“Гэтая вайна зойме час. Гэта будзе цяжка” — Нетаньяху. Уведзены ў дзеянне пункт 40 алеф (абноўлена)
Прэм'ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль цяпер знаходзіцца ў стане «вайны» з групоўкай баевікоў ХАМАС пасля масіраванай дэманстрацыі сілы, якая заспела Ізраіль знянацку ў дзень вялікага свята. Расказваем асноўнае, што вядома на гэты час.
Абноўлена:
Ізраіль афіцыйна абвясціў стан вайны. Уведзены ў дзеянне пункт 40 алеф. Апошні раз ён ужываўся ў 1973 годзе. Цяпер у Арміі абароны Ізраіля поўная свабода дзеянняў і яна можа дзейнічаць самастойна па сваім меркаванні. Хоць абавязаная дакладваць палітычнаму кіраўніцтву. Пра гэта паведамляе ізраільскі ваенны аглядальнік Сяргей Аўслендэр.
Таксама ён прыводзіць новыя даныя: 400 загінулых, амаль 1900 параненых. Гэта не канчатковыя лічбы, па-ранейшаму шмат зніклых без вестак, невядомы лёс закладнікаў.
*****
Прынамсі адзін ізраільцянін загінуў у выніку страляніны па турыстычным аўтобусе ў Егіпце. Па паведамленнях ізраільскіх і арабскіх СМІ, па меншай меры адзін Ізраільцянін быў забіты, калі ўзброены мужчына распачаў страляніну па аўтобусе з ізраільскімі турыстамі ў партовым горадзе Александрыя. Арабскае выданне RT паведамляе, што двое ізраільцян былі забітыя егіпецкім паліцыянтам, а газета Walla News паведамляе, што атрымала паведамленне пра аднаго забітага Ізраільцяніна і аднаго параненага.
Як паведамляе RT Arab, паліцэйскі абстраляў са зброі ізраільскую турыстычную групу ў гарадскім раёне Амуд Аль-Савары.
*****
У Ізраілі шпіталізавалі дваіх грамадзян Беларусі пасля абстрэлаў з Газы, паведамляе МЗС. Сын з маці пацярпелі ў выніку ракетных абстрэлаў горада Ашкелон. Абое шпіталізаваныя, стан аднаго з іх ацэньваецца як вельмі цяжкі. Пасольства Беларусi знаходзіцца ў кантакце з мэдыцынскай установай і сваякамі пацярпелых.
******
У тэлезвароце ў суботу ўвечары прэм'ер-міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху, які раней абвясціў, што Ізраіль знаходзіцца ў стане вайны, заявіў, што вайскоўцы будуць выкарыстоўваць усе свае сілы, каб знішчыць магчымасці ХАМАСА. Але ён папярэдзіў: “гэтая вайна зойме час. Гэта будзе цяжка”.
“Усе месцы, дзе ХАМАС хаваецца і адкуль ён дзейнічае, мы ператворым у руіны”, — дадаў ён.
Раніцай у нядзелю ізраільскія вайскоўцы распаўсюдзілі папярэджанні на арабскай мове для жыхароў населеных пунктаў паблізу мяжы з Ізраілем з просьбай пакінуць свае дамы і перабрацца ў раёны ўглыб малюсенькага анклава. У ходзе папярэдніх баявых дзеянняў Ізраіля і ХАМАСА на тэрыторыі Газы абшчыны Газы, размешчаныя паблізу мяжы, пацярпелі асабліва моцна, як ад артылерыйскага агню, так і ад наземных ўварванняў.
Ізраільскія авіяўдары па Газе ўзмацніліся з надыходам цемры, у выніку гіганцкіх выбухаў зраўняліся з зямлёй жылыя будынкі, уключаючы 14-павярховую вежу, у якой знаходзіліся дзясяткі кватэр, а таксама офісы ХАМАСА ў цэнтры горада Газа. Незадоўга да гэтага ізраільскія сілы зрабілі папераджальны стрэл.
Каля 3 гадзін ночы гукаўзмацняльнік на даху мячэці ў горадзе Газа прагрымеў рэзкае папярэджанне жыхарам бліжэйшых шматкватэрных дамоў: неадкладна эвакуіруйцеся. Усяго некалькі хвілін праз Ізраільскі авіяўдар ператварыў у попел адзін найблізкі пяціпавярховы будынак.
Пасля аднаго Ізраільскага ўдару ракетны абстрэл ХАМАСА абрынуўся на чатыры гарады, уключаючы Тэль-Авіў і найбліжэйшы прыгарад. Па даных ізраільскіх вайскоўцаў, на працягу дня ХАМАС выпусціў больш за 3500 ракет.
Намеснік кіраўніка ХАМАС Салех-Аль-Аруры паведаміў у суботу, што многія закладнікі, якія былі скрадзены падчас суботняга нападу, будуць вызвалены ў абмен на палесцінскіх тэрарыстаў, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў Ізраілі. У інтэрв’ю тэлеканалу “Аль-Джазіра” ён назваў напад на Ізраіль “адкрытай бітвай”, накіраванай на дасягненне вызвалення палесцінскага народу і яго святых месцаў.
ЦАХАЛ заявіла, што вярнула кантроль над большасцю паселішчаў на поўдні.
Раніцай Армія абароны Ізраіля заявіла пра нанесены ўдар па дому кіраўніка выведкі ХАМАС у сектары Газы. ЦАХАЛ сцвярджае, што гэты дом выкарыстоўваўся ў якасці ваеннай інфраструктуры.
Параненыя і ахвяры з абодвух бакоў
Колькасць параненых у выніку нападу ХАМАС павялічылася да 1864 чалавек, паведамляе Міністэрства аховы Ізраіля. Сярод іх 19 знаходзяцца ў крытычным стане, 326 цяжка параненыя і 359 — у стане сярэдняй ступені цяжкасці.
Таксама 821 чалавек атрымаў лёгкія раненні і 20 знаходзяцца на лячэнні ад траўматычнага стрэсу. Яшчэ 223 чалавекі знаходзяцца пад медыцынскім наглядам.
ЦАХАЛ апублікавала імёны 26 салдат, якія загінулі на поўдні Ізраіля. У асноўным гэта маладыя людзі ва ўзросце 19—24 гадоў.У сваю чаргу, Міністэрства аховы здароўя ў сектары Газы, кіраванае ХАМАСам, паведаміла, што ў сектары Газы былі забітыя 256 палесцінцаў і яшчэ 1788 параненыя. Большасць з іх былі забітыя ў выніку ўдараў Ізраіля.
Хто каго падтрымаў
Прадстаўнік ХАМАС Газі Хамад паведаміў Бі-бі-сі, што Іран падтрымаў напад Палесціны на Ізраіль у суботу.
Пра падтрымку Ізраілю заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. “Цяпер не час для якога-небудзь боку, варожага Ізраілю, выкарыстоўваць гэтыя атакі для атрымання выгады», — сказаў Байдэн. “Падтрымка маёй адміністрацыяй бяспекі Ізраіля з'яўляецца цвёрдай і непахіснай».
Пра падтрымку Ізраіля заявіла і лідарка Еўракамісіі Урсула ван дэр Ляйен.
Ліванская тэрарыстычная групоўка "Хезбала" выпусціла дзясяткі ракет і снарадаў па трох ізраільскіх пазіцыях у спрэчным раёне гары Доў.
У заяве “Хезбалы” гаворыцца, што атака з ужываннем вялікай колькасці ракет і снарадаў “была праведзеная ў знак салідарнасці з палецінскім супрацівам”.
Армія абароны Ізраіля не паведаміла аб якіх-небудзь траўмах і заявіла, што адказала артылерыйскімі ўдарамі і ўдарамі беспілотнікаў.