Аляксандр Фрыдман: Навошта Пуцін падкрэслівае яўрэйскае паходжанне Зяленскага?

Пуцін ад антысеміцкіх выказванняў доўгі час устрымліваўся, але затое тэму нацыянальнасці Зяленскага прасоўвалі Дзмітрый Мядзведзеў, Сяргей Лаўроў, Марыя Захарава — і нават беларускі кіраўнік Аляксандра Лукашэнка. Што змянілася цяпер? Няўжо Крэмль усвядоміў, што разрыў з Захадам будзе доўгатэрміновым і што з Ізраілем адносіны не наладзяцца?

Зяленскі ў Ізраілі каля Сцяны Плачу, 2020 год. Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Зяленскі ў Ізраілі каля Сцяны Плачу, 2020 год. Фота прэс-службы Уладзіміра Зяленскага

Чаму Пуцін звярнуўся менавіта цяпер вярнуўся да тэмы нацыянальнага паходжання ўкраінскага прэзідэнта, разважае гісторык Аляксандр Фрыдман на «Нямецкай хвалі».

13 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сустрэўся ў Крамлі з вайсковымі карэспандэнтамі, якія асвятляюць ход вайны Расіі супраць Украіны. Падчас сустрэчы расійскі лідар зрабіў шэраг абразлівых заяў на адрас вайсковага і палітычнага кіраўніцтва Украіны, асобна спыніўся на яўрэйскім паходжанні Уладзіміра Зяленскага: «Я наогул здзіўляюся: як чалавек, у якога ў жылах цячэ яўрэйская кроў, які ўзначальвае дзяржава Украіна, як ён можа падтрымліваць неанацыстаў — я проста не разумею гэтага».

Словы Пуціна пра «яўрэя» на чале «ўкраінскіх неанацыстаў» — духоўных спадчыннікаў забойцаў габрэяў у эпоху Халакосту — імгненна падхапіла расійская прэса, а блізкі да Крамля палітолаг Сяргей Маркаў і зусім паўтарыў распаўсюджаную сярод расійскіх палітыкаў і прапагандыстаў формулу «Зяленскі — прэзідэнт яўрэй — неанацыст, унікальны ў свеце падлюга, здраднік габрэйскага народа».

Чаму Уладзімір Пуцін звярнуўся да гэтай тэмы менавіта цяпер? Ці можна лічыць яго словы праявай антысемітызму? І з якой мэтай расійскі кіраўнік робіць падобныя заявы?


Уладзімір Пуцін і яўрэі: не антысеміт і не філасеміт

Яшчэ ў 2000-я гады за Пуціным як у Расіі, так і за яе межамі замацаваўся вобраз лідара, які з сімпатыяй ставіцца да яўрэйскага народа і дзяржавы Ізраіль, а таксама які зацікаўлены ў развіцці яўрэйскага жыцця ў краіне. Заходнія і ізраільскія даследчыкі, якія вывучалі стаўленне Пуціна да яўрэяў і Ізраіля, часта акцэнтуюць увагу на біяграфічных асаблівасцях цяперашняга гаспадара Крамля, які ў сваім жыцці часта сутыкаўся з людзьмі яўрэйскага паходжання і мае пераважна пазітыўны вопыт зносін з імі.

Больш пераканаўчым уяўляецца, аднак, усё ж такі фактар чэкісцкага мінулага Уладзіміра Пуціна. Прафесійная сацыялізацыя Пуціна, ягонага найбліжэйшага паплечніка, сакратара Рады бяспекі Мікалая Патрушава і іншых уплывовых асоб у расійскім кіраўніцтве прайшла ў органах КДБ позняй савецкай эпохі. Прадстаўнікам савецкай дзяржбяспекі таго часу былі ўласцівыя канспіралагічныя тэорыі з абавязковым антысеміцкім складнікам - у прыватнасці, тэорыі аб «магутных яўрэях», якія нібыта кіруюць заходнім светам.

У пазнейшыя 1980-я гады абмежаванне яўрэйскай эміграцыі з СССР і антысеміцкія рысы савецкай антыізраільскай прапаганды ўспрымаліся як стратэгічная памылка, якая зрабіла «яўрэйскі свет» праціўнікам Масквы і садзейнічала паразе Савецкага Саюза ў халоднай вайне і крушэнню імперыі — псіхалагічнай траўме, якую, як паказвае палітыка цяперашняга расійскага кіраўніцтва, у Крамлі так і не здолелі пераадолець.

Менавіта чэкісцкі вопыт Пуціна, хутчэй за ўсё, і аказваў вызначальны ўплыў на пазіцыю Масквы: з яўрэямі, памятаючы пра савецкае мінулае, імкнуліся не задзірацца, а паводзіць сябе падкрэслена прыязна і карэктна; у выпадку Ізраіля дэкларавалася прыхільнасць развіццю двухбаковых адносін.



Яўрэі расчаравалі Пуціна?

Пасля пачатку «спецыяльнай вайсковай аперацыі» Пуціна спасціглі сур'ёзныя няўдачы на «яўрэйска-ізраільскім фронце». Дзясяткі тысяч расіян яўрэйскага паходжання пакінулі краіну. Многія бізнесмены, дзеячы навукі і культуры з яўрэйскімі каранямі адкрыта асудзілі вайну супраць Украіны. Міжнародныя яўрэйскія арганізацыі сталі на бок Кіева. Праўкраінскую пазіцыю займае ў цэлым і Ізраіль, і толькі важная роля Расіі на Блізкім Усходзе і інтарэсы яўрэйскай абшчыны Расіі вымушаюць ізраільскае кіраўніцтва дзейнічаць з аглядкай на Маскву.

Пасля пачатку вайны Крэмль — хоць адкрыта і не перашкаджае эміграцыі яўрэяў і звязанай з ёй уцечкай мазгоў і капіталаў, — але ў сваёй прапагандзе падвяргае асобаў, якія з'ехалі, прыніжальнай крытыцы і рэгулярна дэманструе сваё неразуменне і незадаволенасць праўкраінскай пазіцыяй Ізраіля і міжнародных яўрэйскіх арганізацый.

Адной з ключавых прычын правалу сваёй стратэгіі Масква бачыць у постаці прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які дамогся прызнання на Захадзе. У сувязі з гэтым уяўляецца заканамерным, што менавіта Зяленскі, да якога Пуцін ужо даўно адчувае, згодна з публікацыямі прэсы, асабістую непрыязнасць, абраны ў якасці асноўнага аб'екта для антысеміцкіх нападак.


«Яўрэйскі нацыст» Уладзімір Зяленскі

Яўрэйскае паходжанне прэзідэнта Украіны не з'яўляецца таямніцай. Зяленскі ніколі не хаваў яго, хоць і не падкрэслівае. Аб магчымай яўрэйскай ідэнтычнасці ўкраінскага лідара нічога не вядома. Дадзены факт не перашкаджае, аднак, прызнаваць Зяленскага самым «уплывовым яўрэем у свеце» (як гэта зрабіла ў 2022 годзе ізраільскае выданне The Jerusalem Post), дэманстраваць на ягоным асабістым прыкладзе абсурднасць расійскага наратыву аб «нацысцкай Украіне» (як гэта робяць украінскія і заходнія СМІ і палітыкі) або ствараць агідны вобраз «яўрэя-нацыста» (як гэта робіць Пуцін і расійская прапаганда).

Вокладка часопіса The Jerusalem Post

Вокладка часопіса The Jerusalem Post

Яшчэ ў чэрвені 2021 года прэзідэнт Расіі публічна назваў Зяленскага «яўрэем па нацыянальнасці», які патурае «практыкам нацысцкай Германіі» ў сваёй краіне. Амерыканскае выданне The New York Times сцвярджала ў снежні 2022 года, што Пуцін падняў тэму паходжання Зяленскага падчас сустрэчы з тагачасным ізраільскім прэм'ер-міністрам Нафталі Бенетам у Сочы ў кастрычніку 2021 года. Тады расійскі прэзідэнт заявіў, што не мае намеру больш сустракацца з Зяленскім, і абурыўся тым, што гэты «яўрэй» стаў «памагатым нацызму».

Пасля пачатку вайны Пуцін ад падобных выказванняў доўгі час устрымліваўся, але тэму паходжання Зяленскага прасоўвалі намеснік старшыні Рады Бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў, міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў, прадстаўніца расійскага замежнапалітычнага ведамства Марыя Захарава і беларускі кіраўнік Аляксандра Лукашэнка.

Асабліва адзначыўся ў гэтай сувязі Лаўроў, які пусціўся ў траўні 2022 годзе ў развагі пра «яўрэйскія карані» Адольфа Гітлера і справакаваў тым самым міжнародны скандал. У выніку Пуціну нават давялося папрасіць прабачэння за нядбайнага міністра перад прэм'ерам Бенетам. У кастрычніку таго ж года прасіць прабачэння за антысемітызм давялося і Мікалаю Патрушаву: яго памочнік Аляксей Паўлаў, які дапусціў адкрыта антысеміцкія выпады ў адрас руху Хабад, у выніку нават пазбавіўся сваёй пасады.


Тармазы больш не працуюць?

Заявы расійскіх афіцыйных асоб — пры маўчанні Пуціна, а таксама прабачэнні за паводзіны Лаўрова і Паўлава — кажуць пра тое, што летась Расія хоць і артыкулявала сваю незадаволенасць дзеяннямі Ізраіля і міжнародных яўрэйскіх арганізацый, але гатовая была націснуць на тармазы, баючыся абвінавачанняў у антысемітызме.

У 2023 годзе сітуацыя змянілася. Пад уплывам палітычных і ваенных няўдач у грамадстве, як лічаць шэраг назіральнікаў, узмацніліся антысеміцкія тэндэнцыі, а ў выпадку арыштаванай за антываенную пазіцыю драматурга Яўгеніі Бярковіч антысемітызм і зусім амаль набыў адкрыты характар. І скандал вакол Бярковіч, і заява Пуціна аб яўрэйскім паходжанні Зяленскага паказваюць, што Крэмль зыходзіць з доўгатэрміновага разрыву з Захадам, не мае надзей на заваёву сімпатый на «яўрэйскай вуліцы».

Пераклад «НЧ»