Абас Галямаў: Нетаньяху завершыць сваю кар'еру зусім ганебна. Меркаванне

Яшчэ напярэдадні нападу ХАМАС прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху і апазіцыя абвінавачвалі адзін аднаго ў расколе ізраільскага грамадства. Цяпер грамадству няма часу на ўнутраныя разборкі.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Фота 1tv.ge

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху. Фота 1tv.ge


Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху, паводле заявы яго партыі «Лікуд», прапанаваў кіраўнікам найбуйнейшых апазіцыйных партый «Еш атыд» Яіру Лапіду і «Махане мамлахці» Бені Ганцу ўвайсці ва ўрад нацыянальнага адзінства, піша «Медуза».

Мяркуецца, што гэты ўрад будзе дзейнічаць, пакуль працягнецца вайна з ХАМАС, і займацца выключна пытаннямі бяспекі.

Паводле выдання «Гаарэц», Лапід на сустрэчы з Нетаніягу настойваў, каб у новым урадзе не было двух найбольш радыкальных ультраправых палітыкаў: міністра фінансаў Бецалеля Смотрыча і міністра нацыянальнай бяспекі Ітамара Бэн-Гвіра.

Як падкрэсліў Лапід пасля сустрэчы з Нетаньяху, «падчас вайны няма [кіруючай] кааліцыі і апазіцыі». І ён, і Ганц выступілі з запэўненнямі, што незалежна ад таго, ці атрымаюць яны міністэрскія пасады, урад Нетаньяху атрымае іх поўную падтрымку ў барацьбе з ХАМАС.

Лапід і Ганц раней жорстка крытыкавалі ўрад Нетаньяху і змагаліся супраць судовай рэформы, якую ён прасоўвае. 

Шматмесячнае супрацьстаянне з-за гэтай рэформы суправаджалася беспрэцэдэнтнымі акцыямі пратэсту і прывяло да глыбокага палітычнага расколу ў Ізраілі.

Абас Галямаў: Краіна згуртаваная і ніякіх разборак не пакуль будзе

Расійскі палітолаг Абас Галямаў пракаментаваў у сваім тэлеграм-канале падзеі ў Ізраілі.

Доўгія гады — нават дзесяцігоддзі — Нетаньяху выступаў галоўным ястрабам ізраільскай палітыкі. Ключавым яго каньком была «бяспека». Ізраільцяне суцяшалі сябе: хай у нас прэм'ер сумніўных маральных якасцяў, але ён ва ўсялякім разе надзейна абараняе нас ад ворага.

Абяцаная бяспека апынулася блефам. Нетаньяху не выканаў умоў заключанага ім з краінай кантракту.

Самае дзіўнае — гэта тое, што склад кабінета, які свядома працаваў на эскалацыю, правакуючы канфлікт за канфліктам, аказаўся зусім да гэтай эскалацыі не гатовы. 

Глядзіце таксама

Ведаеце, калі да нападу не гатовы палітык, які зрабіў стаўку на супакаенне ворага і пошук кампрамісаў, — гэта яшчэ можна зразумець. Але калі да яго аказваецца не гатовы той, хто з раніцы да вечара бразгае зброяй і нагнятае сітуацыю — гэтаму тлумачэння няма.

Думаю, што ўсё скончыцца адстаўкай урада, а Нетаньяху завершыць сваю кар'еру зусім ганебным чынам. Здарыцца гэта не зараз — цяпер краіна згуртаваная і ніякіх разборак не будзе. Такія рэчы адбываюцца па заканчэнні нейкага часу пасля аднаўлення статус-кво, пасля разбору палётаў і асэнсавання таго, што адбылося. Пасля вайны Суднага дня, напрыклад, на гэта сышло паўгода.