Беларусь, якая чакае. Жнівеньскія вандроўкі. Частка І
Вам знаёмы такі стан, калі проста хочацца ехаць куды вочы глядзяць? Калі проста атрымліваеш асалоду ад самога факту падарожжа, калі ёсць час проста спыніцца па дарозе, убачыўшы нейкую прыгажосць, ці збочыць са шляху да нечаканай і нябачнай да апошняй хвіліны цікавосткі. Прыкладна так мы сёння і зробім. Абіраем кропку на мапе — і паехалі!
Пачаткам нашага падарожжа мы абралі Ружаны. Амаль заўсёды пры згадванні гэтага мястэчка ўяўляецца знакамііты палацавы комплекс Сапегаў, але ж мы пачнём з не меней цікавага касцёла Святой Тройцы. Пабудаваны ў 1617 годзе на месцы драўлянага продка, касцёл перажыў некалькі рэканструкцыяў і зараз з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў архітэктуры.
Сродкі на будаванне касцёла выдаў асабіста канцлер ВКЛ Леў Сапега, які ўжо будаваў побач свой палац. Не дзіўна, што потым касцёл стаў радавым храмам Сапегаў. У адрозненне ад большасці касцёлаў гэты ніколі не быў зачыненым, нават у савецкія часы. У самім касцёле захавалася шмат рарытэтаў розных часоў, і мы вельмі раім вам гэтае месца для наведвання.
Руіны палацавага комплексу Сапегаў абмінуць немагчыма. Радавое гняздо Сапегаў бачыла шмат чаго — візіты каралей і магнатаў, раскошу прыёмаў і полымя войнаў. Насамрэч, тое, рэшткі чаго мы бачым сёння, ніякім чынам не нагадвае першапачатковы выгляд палаца, які быў знішчаны амаль да цаглінкі напрыканцы XVII стагоддзя падчас магнацкіх войнаў у Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне XVIII стагоддзя вялікі канцлер ВКЛ Аляксандр Сапега запрасіў вядомага саксонскага архітэктара Яна Беккера для адбудовы новага палацавага комплексу.
Пасля паўстання 1830 году ўнук Аляксандра Сапегі — Еўстафій быў вымушаны з’ехаць. Палац быў прададзены мясцоваму габрэю Ар’е Пінэсу, які паставіў у ім ткацкае прадпрыемства. У 1914 годзе пасля буйнога пажару палацавы комплекс набыў той выгляд, які мы сёння і бачым. Ужо на пачатку ХХІ стагоддзя пачалася рэстаўрацыя комплексу, і некалькі будынкаў зараз ужо адноўленыя, але ж пэўныя пытанні да іх выгляду застаюцца.
Ёсць у Ружанах яшчэ адна цікавостка, якая нібыта схавалася ад натоўпаў недасведчаных турыстаў на ўскрайку мястэчка. Так, мы зараз ля капліцы Святога Казіміра на старых могілках. Гэта таксама помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, які адноўлены літаральна ў апошнія гады. Трапіць унутр не атрымалася, магчыма таму, што капліца адноўлена пакуль толькі звонку. Вельмі прыгожае і атмасфернае месца!
Пакідаем Ружаны і павольна рухаемся «куды вочы глядзяць» як мы і планавалі. Надвор’е спрыяе, сонца раз-пораз выглядвае з-за хмараў, нібыта правяраючы і назіраючы — ці ўсё ў нас добра... Канечне ж! Лепей не бывае!
Літаральна за адным з паваротаў у чарговай вёсцы на вочы трапляецца вельмі прыгожы краявід — пагорак і руіны старой царквы. Знаёмцеся — Івашкавічы, вёска з вельмі старой гісторыяй. Першыя згадванні аб ёй датуюцца XVI стагоддзем.
На адным з малюнкаў Напалеона Орды можна ўбачыць сядзібу Астраменцкіх XIX стагоддзя, якая, на жаль, да нашага часу не захавалася.
Археолагі лічаць, што царква Пакрова Найсвяцейшай Багародзіцы была пабудавана ў XVIII стагоддзі на старых уніяцкіх могілках — надмагільныя камяні дагэтуль можна ўбачыць побач з руінамі царквы. Храм моцна пацярпеў падчас абодвух сусветных войнаў. Нягледзячы на тое, што ад царквы засталіся толькі сцены, мясцовыя жыхары працягваюць наведваць яе і нават ладзіць богаслужэнні.
Вось такая нечаканая цікавостка!
Вечарэе, святло становіцца мяккім і надыходзіць доўгачаканая прахалода — самы час наведаць яшчэ адну цікавостку, аб якой ведае далёка не кожны. Касцёл у вёсцы Лыскава бачны здалёк, і зусім немагчыма пакінуць яго па-за ўвагай гэтым прыгожым жнівеньскім вечарам.
Касцёл Святой Тройцы быў пабудаваны ў 1785 годзе і з’яўляўся часткай буйнога комплексу каталіцкага манастыра місіянераў, які быў заснаваны ў Лыскаве ў 1751 годзе. ХІХ стагоддзе для касцёла было цяжкім — закрыццё манастыра, перадача да праваслаўнай царквы, сур’ёзны пажар. У 1960 годзе касцёл быў канчаткова закрыты.
Нягледзячы на тое, што касцёл знаходзіцца ў сур’ёзным заняпадзе, унутры яго захаваліся элементы тагачаснага ўнутранага дэкору, які месцамі дапаўняецца сучаснымі «шэдэўрамі» мясцовых наведвальнікаў.
Побач з касцёлам месціцца магіла знакамітага польскага паэта і драматурга Францішка Карпінскага, які меў невялічкую сядзібу ў маёнтку Краснік (у наш час не існуе) побач. Карпінскі ўважліва ставіўся да сялян, запісваў іх песні, арганізоўваў чытанні для дарослых і дзяцей. Шырокую вядомасць набылі яго творы, заснаваныя на мясцовым фальклоры, — «Лаура і Філон», «Успамін нядаўняга кахання», «Песня Сакольскага дзеда». На помніку зроблены надпіс: «Вось мой дом убогі, Францішак Карпінскі, памёр год 1825, дня 4 верасня, жыў гадоў 84».
Надышоў час шукаць начлег, а па дарозе насалоджваемся прыгожымі вечаровымі краявідамі. Падарожжа працягваецца!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.