь і Расію. На яго думку, па іншы бок мяжы яны падвяргаюцца рызыцы вярбоўкі.
«Гэта сапраўды сур'ёзная праблема, сур'ёзныя рызыкі. Прыродная прыгажосць, танныя тавары ці культурна-гістарычная спадчына Беларусі і Расіі не вартыя таго, каб ставіць пад пагрозу сваю бяспеку і ствараць сабе праблемы ў будучыні», — адзначыў Міжвіец.
Нагадаем, з 15 красавіка 2022 года па 31 снежня 2023 года ў Беларусі дзейнічае бязвізавы парадак уезду ў краіну для грамадзян Літвы, Латвіі (а таксама асоб, якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі). І многія грамадзяне суседніх краін карыстаюцца бязвізам, хоць кіраўніцтва дзяржаў Балтыі перасцерагае іх ад гэтага.
