Полк Каліноўскага развітаўся з загінулым у Бахмуце Міраславам Лазоўскім

«Жыццё чалавека ўнікальнае, непаўторнае і ад гэтага мае вялікую каштоўнасць. Міраслаў змагаўся за гэта ўсё сваё жыццё, не толькі словамі, але і справай», — гаворыцца ў развітальным допісе на фэйсбук-старонцы ПКК.

347411476_1599683570516281_9120337998810787855_n.jpg


«Ён быў беларускім грамадска-палітычным дзеячам, кнігавыдаўцом, адным з лідараў «Белага легіёна» і адным з найпрафесійнейшых баявых камандзіраў Палка Каліноўскага. Ён аддаў сваё жыццё, каб наступнае пакаленне не жыло ў рабстве. Бо рабства — гэта найгоршае прыніжэнне для вольнага чалавека.

Міраслаў змагаўся з гэтым злом да канца свайго жыцця. І загінуў Міраслаў як сапраўдны герой, у баі, прыкрываючы адыход параненых пабрацімаў. Ён памёр вольным, выбіраючы сам, а не па загадзе страху ці страсці. Нават страх смерці не можа змяніць дзеянняў вольнага чалавека, бо ён вольны ад улады страху. Ён мацнейшы за страх. Ён гаспадар страху, а не яго парабак», — адзначае ПКК.


«Толькі ў свабодзе чалавек можа любіць, і няма большай любові, калі чалавек пакладзе душу сваю за сяброў сваіх! Гэта і ёсць дух воіна, выбар, каханне і свабода, і вышэйшая ўзнагарода — бессмяротнасць!

Мы ніколі не забудзем цябе. Сваёй працай ты натхняў і будзеш натхняць тых, хто змагаўся побач з табой у гэтай вайне з Расіяй. Ты стаў у шэрагі лепшых з нас і ўжо з нябёс глядзіш, як мы працягваем нашу агульную справу.

Сёння кожны з нас апошні раз сказаў табе тое, што хацеў, але не паспеў пры тваім жыцці... Мы абавязкова пераможам!» — адзначылі пабрацімы Міраслава.




Нагадаем, ваяры палка Каліноўскага батальёна «Волат» утрымлівалі пазіцыі ў Бахмуце. Яны адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па доме, у якім знаходзіліся хлопцы, адпрацавала ствольная буйнакаліберная артылерыя ворага. У выніку адбыўся абвал будынка, і частка байцоў апынулася пад заваламі. Другая група высунулася разам з медыкамі для эвакуацыі і аказання дапамогі.

Міраслаў Лазоўскі кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да камандна-назіральнага пункта.

Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

У 1995 годзе ён уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.

Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996—1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.

Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» з'яўляліся ў 2017 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па «справе патрыётаў», аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.

У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную серыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджванне навукова-папулярных выданняў аб гісторыі Беларусі.

Працаваў інжынерам, а пасля ў выдавецтве «Кнігазбор», якое зліквідавалі ўлады ў студзені 2023 года.