Манекен Валера. Чым палохаюць беларускіх памежнікаў украінскія калегі?

Павешаны манекен у рускай форме з’явіўся на мяжы. Беларускія памежнікі скардзяцца на псіхалагічны ціск з боку ўкраінцаў.

maneken_valera.jpg

Беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ нават выпусціў сюжэт пра тое, як змянілася жыццё беларускіх памежнікаў праз вайну ва Украіне. Там распавядаецца, у прыватнасці, пра беларускую памежную заставу "Глушкевічы", побач з якой знаходзіцца Жытомірская вобласць Украіны.

У сюжэце супрацоўнікі памежнай службы Беларусі скардзяцца на псіхалагічны ціск з боку ўкраінскіх памежнікаў і на іх "хуліганскія выхадкі".

У якасці прыкладу такой "выхадкі" прадстаўнік Мазырскага памежнага атрада Сяргей Паўлаў прыводзіць інцыдэнт з манекенам — яго нібыта павесілі ўкраінскія памежнікі на дрэве побач з мяжой.



"Быў усталяваны макет павешанага вайскоўца ў форме расійскай арміі, якога прадстаўнікі Украіны назвалі Валерам. Сказалі, што гэта вайсковец, забіты пад Кіевам", — распавёў Паўлаў.

Паводле яго слоў, манекен быў павешаны "з мэтай застрашвання і псіхалагічнага ціску" на беларускіх вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу.

Як менавіта беларускія памежнікі даведаліся, што манекена назвалі Валерам, Сяргей Паўлаў не ўдакладніў.

На сюжэт ужо адрэагавала ўкраінская памежная служба. Яна выклала ўрывак відэроліка са словамі Паўлава ў сябе ў сацсетках і суправадзіла яго словамі: "Мы не палохаем, мы намякаем".

Беларусь дазволіла Расіі размясціць свае войскі на тэрыторыі краіны і фактычна стала саўдзельніцай РФ у яе вайне супраць Украіны. Таксама Беларусь дала сваю тэрыторыю для транзіту расійскіх войскаў, хоць пакуль Мінск не спяшаецца адпраўляць ва Украіну ўласных вайскоўцаў.