У Брэсцкай вобласці ўпаў расійскі верталёт Мі-24. Што вядома

Міністэрства абароны 22 чэрвеня паведаміла пра падзенне ў Брэсцкай вобласці верталёта расійскіх Узброеных сіл. Падрабязнасці распавядае сайт блогера Антона Матолькі.

3000v.jpg

Адзначаецца, што 22 чэрвеня каля 13:30 побач з трасай М1 паміж Івацэвічамі і Баранавічамі паваліўся верталёт Мі-24 ваенна-касмічных сіл РФ. У афіцыйным паведамленні прэс-службы Мінабароны Беларусі гаворыцца, што экіпаж верталёта «атрымаў цялесныя калечанні», але пры гэтым ведамства не называе ні мадэль верталёта, ні якім войскам ён належыць.

Што вядома пра крушэнне Мі-24 ВКС РФ на бягучы момант?

Па-першае, паводле даных маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», актыўнасць авіяцыі, у тым ліку верталётаў і знішчальнікаў на бліжэйшым да месца крушэння аэрадроме «Баранавічы» пачала фіксавацца сёння з 11:30.

Паводле звестак Матолькі, верталёт паваліўся каля аграгарадка Лясная (Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць).

lyll2.jpg

Месца крушэння верталёта Мі-24 ВКС РФ

Вядома, што верталёт ляжаў прама каля трасы М1 на баку ў напрамку Брэста. Аналіз паведамленняў паказвае, што на месцы крушэння прысутнічалі МНС, ВАІ РФ, ваенная паліцыя і «Урал» з літарамі НПВК — гэта мабільны комплекс сродкаў наземных пошукава-выратавальных каманд.

Аналізуючы фота з чатаў, можна выразна зразумець, што паваліўся менавіта расійскі верталёт Мі-24. Па-першае, на ім выразна бачны акупацыйны сімвал «Z», па-другое, на хваставой частцы прысутнічае надпіс ВКС або ВПС (ваенна-паветраныя сілы. — «НЧ») Расіі і рэгістрацыйны нумар верталёта.

2023_06_22_16.08.15.jpg

Адзначым, што ў верталётаў ВПС РБ у адрозненне ад ВКС РФ на месцы «Z» знаходзяцца буйныя лічбы нумара борта. Акрамя таго, ва ўсіх Мі-24 ВПС РБ ёсць дзяржаўны сцяг на паветразаборніках.

Таксама варта сказаць, што кошт такога верталёта складае каля $12 500 000.