Смяротнае пакаранне для апазіцыі. М’янма адзначае юбілей незалежнасці

Нягледзячы на тое, што прыхільнікі дэмакратыі, замест балёнікаў і кветачак, узялі ў рукі зброю, прагрэсу ў набліжэнні да міру і дэмакратыі ў краіне не назіраецца. Гвалт для некаторых рэжымаў — родная стыхія, і яны ахвотна ўцягнуцца ў гэтую гульню. Хто ў выніку пераможа?

Грамадзянская вайна ў Мьянме. 2022. Фота www.amnesty.org/

Грамадзянская вайна ў Мьянме. 2022. Фота www.amnesty.org/

М’янма 4 студзеня адзначае 75 год сваёй незалежнасці. Няпростая гісторыя гэтай краіны, а таксама ня менш складаная сучаснасць і нявызначаная будучыня, прымушае ўважліва паглядзець на як ўрокі. Каб пазбегнуць памылак і праблемаў, з якімі сутыкнулася М’янма ў сваёй барацьбе за адзінства, дэмакратыю і лепшае жыццё.

Вінтоўка нараджае ўладу. Але не для тых

Ад самога моманту, калі ў канцы ХІХ ст. Бірма (цяперашняя М’янма) патрапіла пад уладу Брытанскай імперыі, барацьба за незалежнасць у гэтай краіне не спынялася. Метады барацьбы абіраліся розныя. У адрозненне ад суседняй Індыі ідэя негвалтоўнага супраціву была ня надта папулярнай. Нават будыйскія манахі не цураліся арганізацыі партызанскіх атрадаў. Але больш эфектыўнымі былі, усё ж, страйкі, якія давалі свой плён. Так, у 1936 г. студэнты Рангунскага ўніверсітэта, самага вялікага ў краіне, тры месяцы страйкавалі, каб адміністрацыя аднавіла на вучобе двух лідэраў студэнцкага руху — Аўн Сана і У Ну. І ў выніку дамагліся перамогі.

Калі пачалася ІІ сусветная вайна, шмат хто ў Бірме ўспрыняў гэта як магчымасць атрымаць незалежнасць ад Брытаніі пры дапамозе Японіі. Аўн Сан, як і шмат хто з іншых бірманцаў, убачылі ў японскай імператарскай арміі інструмент вызвалення сваёй краіны ад брытанскага панавання. Гэта ж так проста: добрыя японцы прагоняць злых брытанцаў, аддадуць бірманцам магчымасць самім кіраваць сваёй краінай, і тыя павядуць яе да росквіту і шчасця.

Японцы з радасцю пайшлі насустрач гэтым пажаданням. У канцы 1941 г. яны ўтварылі Армію незалежнасці Бірмы (АНБ) пад камандваннем Аўн Сана, якая прыняла ўдзел ва ўварванні японцаў у Бірму. На радзіме яе сустракалі з вялікім энтузіязмам, і калі на пачатку ўварвання яна налічвыла ў свіах шыхтах усяго 2 300 чалавек, дык праз тры месяцы, калі яна разам з японскімі войскамі ўваходзіла ў Рангун, у ёй ужо было 10 000 байцоў. Яшчэ праз некаторы час колькасны склад дасягнуў 23 000. Пры гэтым АНБ “засвятлілася” ў карных акцыях супраць карэнаў — адной з значных этнічных групаў, якая насяляе даліну ракі Іравадзі.

У выніку гэтых акцыяў былі знішчаны чатыры сотні вёсак і былі забітыя амаль дзве тысячы мірных жыхароў. Ды й вялікая колькасць новых байцоў хутка ператварыла само войска ў слаба дысцыплінаванае і небяспечнае зборышча ўзброеных людзей.

Ды і японцы, па меры развіцця поспеху ў вайне супраць брытанцаў, гублялі інтарэс да ідэі бірманскай незалежнасці. Ня тое, каб яны зусім ад гэтага адмовіліся, але Бірму яны бачылі, у лепшым выпадку, як дзяржаву-марыянетку сваёй імперыі. Такую, уласна, яны і ўтварылі ў 1943 г. Пры гэтым АНБ была распушчана, а замест яе ўтварылася Бірманская нацыянальная армія (БНА). Аўн Сан атрымаў пасаду міністра абароны.

Не гэтага чакалі бірманцы ад сваіх вызваліцеляў. Затое яны засвоілі ўрок: калі хтосьці выказвае гатоўнасць выкарыстаць свае ўзброеныя сілы, каб вызваліць цябе ад акупацыі, гэта зусім ня значыць, што замест папярэдняй ты не атрымаеш акупацыю новую. Як казаў палкоўнік японскай імператарскай арміі Судзукі Кэйдзі, які быў куратарам стварэння АНБ і сапраўдным прыхільнікам незалежнасці Бірмы, “незалежнасць — гэта ня тая рэч, якую можна выпрасіць у іншых. Вы павінны абвесціць яе самі”.

І калі справы для японцаў пайшлі кепска, бірманцы паўсталі супраць іх. 27 сакавіка 1945-га Бірма абвясціла вайну Японіі, а БНА была Праз складаныя перамовы, якія вялі паміж сабой брытанцы, Аўн Сан, іншыя палітыкі Бірмы і лідэры розных народнасцяў, атрымалася дамовіцца пра ўтварэнне Бірманскага Саюзу, незалежнага ад Брытаніі.

Урачыстае абвяшчэнне незалежнасці адбылося 4 студзеня 1948-га. Але Аўн Сан, які лічыцца бацькам незалежнасці, бацькам дзяржавы і заснавальнікам тамадо, не дажыў да гэтага дню. 19 ліпеня 1947 года ён, разам з шэрагам міністраў бірманскага ўраду, быў забіты ў выніку нападу, які арганізаваў У Со — былы прэм’ер-міністр Брытанскай Бірмы. Гвалт у палітычнай культуры тагачаснай Бірмы быў справай звычайнай. Лозунг: “вінтоўка нараджае ўладу” быў даволі папулярным.  

Вінтоўка не нараджае ўладу  — у гэтым У Со пераканаўся на ўласнай скуры. Дакладней — шыі, бо яго павесілі 8 траўня 1948-га. Не дапамгла вінтоўка і Аўн Сану, бо калі ты сам дапускаеш гвалт у сваёй палітычнай дзейнасці, заўжды існуе рызыка, што знойдзецца той, у каго вінтоўка будзе даўжэйшай. Хаця б на сантыметр.  

Як паказала далейшая гісторыя Мьянмы, абвясціць незалежнасць — гэта толькі частка справы. Захаваць яе, захаваць краіну, забяспечыць ёй спакой і стабільнае развіццё бывае куды цяжэй. Асабліва, калі ў дасягненні сваіх мэтаў ты маеш схільнасць абапірацца на ўзброеную сілу і гвалт.

Абвяшчэнне незалежнасці Бірмы (Мьянмы) 4 студзеня 1948 г. у Рангуне.Фота coconuts.co

Абвяшчэнне незалежнасці Бірмы (Мьянмы) 4 студзеня 1948 г. у Рангуне.Фота coconuts.co

Калі нельга, але вельмі хочацца, дык нельга!

Пасля абвяшчэння незалежнасці мір у Бірме пратрымаўся крыху меней за тры месяцы. Ужо 2 красавіка 1948-га ў краіне выбухнуў мяцеж камуністаў. Але куды больш сур’ёзным выклікам былі паўстанні этнічных групаў. Не гледзячы на дамоўленасці 1947-га аб утварэнні Бірманскага Саюзу, прадстаўнікі некаторых народаў вырашылі, што ўмовы існавання ў новай дзяржаве іх не здавальняюць. І калі камунсты пратрымаліся толькі 41 год — да 1989-га, дык вайна з этнічнымі групамі працягваецца дагэтуль — рэкордныя 73 гады. Так бірманцы атрымалі яшчэ адзін урок: у гвалт уцягнуцца проста. А вось выйсці з яго так проста не атрымаецца.

А калі ў краіне ідзе ўнутраны канфлікт, дык прэферэнцыі ад гэтага маюць, перш за ўсё, узброеныя сілы. Па-першае, для іх вайна — занятак, да якога яны рыхтуюцца прафесійна. І ў любым выпадку ў іх будзе перавага па-над горш узброенымі і арганізаванымі паўстанцамі. Акрамы таго, у вачох жыхароў краіны яны будуць выступаць як абаронцы міру, спакою і цэласнасці краіны. Што ўтварае ім, урэшце, неблагую легітымнасць, у тым ліку — палітычную.

Чым тамадо — ўзброеныя сілы Бірмы — і карысталіся. Ужо ў 1962 г. генерал Нэ Він здейсніў дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада ў краіне апынулася ў руках вайсковай хунты. Сам Нэ Він, займаючы розныя пасады, 27 год быў фактычным дыктатарам Бірмы. Любыя спробы супраціву жорстка душыліся.

Самыя масавыя выступленні адбыліся 8 жніўня 1988 года (гэтак званы мяцеж чатырох васьмёрак — 8888). Пры задушэнні масавых маніфестацыяў у той дзень, а таксама 9 жніўня і 18 верасня загінула некалькі тысячаў чалавек (хоць афіцыйныя лічбы былі меншыя). І нягледзячы на тое, што хунта захавала ўладу, Нэ Віну давялося сыйсці з публічнай палітыкі.

Якой бы моцнай ні была хунта на поле бою, але ў яе існуюць ворагі, больш сур’ёзныя, чым паўстанцкія атрады. Гэта, перш за ўсё, — эканоміка. Яе не кінеш у турму. І буйныя калібры, разам з ваеннай авіяцыяй, супраць яе не дапамогуць. Эканамічная палітыка была далёка ня самым моцным бокам хунты. Тым больш, што за часам дыктатуры Нэ Віна ў Бірме старанна будаваўся сацыялізм. Пасля падзеяў 1988-га да традыцыйных праблемаў эканомікі дадаліся яшчэ і міжнародныя санкцыі. А гэта ўсё, зноўку, не узброенае паўстанне, тут такімі роднымі і блізкімі хунце гвалтоўнымі метадамі праблему ня вырашыш. Застаецца адно: ісці слізкім і складаным шляхам дэмакратызацыі.

Ужо пасля паўстання 8888 хунта абвесціла, што пібералізаваць палітычны рэжым. Яна спрасціла рэжым утрымання палітычных зняволеных, перш за ўсё — Аўн Сан Су Чжы, дачцэ Аўн Сана і набеліянткі 1991 года. Але працэс лібералізацыі ішоў надта павольна. Таму ў пачатку ХХІ стагоддзя на хунту абрынуліся новыя эканамічныя праблемы і новыя санкцыі. У 2007-м зноў выбухнулі масавыя пратэсты, бо хунта была вымушана зняць датацыі з паліва, у выніку чаго цэны на яго выраслі адзінамомантна на 100%. Давялося павялічваць тэмпы.

Лібералізацыя прывяла да таго, што на выбарах 2015-га Нацыянальная ліга за дэмакратыю — партыя Аўн Сан Су Чжы — заваявала абсалютную большасць месцаў у абедзвюх палатах парляменту. Яшчэ большага поспеху гэтая партыя дасягнула на наступных выбарах у лістападзе 2020 г.. Яна атрымала 396 месцаў у парляменце супраць 33, якія атрымала Партыя салідарнасці і развіцця Саюза, связаная з вайскоўцамі. Падаецца, тут бы і радавацца трыюмфу дэмакратыі. Але вайскоўцы ўзялі ды вывалілі стос пасведчанняў, што выбары прайшлі з шматлікімі парушэннямі.

Перш за ўсё, махінацыі (па меркаванні вайскоўцаў) закранулі спісы выбарцаў. На 38,3 млн. тых, хто можа прыняць удзел у галасаванні, новы склад Саюзнай выбарчай камісіі, сфармаваны ўжо пасля 1 лютага 2021 г., налічыў больш за 10 млн. парушэнняў.  Другая праблема связана з старым добрым датэрміновым галасаваннем, якое было дазволеным з-за ковідных абмежаванняў. Фактычна, датэрміновае галасаванне з выездам на дом было арганізавана для ўсіх выбарцаў, старэйшых за 60 год, што супярэчыць закону. Таксама была звернута ўвага на неадпаведнасць колькасці выдадзеных бюлетэняў і тых, якія былі выдадзены выбарцам, і тых, якія засталіся нявыкарыстанымі.

Вайскоўцы ўсё гэта тлумачылі злымі намерамі кіруючай партыі НЛД, якая, па законе, фармавала выбарчыя камісіі. Гэта, а таксама іншыя прэтэнзіі па арганізацыі і правядзенні выбараў, і паслужылі фармальнай падставай для правядзення перавароту 1 лютага 2021-га, які вярнуў уладу вайскоўцам.

Акрамя гэтага, да цывільнага кіраўніцтва былі і іншыя прэтэнзіі. У прыватнасці, было заўважана, што пры новым урадзе колькасць журналістаў, патрапіўшых пад суд за паклёп у адрас уладаў, вырасла ў параўнанні з эпохай хунты. Жорсткай крытыцы падверглі вайскоўцы Аўн Сан Су Чжы за заключаную дамову з Кітаем у рамках эканамічнага калідору “Кітай-М'янма”. І, канечне, значны ўдар па іміджы Аўн Сан Су Чжы нанесла гісторыя з імсламскай меншасцю рахінджа, дзейнасць мьянманскіх вайскоўцаў супраць якой была расцэненай міжнароднай супольнасцю як генацыд. Су Чжы падтрымала вайскоўцаў, праз што трапіла пад крытыку ўжо з боку праваабаронцаў, а таксама згубіла некалькіх сваіх старых сяброў.

Канечне, гэта ўсё ня значыць, што НЛД сапраўды займалася фальсіфікацыяй выбараў. І, канечне, усё гэта, не апраўдвае дзеянні хунты. Але гэта дае ўрок, што калі ты бярэш на сябе цяжар дэмакрата, ты мусіш адпавядаць гэтаму цяжару на ўсе сто. Ніякія спробы пайсці на маленькі мухлёж дзеля дасягнення, падавалася б, усеагульнага шчасця, ня могуць быць апраўданымі. Бо калі “добрыя хлопцы” будуць паводзіць сябе, як “хлопцы кепскія”, вынік будзе адзін: “добрых хлопцаў” не застанецца.

photo_2023_01_04_01_40_21.jpg

Паўстанне 8888. Фота: Вікіпедыя

Гвалт можа нарадзіць толькі яшчэ большы гвалт

Як мы памятаем, пераварот 1 лютага 2021 года прывёў да маштабных вулічных пратэстаў у М'янме супраць усталявання вайсковай хунты. Але ў хуткім часе мьянманцы перайшлі да гвалтоўнага супраціву. 7 верасня апазіцыйны Урад народнага адзінства абвясціў хунце вайну. І калі 2021-шы быў годам вулічных пратэстаў, дык 2022-гі стаў годам узброенага процістаяння. Гэтаму судзейнічала і тое, што ў краіне даўно йшла грамадзянская вайна, і недахопу ў зброі, як і ў дасведчаных карыстальніках ёю, няма.

Але і для хунты гэта — усяго толькі вяртанне да звычайнага занятку. На працягу ўсяго года яна актыўна выкарыстоўвала ўсе віды ўзбраенняў, у тым ліку — авіяцыю (з поўным кантролем нябёсаў), каб наносіць удары ня толькі па базах і апорных пунктах паўстанцаў, але і па тых вёсках і гарадах, якія аказваюць дапамогу ейным праціўнікам. У выніку некаторыя населеныя пункты ператварыліся ў цалкам выпаленыя і пакінутыя жыхарамі “гарады-прывіды”. Да перамогі дэмакратыі гэта асабліва не наблізіла.

Таксама відавочна знізілася ўвага да падзеяў у краіне з боку міжнародных медыя. Наўрад ці ў чытачоў у іншых краінах выклічуць вялікі інтарэс штодзённыя навіны, што ў такім-та штаце армейская калёна трапіла ў засаду і вымушана была адступіць, а ў такім-та штаце вайскоўцы абакружылі апорны пункт паўстанцаў і прымусілі іх уцякаць адтуль. Калі абапірацца на паведамленні ў прыязных паўстанцамі мнянманскіх СМІ, дык уся дынаміка падзеяў заключаецца выключна ў новых дзясятках забітых як з боку хунты, так і з боку паўстанцаў і мірнага насельніцтва.

Тым часам, па прыблізных падліках, з моманту перавароту 1 лютага 2021 года на сённяшні дзень у краіне загінула больш за 2 273 чалавекі і яшчэ як мінімум 15 400 грамадзян былі арыштаваныя. Па дадзеных мьянманскага Таварыства дапамогі палітвязням, на канец снежня 2022-га за кратамі заставаліся 13 217 чалавек; усяго ж праз арышты прайшлі 16 704 чалавекі. 2688 чалавек былі забіты хунтай. На канец 2022-га больш за 1 млн чалавек былі вымушаны пакінуць месцы свайго пражывання. Усяго за час канфлікту з усіх бакоў загінулі, па інфармацыі Праекта даных па месцах і падзеях узброеных канфліктаў, 20 206 чалавек.

Не спыніў узброены супраціў і рэпрэсіі хунты супраць апанентаў. Наадварот, яны зрабіліся больш жорсткімі. Лідэрка дэмакратычных сілаў М'янмы Аўн Сан Су Чжы была асуджана да 33 год зняволення. Упершыню з 1980-х у М'янме вярнуліся да прымянення смяротнага пакарання. У ліпені былі пакараныя чацвёра актывістаў. Усяго з моманту перавароту хунта вынесла смяротныя выракі больш чым 130 чалавекам. Пры гэтым хунта апраўдвае сваю жорсткасць тым, што яна вымушана так дзейнічаць у адказ на гвалтоўныя акцыі з боку пратэстоўцаў. У прыватнасці, сярод тых, хто атрымаў смяротны прысуд, — сямёра студэнтаў, якіх абвінавачваюць у забойстве адстаўнога вайскоўца.

Нягледзячы на тое, што прыхільнікі дэмакратыі, замест балёнікаў і кветачак, узялі ў рукі зброю, прагрэсу ў набліжэнні да міру і дэмакратыі ў краіне не назіраецца. Вынікі гвалтоўнага супраціву заўважныя толькі ў росце колькасці ахвяраў ды разбураных дамоў. У гэтым бачна памылка меркавання, што калі ўзяць у рукі зброю, гэта аўтаматычна спыніць рэспрэсіі, вызваліць палітзняволеных і прынясе сілам дабра перамогу.

Але, як бачым, гвалт для некаторых рэжымаў — родная стыхія, і яны ахвотна ўцягнуцца ў гэтую гульню. Колькі яна будзе доўжыцца, і хто ў выніку пераможа — на гэтыя пытанні даць адказ немагчыма. У той жа час, любы канфлікт вырашаецца, у выніку, праз эканамічны ціск (як знешні, так і ўнутраны), мірную, але настойлівую дэманстрацыю масавай незадаволенасці рэжымам, дыпламатычныя сродкі і перамовы. Канчатковую кропку ў праблеме могуць паставіць толькі свабодныя і справядлівыя выбары.

Наколькі ўрокі Мьянмы будуць нам карысныя, пакажа, на жаль, толькі гісторыя.