«Магчыма, таварышы маюць пэўную крыху мазахізму, бо ім не надакучвае выстаўляць сябе клоўнамі»

Ужо не першы месяц на беларуска-ўкраінскай мяжы працягваецца інфармацыйнае супрацьстаянне. Украінскі бок пры гэтым выглядае больш крэатыўным. Пра мэты і эфект гэтай псіхалагічнай вайны разважае аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.

Беларуска-ўкраінская мяжа, дзе з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Кадр з відэа «ТСН»

Беларуска-ўкраінская мяжа, дзе з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Кадр з відэа «ТСН»


Беларускіх памежнікаў нервавала многае: вывешванне іх калегамі нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, манекен у форме расійскага вайскоўца, банеры супраць Крамля і, канешне, зварот байцоў палка Каліноўскага. У адказ яны вывешвалі свае банеры з кадрамі Другой сусветнай вайны і абвінавачваннямі ў бок ЗША, уключалі аўдыязвароты, дзе запрашалі на боршч і сала.

Літаральна 20 чэрвеня ў закліках беларусаў «пераходзіць на наш бок» прагучала новая гастранамічная нотка: саркастычная рэклама «знакамітай украінскай гарэлкі».

— Любая інфармацыйная аперацыя мае на мэце дэмаралізаваць праціўніка альбо данесці да яго нейкія тэзісы і наратывы, — тлумачыць Ігар Тышкевіч у інтэрв’ю «Філіну». — У выпадку ўкраінскага боку пасыл, мяркую — проста паўтараць: не лезьце на нашу тэрыторыю, каб не быць забітымі. Што да беларускага боку, ім патрэбна нечым адказваць на падобны ціск. Але ж па адказах можна меркаваць і пра ўзровень ведання таго, што адбываецца ва Украіне, і пра якасць кадраў, і, нарэшце, пра агульную прапагандысцкую матрыцу.

Фактычна мы маем спробу РБ прадэманстраваць нейкую адданасць традыцыйным каштоўнасцям, «барацьбе з фашызмам» і гэтак далей. Прычым гэтыя наратывы транслююцца не толькі ў бок Украіны, давайце ўзгадаем расцяжкі «Мы за традыцыйную сям’ю» і пра «карысць дыктатуры» каля заходніх меж.

А з другога боку, ідзе спроба аднавіць наратыў пра «брацкія народы». Наколькі я магу здагадвацца, у выкананні беларускіх прапагандыстаў гэта мусіць расчуліць украінцаў: як жа так, мы варагуем з братамі.

Натуральна, адначасова ідзе спроба павучыць. Бо калі ўважліва паглядзець на тыя размовы пра нацыянальную кухню, то становіцца вельмі цікава, як уплятаецца тэзіс пра варожы Захад, еўрапейскую кухню, якой супрацьпастаўляюцца «баршчы-суседзі».

Аднак, канстатуе аналітык, у беларускіх прапагандыстаў атрымліваецца не тое каб пераканаўча.

— Разумення, што сказаць, няма ад слова зусім. Але ёсць аб чым справаздачыцца, маўляў, мы такія малайцы, данеслі «ідэалагічна правільны пасыл» і нават прамовілі па-ўкраінску.

Відавочны крызіс кадраў у сістэме беларускай улады. Калі замест разумных, у нечым самастойных выбіраюць найперш лаяльных, то рана ці позна такія «запрашэнні на гарэлку» пачнуць з’яўляцца. Гэта цалкам лагічнае сведчанне каласальнага правалу нават у такой галіне, якая, па ідэі, мае быць аўтаномнай, разумнай і хутка адаптавацца да новых умоў — маю на ўвазе сферу інфармацыйна-псіхалагічных аперацый.

Але мы бачым працу ў стылі савецкага палітрука. Па ягонай логіцы, усё зроблена правільна, можна нават прэмію выпісаць. А з пункту гледжання эфекту — магчыма, таварышы маюць пэўную крыху мазахізму, бо звычайнаму чалавеку рана ці позна надакучыць выстаўляць сябе клоўнам, а ім не надакучвае.

За тролінгам, зрэшты, не адыходзіць на другі план пытанне знаходжання расійскіх вайскоўцаў у Беларусі. Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла пра павелічэнне іх колькасці, але яна, паводле слоў спікера Андрэя Дземчанкі, нязначная і недастатковая для паўторнага ўварвання на гэтым накірунку — каля 1,5 тысячы чалавек.

— Перадусім гэта якраз такі туман, каб стварыць дадатковае напружанне. Зараз ідзе гаворка пра наступальныя дзеянні ўкраінскага боку — адпаведна, лагічна зрабіць выгляд, што небяспека з беларускай тэрыторыі павялічваецца, каб нейкія вайсковыя злучэнні і тэхніка заставаліся ля мяжы.

У дадзеных варунках гэта задавальняе расійскі бок. Таму мы і назіраем пэўную актывізацыю расійскіх вайскоўцаў: не ў такіх колькасцях, каб гэта была рэальная небяспека, але каб на гэтыя перагрупоўкі зважалі.

22 чэрвеня стала вядома пра падзенне расійскага верталёта Мі-24 пад Баранавічамі — праўда, Мінабароны РБ назвала гэта «жорсткай пасадкай». На думку аналітыка, ведамства з задавальненнем наогул не паведамляла б пра здарэнне, але адбылося яно занадта нязручна па месцы і часе, вельмі шмат сведак і інфармацыя імгненна разляцелася па сацсетках.

Прычыны ж падзення, разважае аналітык, могуць быць рознымі.

— Тут можа быць купа фактараў. Напрыклад, ёсць такая рэч, як неабходнасць абслугоўвання тэхнікі і дэфіцыт дэталяў або частак механізму.

Хачу нагадаць, што расійскія верталёты, тыя ж самыя Мі-24, калі мы гаворым пра рухавікі і ўнутраную камплектацыю, у значнай меры забяспечваліся пастаўкамі з Украіны. На жаль, праз фірмы-пракладкі гэта адбывалася нават пасля пачатку ўварвання, нездарма затрымлівалі кіраўніка «Матор Січ». І зараз гэта лавачка, можна сказаць, прыкрыта. А калі няма рэмкамплекту — рамантуюць тым, што ёсць, і гэта магло быць банальнае кепскае абслугоўванне.

Але нельга выключаць і памылкі экіпажа, калі гэты палёт быў часткай падрыхтоўкі, навучання пілотаў, а тыя былі не зусім дасведчаныя. Таму што, апроч страт тэхнікі, РФ губляе на фронце і прафесійных пілотаў.

Што дакладна стала прычынай? Думаю, наўрад ці будзе афіцыйны прэс-рэліз на гэты конт. Кажучы па-расійску, «российский вертолет пал в неравном бою с белорусским воздухом».