Рудкоўскі: Варшава і Кіеў наўрад ці падтрымаюць сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі

Ці варта беларусам разлічваць на падтрымку Польшчы і Украіны ва ўзброенай барацьбе з рэжымам Лукашэнкі? Дыскусію падагрэлі выказванні польскага генерала пра тое, што Польшча павінна рыхтавацца да ўзброенага паўстання ў Беларусі.

Беларускія ваяры ва Украіне. Фота: sharij.net 


«Філін» запытаўся наконт верагоднасці такога сцэнара ў палітолага, акадэмічнага дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Пятра Рудкоўскага.

— Былы намеснік міністра абароны Польшчы Вальдэмар Скшыпчак заявіў на днях, што Польшча павінна рыхтавацца падтрымаць беларусаў у выпадку іх узброенага паўстання супраць рэжыму. Наколькі верагодна, што такая краіна, як Польшча, сапраўды акажа падобную дапамогу беларусам?

— Падтрымка ўзброенага паўстання — гэта вялікая рызыка і вялікая адказнасць. Ёсць даволі свежы вопыт Сірыі. Пасля таго, як у 2011 годзе рэжым Асада брутальна разагнаў пратэсты, якія пачаткова былі адносна мірнымі, частка вайскоўцаў вырашыла, што цяпер трэба дзейнічаць сілавым метадам.

Пры падтрымцы Турцыі і некаторых заходніх краін сфарміравалася Свабодная сірыйская армія і распачала ўзброеную барацьбу з дыктатарскім рэжымам. На жаль, як ведаем, дыктатура не пала, затое барацьба ператварылася ў жудасную грамадзянскую вайну, наступствы якой адчуваюць не толькі сірыйцы, але і цэлы кантынент.

Чыніць або падтрымліваць узброенае паўстанне мае сэнс толькі тады, калі ёсць высокая імавернасць, што: а) рэгулярная беларуская армія ў сваёй большасці падтрымае паўстанцаў захавае нейтралітэт; б) беларускі рэжым не атрымае ўзброенай падтрымкі звонку (напрыклад, ад Расіі або АДКБ).

На дадзены момант імавернасць абедзвюх рэчаў даволі нізкая, і я думаю, што польскія ўлады гэта таксама разумеюць. Рызыка займець грамадзянскую вайну ў непасрэдным суседстве і паток бежанцаў, які будзе супастаўны па колькасці з бежанцамі з Украіны — гэта асноўныя перашкоды для падтрымкі з боку Польшчы.


— А як наконт падтрымкі з боку Кіева беларускіх узброеных падраздзяленняў у іх барацьбе супраць рэжыму Лукашэнкі? На гэта спадзяюцца добраахвотнікі, якія сёння ваююць за Украіну.

— Калі Украіна пераможа (чаго ёй зычу), то як мінімум некаторыя ўкраінскія палітыкі будуць прасоўваць гэту ідэю. Але ці яны будуць вызначаць палітыку ў дачыненні да Беларусі? Не думаю.

У выпадку перамогі Украіны з’явяцца менш праблемныя і больш прымальныя для Захаду спосабы прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці. У выпадку паражэння Расія пагрузіцца ва ўнутраныя разборкі і будзе слабай настолькі, што не зможа аказаць дзейснай падтрымкі Лукашэнку.

Я думаю, сам факт наяўнасці альтэрнатыўных (у дачыненні да ўзброенага паўстання) спосабаў прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці прывядзе да таго, што Кіеў не будзе схільны падтрымліваць гэты сцэнар.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: