Лыскава: у былых уладаннях каралевы Боны Сфорцы разбураецца барочны касцёл

Жыхары Лыскава на Пружаншчыне дагэтуль збіраюць вінаградных смаўжоў, якіх у XVIII стагоддзі завезлі да іх члены каталіцкага Ордэну місіянераў. А ўнікальны Троіцкі касцёл, які належаў Ордэну, на мяжы разбурэння.



053007ad_3c82_4aaa_8825_2ef7a6a095ea_mw640_mh331_s.jpg

Троіцкі касцёл у Лыскаве быў узведзены ў 1763-1785 гадах у стылі віленскага барока. Належаў каталіцкаму Ордэну місіянераў, якія мелі ў Лыскаве кляштар. Пасля здушэння паўстання Кастуся Каліноўскага 1863 году касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве. У канцы ХІХ стагоддзя быў перабудаваны і набыў рысы класіцызму.

Аб Ордэне місіянераў у Лыскаве нагадваюць вінаградныя смаўжы

Ордэн місіянераў у Лыскава запрасіў Ян Быхавец у 1751 годзе. Быхаўцы — адзін з старажытных шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага, якія праявілі сябе яшчэ ў Грунвальдскай бітве. Дырэктар музею палаца Сапегаў у Ружанах, гісторык Руслан Кніга распавядае, што прадстаўнікі гэтага роду хоць і былі каталікамі, але ў Рэчы Паспалітай выступалі найперш за інтарэсы Княства:

«У маёнтку Быхаўцаў у Магілёўцах, побач з Лыскавам, быў знойдзены вядомы летапісны звод XVI стагоддзя, які называюць „Хроніка Быхаўца“. У гэтай хроніцы праглядаецца гісторыя ВКЛ як выключна беларускай, літвінскай дзяржавы. Не прыбалтыйскай, не расейскай, не польскай, а менавіта беларускай».

Руслан Кніга кажа, што Быхаўцы прыклалі шмат высілкаў для развіцця Лыскава. Ордэн місіянераў, які прыбыў сюды, меў тут сваю школу і вёў вялікую прапаведніцкую дзейнасць.

А сямейны склеп-пахавальня некаторых прадстаўнікоў роду Быхаўцаў знаходзіўся ў Троіцкім касцёле, які належаў місіянерам.

Сёння, кажа дырэктар музею Руслан Кніга, аб манахах-місіянерах у Лыскаве нагадваюць вінаградныя смаўжы:

«Вінаградныя смаўжы — не зусім тыповы від для нашай мясцовасці. Іх завезлі з Еўропы італьянскія, французскія каталіцкія ордэны. У сувязі з тым, што місіянерам забаронена было есці мяса, калі яны пасцілі, то яны спрабавалі замяніць яго».

Спадар Кніга кажа, што жыхары Лыскава дагэтуль збіраюць смаўжоў для сталічных рэстарацыяў. Таксама ў ваколіцах касцёлу ў спадчыну ад манахаў засталіся лістоўніца польская ды сажалкі, дзе яны гадавалі рыбу.

845eb218_5c40_4f1c_8fa9_6b6204d069a0_mw640_mh331_s.jpg

Як Бона Сфорца навучыла літвінаў есці відэльцамі

У 1543 годзе мястэчка Лыскава было перададзена Боне Сфорцы — каралеве з італьянскімі каранямі.

Руслан Кніга кажа, што перыяд кіравання Боны Сфорцы важны не толькі праведзенай ёй аграрнай рэформай. Але нават тым, што менавіта пры гэтай каралеве з Еўропы ў ВКЛ прыйшла манера есці відэльцамі.

Калі ў 2013 годзе ў Лыскаве адчынялася кавярня, дырэктар Ружанскага музэю Сапегаў Руслан Кніга прапанаваў назваць яе «Тавэрна»:

«Справа ў тым, што пры Боне Сфорцы нашыя корчмы вельмі часта адчыняліся пад такім назовам. Каралева называла іх так, як на сваёй радзіме».

З ініцыятывы дырэктара Ружанскага музею Руслана Кнігі «Тавэрна» ў Лыскаве аформленая ў гістарычным стылі з выявамі гербаў мясцовай шляхты. Як апавядаюць працаўнікі кавярні, многія стравы ў «Тавэрне» гатуюцца паводле мясцовых рэцэптаў з часоў Боны Сфорцы.

d7203085_79f0_49b4_8ac8_afeaf7f70915_mw640_mh331_s.jpg

Ксяндза саслалі на медныя руднікі, а ў пустуючым касцёле забаўляліся дзеці

Перспектывы Троіцкага касцёлу ў Лыскаве незайздросныя. Дах знялі ў савецкі час, скляпенні абваліліся, на сценах растуць дрэвы, унікальныя фрэскі разбураюцца.

У часе Другой сусветнай вайны касцёл не пацярпеў. Пасля вайны ён не дзейнічаў, а разбурацца пачаў у «атэістычныя» 50-я гады.

Ружанскі краязнавец Юрый Малышэўскі распавёў, што цяжкі лёс зведаў тагачасны ксёндз Троіцкага касцёлу:

«Пасля вайны касцёл зачынілі. Партыйны сход пастанавіў, што ён аварыйны. А лыскаўскі ксёндз Міхал Варанецкі быў сасланы ў Казахстан на 10 год працаў на медных рудніках. Вызвалілі яго толькі пасля смерці Сталіна, 7 год адбыў у ссылцы».

Касцёл не дзейнічае дагэтуль. Як распавёў Руслан Кніга, у 50-я гады мінулага стагоддзя там бавіліся дзеці:

«Пасля закрыцця, як расказваюць мясцовыя жыхары, бляхай з даху касцёлу накрылі дом старшыні мясцовага калгасу. Пазней, у савецкія часы мясцовыя дзеці зладзілі там трэнажорную залю. Былі разрабаваныя ўсе пахаванні манахаў, хоць некаторую частку маёмасці ксёндз паспеў перавезці ў Ружанскі касцёл».

Насупраць лыскаўскага касцёлу — адрэстаўраваны ў 2007 годзе будынак кляштару місіянераў, у якім цяпер месціцца тутэйшая лякарня. Перад касцёлам захаваны кавалак старой брукаванкі.

Касцёл не рэстаўруецца, затое збудавалі прыбіральню за мільярд

Лыскава — адзін з нямногіх населеных пунктаў, праз які праходзіць нядаўна збудаваная аб’язная дарога вакол Белавежскай пушчы. Менавіта ў межах стварэння прыдарожнай інфраструктуры ў Лыскаве і была адчыненая кавярня «Тавэрна».

Таксама, у Лыскаве каля паркоўкі насупраць «Тавэрны» паставілі вялікую грамадскую прыбіральню паводле еўрастандартаў з пральнымі машынамі, сушылкамі, душавымі кабінамі. Праўда, на момант прыезду карэспандэнта "Радыё Свабода", прыбіральня была зачыненая.

«А яна, мусіць, увесь час зачыненая. Нашто будавалі? Кажуць, мільярд убухалі. Вунь жа ў „Тавэрне“ ёсць прыбіральня, навошта яшчэ гэтая спатрэбілася», — рытарычна тлумачыць пенсіянер Васіль, якога я спыніў на вуліцы.

«За польскім часам» у Лыскаве пабудавалі царкву

Сярод іншых турыстычных аб’ектаў Лыскава — праваслаўная царква Нараджэння Божай Маці, якая будавалася ў Лыскаве ў 1930-1933 гадах. Царква — помнік народнага драўлянага дойлідства ў «закапанскім» стылі.

За царквой — старыя габрэйскія могілкі, на якіх засталіся некалькі камянёў з надпісамі.

Яшчэ адна цікавостка — магіла польскага паэта Францішка Карпінскага (1741-1825) каля Троіцкага касцёлу. Карпінскі быў адным з пачынальнікаў сентыменталізму ў польскай літаратуры.

Дырэктар музею палацавага комплексу Сапегаў у Ружанах Руслан Кніга лічыць, што Лыскава — унікальнае мястэчка, надзвычай перспектыўнае для турызму:

«Тут шмат цікавых аб’ектаў. Непадалёк ад Лыскава — парэшткі замкавых валоў, курганы ХІІ стагоддзя. У вёсцы Барысікі, што за 200 мэтраў ад Лыскава — цікавыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваныя сваякі Аляксандра Пушкіна (Горн), шляхцічы Валконскія, Быхаўцы, Дзяконскія. Каля Лыскава, таксама, знаходзіцца адзін з самых унікальных у Беларусі могільнік старажытнага племені яцвягаў. Надзвычай цікавыя тут і людзі. Многія яшчэ памятаюць, што іх продкі называлі сябе літвінамі. Дарэчы, тут побач і праходзіла ўмоўная мяжа між літвінамі і палешукамі».

www.svaboda.org