Ізраіль вяртае кантроль над тэрыторыямі і ўводзіць поўную блакаду сектара Газа
Трэці дзень працягваюцца баявыя дзеянні паміж Ізраілем і тэрарыстычнымі групоўкамі ХАМАС і «Ісламскі джыхад». Армія абароны Ізраіля перайшла ў наступленне і паступова вяртае сабе кантроль над сітуацыяй.
Уначы і раніцай панядзелка ізраільскія вайскоўцы і палесцінскія баевікі працягнулі баявыя дзеянні.
Ізраіль сцвярджае, што аднавіў кантроль над населенымі пунктамі на поўдні, захопленымі баевікамі ХАМАС, але баявыя дзеянні яшчэ вядуцца, паколькі на тэрыторыі краіны ўсё яшчэ знаходзяцца палесцінскія экстрэмісты.
Чакаецца, што ў найбліжэйшы час у Газе пачнецца наземная аперацыя. На поўдзень краіны сцягваюцца войскі, заклікана каля 300 тысяч рэзервістаў, піша «Бі-бі-сі».
ХАМАС у ноч на панядзелак нанёс серыю ракетных удараў па горадзе Ашкелон, які знаходзіцца на паўднёвым захадзе Ізраіля на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Паводле паведамленняў ізраільскіх СМІ, некаторыя ракеты патрапілі ў жылыя дамы, іншыя былі збіты ізраільскай сістэмай СПА «Жалезны купал».
ХАМАС сцвярджае, што па Ашкелоне было выпушчана 100 ракет. Усяго, пачынаючы з суботы, з сектара Газа было выпушчана 3284 ракеты (паводле даных ХАМАС — больш за 5 тысяч).
Адказ Ізраіля
Армія абароны Ізраіля заявіла, што ў выніку яе авіяўдараў і артылерыйскіх абстрэлаў у сектары Газа за ноч было патраплена ў больш за 500 цэляў, якія належаць групоўкам ХАМАС і «Ісламскі джыхад».
Паводле заявы, знішчальнікі, верталёты і артылерыя нанеслі ўдары «па больш чым 500 тэрарыстычных аб'ектах», былі атакаваны сем камандных цэнтраў ХАМАС і камандны цэнтр «Ісламскага джыхаду».
Ізраільскія войскі таксама нанеслі ўдары па «шматлікіх шматпавярховых будынках», у адным з якіх, паводле іх сцвярджэння, знаходзіўся «камандны цэнтр тэрарыстаў ХАМАС», адкуль ажыццяўлялася кіраванне пранікненнем баевікоў у Ізраіль.
Атацы таксама падвергнуўся будынак, які выкарыстоўваўся высокапастаўленым камандзірам ваенна-марскіх сіл ХАМАС. Акрамя таго, у раёне Бейт-Хануна былі абстраляны тры тунэлі баевікоў.
Уначы ізраільскія вайскоўцы таксама атакавалі аб'ект «Ісламскага джыхаду», размешчаны ў будынку, «у якім дзейнічаюць і жывуць тэрарысты», паведамілі ў ЦАХАЛ, паабяцаўшы працягнуць наносіць удары ў сектары Газа.
Ізраільскія вайскоўцы ўсё яшчэ вядуць баі з баевікамі ХАМАС на сямі-васьмі аб'ектах на поўдні Ізраіля недалёка ад сектара Газа, паведамілі раніцай на брыфінгу Арміі абароны Ізраіля.
«Маштаб гэтай аперацыі зусім іншы, — сказаў афіцыйны прадстаўнік ЦАХАЛа Рычард Хехт. — Каб вярнуць сітуацыю ў стан абароны і падтрымання бяспекі [на тэрыторыі Ізраіля], патрабуецца больш часу, чым мы чакалі».
Паводле даных Арміі абароны Ізраіля, з раніцы суботы загінула больш за 700 ізраільцян, 2150 чалавек атрымалі раненні.
Паводле заяў палесцінскіх улад, у сектары Газа ў выніку авіяўдараў Ізраіля загінулі амаль 500 чалавек і 2750 атрымалі раненні.
«Цэлямі нашых нападаў не з'яўляюцца жанчыны і дзеці. Мы робім усё магчымае, каб мінімізаваць спадарожную шкоду, — адказаў прадстаўнік Арміі абароны Ізраіля на пытанне журналіста пра гібель мірных жыхароў у сектары Газа. — Але мы знаходзімся ў стане вайны з ХАМАС. І, на жаль, могуць быць людзі, якія загінуць. Не тое каб гэта было наўмысна. І, на жаль, ХАМАС цынічным чынам размяшчае свае аб'екты ў густазаселеных раёнах».
Паводле звестак ААН, з пачатку канфлікту паміж палесцінскімі баевікамі і Ізраілем у сектары Газа вымушанымі перасяленцамі сталі больш за 123 тысячы чалавек.
Блэкаўт у сектары Газа
Міністр абароны Ізраіля Ёаў Галант заявіў, што аддаў загад аб поўнай блакадзе сектара Газа.
«Я аддаў загад: Газа будзе знаходзіцца ў поўнай блакадзе, — сказаў ён. — Не будзе ні электрычнасці, ні харчавання, ні паліва [у Газе]. Мы змагаемся з варварамі [тэрарыстамі] і будзем адказваць адпаведным чынам».
Прадстаўнік арміі абароны Ізраіля Даніэль Хагары заявіў, што першачарговай задачай арміі з'яўляецца ліквідацыя «праломаў у загародзе на мяжы Газы».
Ізраіль кантралюе паветраную прастору над Газай і яе берагавую лінію, а таксама ўвоз і вываз тавараў у сектар праз свае памежныя пункты.
Аналагічным чынам Егіпет кантралюе ўезд і выезд праз сваю мяжу з Газай.
Міжнародная рэакцыя і немагчымасць перамоў
У ноч на 9 кастрычніка Арганізацыя Аб'яднаных Нацый правяла тэрміновае пасяджэнне сваёй Рады Бяспекі. Яно праходзіла ў закрытым рэжыме і завяршылася без ухвалення заявы аб сітуацыі на Блізкім Усходзе.
Прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан заявіў пра немагчымасць перамоў з ХАМАС, паведамляе «Радыё Свабода».
«Сёння я расказаў міжнародным СМІ пра зверствы і ваенныя злачынствы ХАМАСа. З такой тэрарыстычнай арганізацыяй ёсць толькі адзін шлях. На гэты раз мы не спынімся і знішчым тэрарыстычную інфраструктуру ХАМАС», — напісаў Гілад Эрдан на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Х» (колішні «Twitter»).
У сувязі з абвастрэннем сітуацыі ў Ізраілі прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што накіруе краіне дадатковую ваенную дапамогу, а Пентагон адправіў ва ўсходнюю частку Міжземнага мора ўдарную авіяносную групу «Джэральд Форд». У яе ўваходзяць авіяносец ВМС ЗША «Джэральд Форд», ракетны крэйсер «Нармандыя» класа «Тыкандэрога», а таксама эсмінцы кіраванай ракетнай зброі класа «Арлі-Берк», ваенныя караблі «Рэймідж», «Керні» і «Рузвельт».
«Мы таксама распачалі крокі па ўзмацненні эскадрылляў знішчальнікаў ВПС ЗША F-35, F-15, F-16 і A-10 у рэгіёне. Акрамя таго, урад Злучаных Штатаў будзе аператыўна прадастаўляць Арміі абароны Ізраіля дадатковае абсталяванне і рэсурсы, уключаючы боепрыпасы», — дадаў міністр абароны ЗША Лойд Осцін.
Тым часам «Сусветная харчовая праграма» выказала глыбокую занепакоенасць з нагоды цяжкасцей з доступам да асноўных прадуктаў харчавання ў раёнах, пацярпелых у выніку баявых дзеянняў, асабліва ў сектары Газа, піша тэлеканал «Настоящее время».
Адзіная электрастанцыя ў сектары Газа, якая забяспечвае жыхароў анклава электраэнергіяй, можа застацца без дызельнага паліва на працягу некалькіх дзён, гаворыцца ў заяве ААН. Поўны блэкаўт можа паставіць пад пагрозу мірных жыхароў: у сектары Газа пражывае каля 2,3 млн чалавек.