Рудкоўскі: Подлая кампанія, каб напаскудзіць краіне-суседцы

«Сам факт, што адна краіна вядзе такую подлую кампанію, калі выкарыстоўвае канкрэтных людзей, каб напаскудзіць краіне-суседцы — гэта рэч надзвычайна дзікая», адзначыў Пётр Рудкоўскі наконт падзей на беларускай мяжы.

belarus_2023__palityka_novy_czas__3__logo.jpg

МЗС Беларусі папярэдзіла Варшаву пра «сумныя наступствы» ў выпадку, калі на беларускай тэрыторыі пачнуць дзейнічаць дыверсанты. Навошта беларускі МЗС пагражае Польшчы, разважае ў размове з «Филином» палітолаг Пётр Рудкоўскі.

— Пра тое, што на тэрыторыі Польшчы з удзелам польскіх — і не толькі польскіх, а заходніх — спецслужбаў адкрыта рыхтуюцца баевікі, экстрэмісты, тэрарысты для правядзення ўзброеных аперацый у Беларусі, мы неаднаразова казалі. Гэта абсалютны факт, — заявіў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз.

Пры гэтым у міністэрстве спасылаюцца на публікацыю ў брытанскім выданні The Times, прысвечаную баявой падрыхтоўцы беларусаў на тэрыторыі Польшчы.

«Филин» абмеркаваў актуальную спецыфіку беларуска-польскіх адносінаў з палітолагам Пятром Рудкоўскім.

— МЗС Беларусі абвінаваціў польскія і заходнія спецслужбы ў тым, што яны рыхтуюць беларусаў-дыверсантаў для адпаведных дзеянняў на беларускай тэрыторыі.

Чаму менавіта цяпер гучаць гэтыя абвінавачванні? Ці маглі яны стаць яшчэ адной «стрышылкай» для міністраў замежных спраў краін-удзельніц АДКБ?

— Для краін-удзельніц АДКБ нейкія беларускія дыверсанты не больш страшныя, чым спякотнае надвор’е. Гэта калі казаць пра тых, што па-за «Саюзнай дзяржавай».

Бо для Расіі магчымая перспектыва ўзброенага паўстання ў Беларусі мае іншае значэнне: з аднаго боку, можа ўспрымацца як шанец узяць пад поўны кантроль краіну пад прэтэкстам абароны саюзніка, з другога боку — як рызыка з’яўлення «другога фронту».

А тое, што беларускі рэжым уздымае гэтую гісторыю, зразумела: па-першае, для падтрымлівання антызаходняга наратыву, а па-другое, думаю, ёсць рэальныя апасенні сур’ёзнай дэстабілізацыі.

— На днях польская памежная служба паведаміла пра гучны інцыдэнт. Нібыта з беларускага боку быў абстраляны памежны патруль, пры гэтым, па словах польскага боку, існавала пагроза жыццю і здароўю памежнікаў. У польскіх медыя можна было пабачыць ілюстрацыі да гэтай падзеі, на якіх былі выявы і Пуціна і Лукашэнкі.

Наколькі самастойным выглядае беларускі бок у гэтай гісторыі? І наколькі сур’ёзна на сёння выглядае сітуацыя на беларуска-польскай мяжы?

— Тут справа такая, што спробы фізічнага ўздзеяння на польскіх памежнікаў цягам апошніх двух гадоў робяцца амаль бесперапынна. Пераважна тымі, хто атакуе, з’яўляюцца рэальныя або падстаўныя мігранты.

Быў, што праўда, як мінімум адзін выпадак восенню 2021 года, калі стралялі ў бок польскіх вайскоўцаў менавіта беларускія памежнікі. У выпадку з гэтым інцыдэнтам, які акурат прыцягнуў увагу СМІ, гаворка, хутчэй, пра стрэлы з боку мігрантаў.



Хацелася сказаць: «нічога надзвычайнага няма», хоць прагучыць трохі недарэчна. Бо сам факт, што адна краіна вядзе такую подлую кампанію, калі выкарыстоўвае канкрэтных людзей, каб напаскудзіць краіне-суседцы — гэта рэч надзвычайна дзікая.

Але гэта рэаліі апошніх двух гадоў, проста СМІ перасталі на штодзённай аснове асвятляць гэтую справу і шырока інфармуюць толькі тады, калі здараецца штосьці нетыповае.

Што да ўдзелу пуціністаў ва ўсім гэтым, наўпростых дадзеных у мяне няма, але моцна перакананы, што ад самага пачатку крамлёўскія службы ў гэтым удзельнічаюць.