Дыктатар памрэ — і муры рухнуць. А што кажа навука: ці вялікія на гэта шанцы?

Здавалася б, смерць лідара стварае магчымасці для маштабных палітычных змен. Але, як высветлілі навукоўцы, аказалася, што ўсё наадварот — змены не прыходзяць. І менавіта гэта — норма.

_belarus_ekanomika__fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg

Дацэнт Універсітэта штата Мічыган Эрыка Франц больш за 15 гадоў вывучае аўтарытарныя рэжымы розных краін і напісала пра іх некалькі кніг. Разам з суаўтарамі яна сабрала ў адзіную базу амаль тры сотні аўтакратычных рэжымаў, якія дзейнічалі па ўсім свеце з другой паловы XX стагоддзя. З дапамогай гэтай базы даследчыкі прааналізавалі, як і чаму бурыліся аўтакратыі, як часта лідары такіх рэжымаў пазбаўляліся ўлады, пачаўшы вайну, і што адбывалася пасля іх смерці. Расійская «Медуза» даведалася ў Франц, што навукоўцы могуць сказаць пра будучыню Расіі? Прапануем вам урыўкі з інтэрв’ю.

— Па якіх прычынах, паводле вашых даных, лідары-аўтакраты часцей за ўсё губляюць уладу, а іх рэжымы перастаюць існаваць? З вашых работ вынікае, што сыход лідара не заўсёды азначае падзенне рэжыму.

— Так, гэта вельмі важна. З даных мы ведаем, што выжыванне лідара і выжыванне рэжыму — зусім неабавязкова адно і тое ж. З 1946 года прыкладна ў палове выпадкаў лідары гублялі ўладу, іх хтосьці змяняў, але рэжым заставаўся ранейшым. Так што мы ніколі не можам сцвярджаць, што, як толькі лідар зменіцца, рэжым спыніць сваё існаванне. Што тычыцца прычын, па якіх руйнуюцца рэжымы (пра сыход лідараў я распавяду крыху далей), ёсць істотныя адрозненні ў залежнасці ад іх тыпу.

Гэта значыць, ведаючы тып рэжыму, мы можам выказаць здагадку, чаму ён сыдзе ў мінулае. Так, ваенныя аўтакратыі, больш распаўсюджаныя падчас халоднай вайны, былі самымі непрацяглымі і часцей за ўсё заканчваліся тым, што іх лідары дасягалі дамоўленасці з новай уладай і пакідалі свае пасады. Такога роду перамовы, дарэчы, вельмі карысныя для пабудовы дэмакратыі. Так што сярод усіх тыпаў дыктатур вайскоўцы з найбольшай верагоднасцю дэмакратызуюцца. Ёсць мноства прыкладаў — скажам, у Лацінскай Амерыцы.

— Чаму лідары персаналісцкіх аўтакратый так трымаюцца за ўладу? З-за рызыкі, з якой яны могуць сутыкнуцца, калі яе аддадуць?

— Так. Таму што звычайна за той час, пакуль яны кіравалі і пазбаўляліся ад сваіх супернікаў, яны паспелі нажыць сабе ворагаў і пачынаюць баяцца, што пасля адстаўкі могуць быць высланы, арыштаваны або забіты. І сапраўды, паводле нашых даных, такія лідары якраз часцей аказваюцца высланымі, арыштаванымі або забітымі. Так што страх такога дрэннага канца прымушае іх з усіх сіл трымацца за ўладу і рабіць для яе захавання ўсё, на што яны здольныя.

У цэлым менавіта ў персаналісцкіх аўтакратыях, калі сыходзіць лідар або спыняе сваё існаванне рэжым, мы часцей бачым гвалт у той ці іншай форме. Гэта могуць быць перавароты, хоць яны не так часта сустракаюцца ў такога роду рэжымах, масавыя хваляванні, замежныя інтэрвенцыі і нават грамадзянскія вайны. А гвалт — дрэнная глеба для будучай дэмакратыі.

— Таму што пасля гвалту грамадства застаецца раздробненым?

— У мяне няма дакладнага адказу, чаму так. Але ў нас ёсць дастаткова даных, якія паказваюць: у краінах, дзе [падчас змены ўлады] быў зафіксаваны больш высокі ўзровень гвалту, напрыклад, былі пратэсты, падчас якіх ужывалася сіла [з абодвух бакоў], пасля радзей усталёўваецца дэмакратыя.

Але я хацела сказаць — дарэчы, пра Расію — яшчэ сёе-тое з нагоды лідараў персаналісцкіх аўтакратый, а менавіта тых, хто даўжэй за іншых застаецца ва ўладзе. Як я ўжо казала, у першыя гады лідары такіх рэжымаў яшчэ адчуваюць сябе не вельмі надзейна і могуць страціць уладу. Напрыклад, з-за перавароту, таму што яны пакуль недастаткова ўмацавалі сваё становішча і не паспелі пазбавіцца ад праціўнікаў. Мы нядаўна задаліся пытаннем: а што адбываецца з персаналісцкімі рэжымамі, калі іх лідар знаходзіцца на сваёй пасадзе, скажам, 20 гадоў або больш? Як Пуцін ці Лукашэнка…

Высветлілася, што для аўтакратаў з такім тэрмінам знаходжання ва ўладзе самай распаўсюджанай прычынай сыходу становіцца смерць на сваёй пасадзе. Пры гэтым пасля таго, як аўтакрат памірае, яго рэжым часцей захоўваецца. У персаналісцкіх аўтакратыях можа назірацца некаторая дэстабілізацыя, але ўсё роўна ў 80% выпадкаў такія рэжымы перажываюць смерць сваіх лідараў.

Акрамя таго, пасля такога доўгага знаходжання ва ўладзе вельмі нізкая верагоднасць дзяржпераваротаў. З моманту заканчэння халоднай вайны не было ніводнага такога выпадку. Так што ў даўгавечных рэжымах не даводзіцца разлічваць на тое, што хтосьці з блізкага кола здзейсніць спробу зрынуць лідара. Звычайна і пасля яго смерці эліты аб'ядноўваюцца вакол яго фігуры і вырашаюць захоўваць ранейшы курс.

— Ці ёсць у эліт моцныя стымулы нічога не мяняць?

— Дакладна, і ў выніку яны гуртуюцца вакол таго, хто стане пераемнікам пасля смерці лідара. Таму што, калі рэжым абрынецца праз тое, што яны не дамовяцца наконт пераемніка, пры новым рэжыме яны, хутчэй за ўсё, не знойдуць сабе працы. І гэта асабліва актуальна для персаналісцкіх рэжымаў. Эліты ў іх ведаюць пра гэта і лічаць за лепшае трымацца за статус-кво, а не мець справу з нявызначанасцю пры змене рэжыму.

Калі шчыра, калі мы сталі даследаваць гэтую тэму дзесяць гадоў таму, я здзівілася, калі ўбачыла такія вынікі. Я думала, што смерць лідара стварае магчымасці для маштабных палітычных змен. Але аказалася, што ўсё наадварот, і менавіта гэта — норма. Вось у Венесуэле, калі памёр Чавес, яго змяніў [Нікалас] Мадура, які незразумела як, але дагэтуль захоўвае ўладу, хоць эканоміка краіны развалена і дзяржава ў вельмі хісткім становішчы. Але тым не менш рэжым Чавеса жыве столькі гадоў пасля яго смерці. Тое самае ў Туркменістане.

Аказваецца, што, па-першае, галоўная прычына, па якой лідары персаналісцкіх аўтакратый доўга знаходзяцца ва ўладзе, пакідаюць сваю пасаду — смерць, а па-другое, гэта ўсё роўна рэдка прыводзіць да моцных палітычных змен.

— У вашым нядаўнім артыкуле ў часопісе «Foreign Affairs» вы згадвалі факт, які моцна ўразіў: толькі ў 7% выпадкаў лідары ў персаналісцкіх аўтакратыях гублялі ўладу, пакуль ішлі войны, якія яны ж самі пачалі. Чаму так рэдка?

— Мы з маім суаўтарам, Андрэа Кендал-Тэйлар (яна спецыяліст па Расіі), задаліся пытаннем: а што мы ведаем пра тое, што адбываецца, калі дыктатары ваююць? І ёсць мноства даследаванняў, на якія тут можна абаперціся. Я са здзіўленнем убачыла, што ў некаторых выпадках войны аказваюцца на руку аўтарытарным лідарам. Вельмі важны першы год вайны: калі лідара і зрынаюць, то гэта адбываецца неўзабаве пасля пачатку ваенных дзеянняў. Добры прыклад тут — Садам Хусейн. Але калі ўжо прайшоў час, гэта значыць, калі вайна ідзе год і больш, то яна пачынае быць хутчэй на руку дыктатару.

Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што дыктатары ўсіх масцяў з большай верагоднасцю пачнуць вайну, калі яны асцерагаюцца дрэннага зыходу для сябе асабіста, гэта значыць калі яны баяцца, што іх могуць забіць, пасадзіць або выслаць. Ёсць шмат работ, якія аналізуюць, чаму лідары вырашаюць пачаць «адцягваючыя» ўвагу грамадства войны, калі ў іх праблемы ў краіне: дык вось, высвятляецца, што такое адбываецца вельмі рэдка, за выключэннем тых выпадкаў, калі лідары бачаць пагрозы асабіста для сябе.

— Атрымліваецца, такія лідары лічаць, што рызыкі, звязаныя з вядзеннем вайны, а таксама з магчымым паражэннем у ёй, для іх ніжэйшыя, чым рызыкі дрэнна скончыць?

— Так, у палітычных навуках гэта яшчэ называюць стаўкай на ўваскрашэнне (gambling for resurrection). Але першапачаткова навукоўцы лічылі, што ўсе лідары, уключаючы і дэмакратычных, схільныя выкарыстоўваць тактыку адцягвальнай вайны [каб умацаваць сваё становішча]. Аказалася, што не, што гаворка тут толькі пра тых лідараў, якія баяцца, што ўсё скончыцца вельмі дрэнна асабіста для іх, калі нічога не зрабіць. Так што яны ідуць на рызыку і развязваюць вайну.

Даследаванні таксама паказваюць, што ў краінах, дзе лідары пачынаюць войны, у тым ліку лідары дэмакратычныя, радзей адбываюцца дзяржаўныя перавароты. Гэта значыць, вайна можа абараніць лідара ад звяржэння, і даныя толькі пацвярджаюць, што лідарам рэдка даводзіцца панесці «пакаранне» за вайну ў палітычным сэнсе.

— Калі вайна яшчэ ідзе, а не калі яна скончана і прайграна?

— Я мела на ўвазе, пакуль вайна яшчэ ідзе. А вось тое, чым яна заканчваецца, вядома, істотна ўплывае на рэжым. Само сабой, калі лідар выйграў вайну, то ён наўрад ці будзе «пакараны» за яе ўнутры краіны. У «нічыёй» таксама наўрад ці могуць быць сур'ёзныя палітычныя наступствы. А вось з паражэннямі ўсё інакш. Часцяком рызыкі звяржэння вышэй у тых аўтарытарных лідараў, хто прайграў на вайне. Але ў той жа час ніжэй за ўсё яны ў лідараў персаналісцкіх аўтакратый — папроста таму, што іх складаней пакараць за дрэнныя рашэнні. У цэлым, калі глядзіш на персаналісцкія аўтакратыі, часта бянтэжыць, як мала ў іх магчымасцей для змены лідара і рэжыму.

І ўсё ж, хоць паражэнне ў вайне і не гарантуе, што такія лідары будуць зрынуты, яно, прынамсі, павялічвае імавернасць палітычных змен. Гэта значыць, нават у такім суровым асяроддзі вайсковае паражэнне павышае імавернасць, што хоць нешта пачне адбывацца.

— У Расіі сярод экспертаў і палітычных каментатараў дастаткова распаўсюджана ўяўленне, згодна з якім Пуцін будзе весці гэтую вайну, пакуль будзе жывы, бо, як мяркуецца, ён бачыць яе адзіным спосабам захаваць уладу. Што вы пра гэта думаеце?

— Я згодная. Не думаю, што ён першапачаткова ставіў сабе такую мэту, але ў нас быццам бы нямала доказаў таго, што ён не чакаў, якой цяжкай для яго акажацца гэтая вайна, які адпор дасць Украіна. Шмат у чым гэта аказалася для яго нечаканым, таму што ў яго персаналісцкай аўтакратыі ўсё вельмі дрэнна з інфармацыяй. Так ці інакш, і ягонае рашэнне пачаць вайну, і той факт, як яна складваецца для Расіі, цалкам адпавядаюць таму, што даследаванні кажуць пра дыктатараў. На жаль.

Думаю, што па меры таго, як вайна стала зацягвацца, Пуцін стаў так цесна звязваць сваю спадчыну з ёй і яе зыходам, што проста вымушаны весці яе далей, каб мець хоць нейкую палітычную будучыню. Ці ж яму патрэбна рашучая перамога, але яе перспектывы зусім не праглядаюцца. Так што яго найлепшая стаўка не згуляла, і цяпер ён ставіць проста на працяг. Наўрад ці ён лічыць, што можа нешта для сябе выйграць, калі пойдзе на перамовы, да таго ж пакуль яму ўдавалася адпраўляць на вайну пераважна тыя групы расіян, якія не пратэстуюць з гэтай нагоды, ды і людзі ў ягоным атачэнні не супраць [працягу вайны].

— Гэта вельмі-вельмі змрочная карціна…