Ці палыхне зноў Блізкі Усход?

 7 кастрычніка а палове на сёмую гадзіну ранку па мясцовым часе (супадае з мінскім) палесцінская радыкальная арганізацыя «Хамас» (у шмат якіх краінах прызнана тэрарыстычнай) ажыццявіла нечаканую атаку на тэрыторыю Ізраілю. 

de0345f3285840bf8787b452971559aa_logo_1.webp

Па словах прадстаўнікоў арганізацыі, у ходзе атакі былі выпушчаны 5 тыс. ракетаў, высажаны дэсанты з зямлі і паветра, захоплена адна база ізраільскай арміі і дзясяткі адзінак вайсковай тэхнікі. На дадзены момант гаворка ідзе пра мінімум чатыры дзясяткі забітых ізраільцянінаў (вайскоўцаў і мірных жыхароў), каля шасці дзясяткаў захоплены тэрарыстамі ў якасці закладнікаў. Навінныя стужкі нон-стопам выкідваюць падрабязнасці атакі, версіі матываў і імаверных наступстваў сённяшніх падзеяў на Блізкім Усходзе.

Чаму сёння

Сённяшняя дата мае, безумоўна, сімвалічнае значэнне праз шмат якія аспекты. Па-першае, сёння адзначаюцца пяцідзясятыя ўгодкі гэтак званай «вайны Суднага Дня». 6 кастрычніка 1973-га група арабскіх дзяржаў (Сірыя, Егіпет, Ірак, Іарданія) пры дапамозе савецкіх вайсковых спецыялістаў атакавала Ізраіль. Вынікам вайны была параза арабскай кааліцыі. Па-другое, 6 кастрычніка ў Ізраілі завяршылася Свята Кушчаў (сукот) — адно з трох галоўных святаў у юдэйскім календары, роўна як і самае радаснае з іх. Па аналогіі з атакай 1973-га, якая прыпала на свята Ём-Кіпур, цяперашнія дзеянні Хамас, безумоўна, прымеркаваны да святочнага перыяду ў Ізраілі. 

Глядзіце таксама

Тым ня менш, такія сімвалічныя моманты могуць уплываць толькі на выбар канкрэтнага часу для атакі, але наўрад ці маюць вырашальнае значэнне. Відавочна, што не жаданне адпомсціць за паразу 50-гадовай даўніны рухала кіраўніцтвам Хамас. Як і не прага «адпомсціць за Аль-Аксу», хоць менавіта так само кіраўніцтва і тлумачыць атаку. За сённяшнімі падзеямі, відавочна, стаяць іншыя матывы.

Якую мэту мае сённяшняя атака?

Ужо з’явілася шмат тлумачэнняў, каму і навошта спатрэбіўся напад Хамас на тэрыторыю Ізраілю. Сустракаюцца і падазрэнні, што ўсё гэта — плён працы Расіі. Канечне, у нашых шыротах няма звера, страшнейшага за кошку, ды й любая буза, якая можа адцягнуць увагу ад ейных уласных дзеянняў, падаецца, цяпер будзе Расіі на карысць. Тым ня менш, ня тая цяпер для Расіі сітуацыя, калі можна хай не арганізоўваць, а хаця б натхняць падобныя аперацыі. Пра гэта сведчыць і вельмі стрыманая рэакцыя з расійскага боку на гэтыя падзеі.

Калі выключыць Расію, першае пытанне, якое прыходзіць у галаву: а навошта гэта ўсё самой арганізацыі Хамас? Нягледзячы на шок, выкліканы атакай, і поспехі тэрарыстаў, якія шырока дэманструюцца сёння ў разнастайных СМІ, ніхто не чакае, што Хамас можа «скінуць Ізраіль у мора». Некалькі дзясяткаў тэрарыстаў, якія праніклі на тэрыторыю Ізраілю, ну ні як ня могуць процістаяць Арміі абароны Ізраілю. 

Тады на што разлічваюць лідары арганізацыі, дасылаючы ракеты і баевікоў на ізраільскую тэрыторыю? Найбольш імаверным адказам на гэтае пытанне будзе: дзеля вось гэтага вось шоку і карцінак, якія цэлы дзень разыходзяцца сёння па інтэрнэце. Фота і відэа, на якіх радасныя арабы скочуць на фоне забітых ізраільцянаў і захопленай тэхнікі, адрасаваныя, перш за ўсё, жыхарам краін Блізкага Усходу і ўсім мусульманам свету. Мэта — актывізаваць антыізраільскія настроі і праз гэта паўплываць на тыя працэсы, якія ідуць на Блізкім Усходзе.

Мірныя працэсы і радыкалізм на Блізкім Усходзе

За апошнім часам сітуацыя на Блізкім Усходзе хоць і заставалася напружанай, але адбываліся і падзеі, якія нараджалі спадзяванні на магчымае вырашэнне праблемаў. Адным з найбольш істотных крокаў у гэтым кірунку з’яўляюцца гэтак званыя «Пагадненні Аўрама» — серыя двухбаковых дамоўленасцяў паміж шэрагам арабскіх дзяржаваў (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн, Марока, Судан) і Ізраілем аб нармалізацыі адносінаў, падпісаных у канцы 2020-га-пачатку 2021-га.

Мірныя перспектывы на Блізкім Усходзе, у сваю чаргу, зусім не здавальняюць радыкальныя групоўкі, кшталту Хамас. Паколькі тыя маюць сваёй мэтай поўнае вынішчэнне Ізраілю, дык нармалізацыя адносінаў паміж ізраільцянамі і арабамі значна скарачае іх рэсурсы: і фінансавыя, і палітычныя, і вайсковыя. Не здавальняюць такія перспектывы і рэжым Басада ў Сірыі, роўна як і Іран, які аказвае Асаду істотную падтрымку. І асадаўскія сілы, і іранскія аб’екты на тэрыторыі Сірыі перыядычна робяцца цэлямі для ўдараў з боку Ізраілю, якога яны лічаць сваім смяротным ворагам (і, заўважым, карыстаюцца ў гэтым узаемнасцю). У гэтым процістаянні Іран можа спадзявацца адно што на падтрымку з боку ісламскага свету. Чаму, у сваю чаргу, мір паміж Ізраілем і арабскімі краінамі зусім не спрыяе.

Глядзіце таксама

Яшчэ большай праблемай для Хамас, рэжыма Асада, Ірана ды іншых антыізраільскіх радыкалаў з’яўляецца тое, што на Пагадненнях Аўрама працэс нармалізацыі на Блізкім Усходзе не спыніўся. Варта звярнуць увагу на тое, што Пагадненні былі дасягнуты праз значныя высілкі тагачаснай адміністрацыі Трампа, што рэспубліканцы запісваюць у свае дасягненні. Улічваючы набліжэнне магчымага новага процістаяння Трампа і Байдэна ў барацьбе за прэзідэнцкі фатэль, дэмакратам неабходна дамагчыся падобнага знешнепалітычнага поспеху. 

Магчымасцю для іх ня толькі паўтарыць поспех блізкаўсходняй палітыкі Трампа, але й пераўзыйсці яго, з’яўляецца нармалізацыя адносінаў паміж Ізраілем і Саўдаўскай Аравіяй. Прычым, у выпадку поспеху, гэта будзе і адказам на знешнепалітычны поспех Кітаю, які выступіў спонсарам нармалізацыі адносінаў паміж Саўдаўскай Аравіяй і Іранам.

А поспех байдэнаўскай дыпламатыі выглядае досыць рэяльным і блізкім. 22 верасня прэм’ер Ізраілю Бенджамін Нетаньяху ў сваім звароце да Генеральнай Асамблеі ААН абвесціў, што Ізраіль знаходзіцца «на парозе» заключэння мірнага пагаднення з Саўдаўскай Аравіяй. Тыдзень таму — 29 верасня — факт наяўнасці «рамак» для падобнага пагаднення пацвердзіў і спікер Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі.

Мэты сённяшняй атакі — меркаваныя і рэальныя

Якім чынам можна спыніць гэты каток мірнага працэсу? Бадай, адзіны шанец — гэта выклікаць хвалю антыізраільскіх настрояў сярод арабаў і мусульманаў розных краін свету. У тым ліку — сярод насельніцтва Саўдаўскай Аравіі, кіраўніцтва якой страшыцца канфліктаў з радыкаламі. Вось дзеля гэтага і патрэбны тыя карцінкі, якія былі зроблены пад час сённяшняй самагубчай атакі баевікоў Хамас на ізраільскую тэрыторыю. 

Хай ваенныя вынікі і будуць вельмі сціплымі — галоўнае, што па свеце шырока разыходзяцца кадры спаленай ваеннай тэхнікі і забітых і захопленых ізраільцянаў. Гэта мусіць выклікаць хвалю энтузіязму сярод ворагаў Ізраілю. І ня страшна, што ў адказ Хамас і палесцінцы апынуцца пад мацнейшымі ўдарамі ў адказ. Зыходзячы з папярэдняй практыкі, антыізраільскія сілы спадзяюцца, што гэта толькі ўзмацніць волю да барацьбы супраць Ізраілю, які можна будзе зноў выставіць у вобразе забойцы мірных грамадзянаў. Прысутнічае спадзяванне і на адпаведную рэакцыю з боку міжнароднай супольнасці, якая будзе асуджаць ізраільцянаў за празмерную жорсткасць.

Глядзіце таксама

Але вось тут, падаецца, праціўнікі Ізраілю і мірнага працэсу на Блізкім Усходзе пралічыліся. Кадры, знятыя сёння, дэманструюць акурат жорсткасць баевікоў Хамас і тую небяспеку, якая сыходзіць з іхняй арганізацыі. Целы загінулых мірных ізраільцянаў, здзекі з захопленых наўрад ці народзяць жаданне спачуваць «барацьбітам супраць Ізраілю» і падтрымліваць іхнюю справу. Выкарыстанне мірных палесцінцаў у якасці «жывога шчыту» пад час ізраільскіх удараў таксама можа не спрацаваць, як на тое разлічваюць хамасаўцы. Калі раней ахвяры ўдараў у адказ спісваліся на «зверствы ізраільскай ваеншчыны», дык цяпер усё можа змяніцца, і віну за смерці жанчын і дзяцей ускладуць на тых, хто арганізаваў гэтую зусім бессэнсоўную з ваеннага пункту гледжання акцыю.

Акрамя таго, сённяшнія дзеянні Хамас дапамаглі прыпыніць, прынамсі, на некаторы час, унутранае процістаянне паміж урадам Ізраіля і апазіцыяй. Ужо некалькі месяцаў там ідзе палітычны канфлікт з нагоды прапанаванай рэформы юрыдычнай сістэмы. З пункту гледжання апазіцыі, гэтая рэформа паставіць судовую галіну ўлады ў залежнасць ад улады выканаўчай. З гэтай нагоды ў краіне йшлі гарачыя спрэчкі, якія часам выліваліся ў масавыя вулічныя пратэсты. Атака Хамас прывяла да таго, што апазіцыя абвесціла аб неабходнасці кансалідацыі ўсіх грамадзянаў краіны, незалежна ад палітычнай пазіцыі, дзеля абароны Ізраіля ад тэрарыстычнай пагрозы. Ды й наўрад ці ў бліжэйшы час каму-небудзь прыйдзе ў галаву ісці на вуліцы пратэставаць супраць ураду.

Чаго чакаць ад развіцця сітуацыі?

Калі падсумаваць усё тое, што адбываецца і гаворыцца сёння ў сувязі з падзеямі ў Ізраілі, можна зрабіць выснову, што атака тэрарыстаў была накіравана, перш за ўсё, на зрыў працэсу нармалізацыі, які ідзе на Блізкім Усходзе. Канкрэтна — на недапушчэнне заключэння дамовы паміж Ізраілем і Саўдаўскай Аравіяй. У якасці інструмента арганізатары атакі плануюць выкарыстоўваць антыізраільскія настроі, стымуляваныя сённяшнімі падзеямі. Выгаду ад гэтага атрымаюць, перш за ўсё, радыкальныя ісламскія групоўкі і іхнія спонсары ў Іране і Сірыі.

Але больш імаверным выглядае тое, што шок ад сённяшняй атакі народзяць, хутчэй, рост непрыняцця тэрарыстычных метадаў пры дасягненні палітычных мэтаў. Атака на тэрыторыю Ізраілю, забойствы і захоп ізраільскіх вайскоўцаў і мірных грамадзянаў, шырока разрэкламаваныя самімі хамасаўцамі, робяць апраўданымі жорсткія меры, прынятыя ў адказ ізраільскім кіраўніцтвам. Калі да гэтага дадаць імаверную неспрыяльную рэакцыю палесцінцаў на тое, што іх зноў падставілі пад ізраільскія ракеты, можна смела рабіць прагноз, што Хамас чакаюць вельмі цяжкія часы. Чым, несумненна, скарыстаюцца іхнія палітычныя праціўнікі ў Палесцінскай аўтаноміі.


Глядзіце таксама

Іншая справа, што жорсткая рэакцыя Ізраілю, якая, несумнеўна, будзе накіравана і супраць спонсараў тэрарыстыў — асадаўскі рэжым і Іран, можа прывесці да ўзнікнення гарачай вайны паміж Ізраілем і Іранам. Такія прагнозы таксама гучаць сёння, і імавернасць такога сцэнару выключаць нельга. Занепакоенасці тут дадае і тая акалічнасць, што гэта будзе вайна паміж краінамі, адна з якіх ужо мае ядравую зброю, а другая актыўна працуе над яе распрацоўкай. Улічваючы, што Ізраіль можа паводзіць сябе досыць рэзка ў тых сітуацыях, калі пытанне ідзе пра ягоную бяспеку, прымяненне ядравай зброі зусім не выглядае ў такой сітуацыі неверагодным. А калі яно будзе прымененым, гэта ў момант адчыніць «скрыню Пандоры», і ядравыя выбухі загучаць у іншых мясцінах — куды больш блізкіх да нас, чым нават самы блізкі Усход.

Такі сцэнар, усё ж, пакуль выглядае досыць фантастычным. Сам Іран, калі зыходзіць з ягоных рэсурсаў і ўнутранай сітуацыі ў краіне, наўрад ці кінецца ў вайну супраць Ізраілю, якая будзе для яго, хутчэй за ўсё, такой жа самазабойчай, як і сённяшняя атака Хамас. Тым ня менш, пры агульным аптымізме адносна наступнага развіцця падзеяў, варта пакінуць некаторы адсотак імавернасці і такой магчымасці.