Ці пераплюне Лукашэнка на выбарах Пуціна?

Якога выніку чакаць беларусам у 2025 годзе?

_belarus_zyccjo_ljudzi_infarmacyja_infarmavanne_vybary_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

У сваёй унутранай і знешняй палітыцы афіцыйны Мінск арыентуецца на Маскву і ўсё часцей запазычвае тамтэйшыя практыкі і тэхналогіі. Хутчэй за ўсё, і досвед нядаўняй расійскай выбарчай кампаніі — «выбараў Пуціна» — будзе выкарыстаны на беларускіх прэзідэнцкіх выбарах будучага года.

Мінулыя ў Расіі прэзідэнцкія выбары заходняя прэса практычна аднадушна назвала фарсам, мэтай якога было прадэманстраваць «ўсенародную падтрымку» Уладзіміра Пуціна, развязанай ім шырокамаштабнай вайны супраць Украіны і курсу на радыкальную канфрантацыю з Захадам.

І хоць вынік гэтых «выбараў» быў вядомы загадзя, названыя ЦВК РФ звесткі (87,28% галасоў за дзеючага кіраўніка дзяржавы пры яўцы 77,49%) здзівілі многіх назіральнікаў, піша Аляксандр Фрыдман на «Позірку».

Расійская прэзідэнцкая кампанія 2024 года запомніцца, аднак, не толькі абвешчаным рэкордным узроўнем падтрымкі Пуціна, але і гібеллю апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, а таксама здыманнем з перадвыбарнай дыстанцыі нават вельмі ўмераных альтэрнатыўных кандыдатаў. Што ж могуць запазычыць беларускія ўлады з досведу «выбараў Пуціна»?

Ці вырашыцца беларускі кіраўнік пабіць рэкорд крамлёўскага?

На прэзідэнцкіх выбарах 2018 года Пуцін набраў, паводле афіцыйных звестак, 76,69% галасоў, а яўка склала 67,54%. На беларускіх прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Лукашэнка быў абвешчаны пераможцам з вынікам 80,10% пры яўцы 84,05%.

Параўнанне вынікаў электаральных кампаній паказвае, што для Беларусі характэрныя як больш высокая афіцыйная яўка (больш за 80%, а часам і больш за 90%), так і больш высокі ўзровень падтрымкі кіраўніка (каля, а часцей больш за 80%). Свой найлепшы «вынік» Лукашэнка прадэманстраваў у 2015 годзе — 83,47 %.

Больш сціплыя лічбы Пуціна да апошняга часу былі звязаныя, трэба думаць, як з жаданнем паказаць адносна «цывілізаваны» вынік, так і з аглядкай на рэакцыю па-за межамі краіны. У 2024 годзе гэтыя фактары канчаткова страцілі значэнне, а вынікам сталі тыя самыя пуцінскія 87,28%, якія Лукашэнка назваў «ашаламляльным» вынікам.


Глядзіце таксама

Рэкорд Саюзнай дзяржавы, які ўстанавіў Пуцін, наўрад ці пратрымаецца доўга. Ужо ў 2025 годзе яго можа пабіць Лукашэнка. У сённяшніх беларускіх палітычных рэаліях «трыумф» з вынікам больш за 90% не стане сенсацыяй.

Гібель Навальнага: абодва рэжыму могуць умацавацца ў пачуцці беспакаранасці

Гібель Навальнага стала для Крамля неспрыяльным фонам выбарчай кампаніі, але фактычна не паўплывала на яе ход. Пасля смерці палітыка заходнія лідары зрабілі шэраг гучных заяў, усклалі адказнасць за трагедыю асабіста на Пуціна, а Джо Байдэн нават сустрэўся з удавой Навальнага Юліяй.

Санкцыі, якія рушылі за гэтымі заявамі, насілі, аднак, пераважна персанальны характар, закранулі ў першую чаргу супрацоўнікаў расійскіх папраўчых устаноў і не будуць мець для Крамля сур'ёзных наступстваў.

Млявую рэакцыю Захаду і Пуцін, і яго хаўруснік Лукашэнка могуць успрыняць як сігнал, што суровага пакарання за расправу над апанентамі чакаць не варта. Для Беларусі смерць палітычных зняволеных ужо не ў навінку: вядома як мінімум пра пяць такіх выпадкаў.

Той факт, што сярод ахвяр пакуль не было шырока вядомых за мяжой фігур, тлумачыцца, верагодна, не столькі асаблівай асцярожнасцю беларускіх уладаў, колькі разлікам на магчымую здзелку з Захадам у будучыні.

Каго вызначаць у спарынг-партнёры?

Пры падборы спарынг-партнёраў для Пуціна ў Крамлі кіраваліся, у ліку іншага, і беларускім досведам 2020 года. Кацярыну Дунцову, якой іншыя каментатары прадказвалі ролю расійскай Святланы Ціханоўскай, не дапусцілі нават да збору подпісаў. Барысу Надзеждзіну, які дазваляў сабе асцярожныя антываенныя заявы, дазволілі сабраць подпісы, але ў выбарчых бюлетэнях яго імя так і не з'явілася.

Дапушчанае ж у якасці кандыдатаў трыа Мікалай Харытонаў Леанід СлуцкіУладзіслаў Даванкоў адлюстроўвае асаблівасці расійскай палітычнай сістэмы, якая дапускае прысутнасць псеўдаапазіцыйных палітычных сіл, што знаходзяцца пад поўным кантролем Крамля.


Глядзіце таксама

Да выкарыстання такога роду сістэмных кандыдатаў звяртаецца на прэзідэнцкіх выбарах і Лукашэнка. У 2001 і 2006 гадах такую ролю выконваў тагачасны старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, а ў 2010-м — былы дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання Віктар Цярэшчанка.

У 2015-м такіх кандыдатаў было два — вышэйзгаданы Гайдукевіч і лідар казацкага руху ў Беларусі Мікалай Улаховіч. Не абышлося без зручных уладам фігур і праз пяць гадоў. На дэмакратычным полі гулялі і старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Сяргей Чэрачэнь і экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Яны, зрэшты, так і не змаглі адабраць галасы ў Ціханоўскай.

А колькі кандыдатаў можа быць у 2025-м? За час кіравання Лукашэнкі прэзідэнцкія выбары праводзіліся пяць разоў. Двойчы ў выбарчым бюлетэні прысутнічалі чатыры прозвішчы (2006, 2015 гады), па адным разе — тры (2001 год) і пяць (2020 год). У 2010 годзе кандыдатаў было і зусім дзесяць.

Самымі ўдалымі для Лукашэнкі сталі выбары 2015 года. Кампанія прайшла даволі спакойна і нават не ўвянчалася традыцыйнымі для Беларусі акцыямі пратэсту. Сяргей Гайдукевіч і Улаховіч надалі выбарам ілюзію нейкага плюралізму, а частка дэмакратычна настроеных праціўнікаў Лукашэнкі аддала галасы прадстаўніцы грамадскай арганізацыі «Гавары праўду» Таццяне Караткевіч. Пры гэтым іншая частка апазіцыі, палічыўшы праграму Караткевіч занадта ўмеранай, і зусім заклікала праігнараваць выбары.

У выпадку ўдзелу Лукашэнкі ў выбарах 2025 года кампанію яму можа скласці цяперашні лідар ЛДПБ, сын яе ранейшага старшыні — эпатажны Алег Гайдукевіч. Гэты свайго роду Леанід Слуцкі беларускай палітыкі заяўляў пра свае кандыдацкія амбіцыі яшчэ ў 2020-м.

У Расіі Камуністычная партыя застаецца найбуйнейшай апазіцыйнай сілай, на прэзідэнцкіх выбарах яе прадстаўляў Харытонаў. У Беларусі Кампартыя з'яўляецца часткай дзяржаўнай партыйнай сістэмы, і — у выпадку патрэбы-кіраўніку без працы падбяруць і камуністычнага спарынг-партнёра.

«Беларускі Даванкоў» малаверагодны

А вось прысутнасць у бюлетэні для галасавання «беларускага Даванкова» на сёння ўяўляецца малаверагоднай.

У Расіі намесніку старшыні Дзяржаўнай думы Даванкову ў нейкай ступені ўдалося паднесці сябе ў якасці альтэрнатыўнага кандыдата. Ён прыцягнуў нейкую частку праціўнікаў улады на выбары, а пасля іх паказаў сябе і прыхільнікам Пуціна, і прыхільнікам «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Патэнцыяльнымі прэтэндэнтамі на ролю «беларускага Даванкова» маглі б стаць вышэйзгаданыя Канапацкая або Чэрачань (той нават заявіў пра жаданне вылучацца ў 2025 годзе), а таксама Юрый Васкрасенскі — былы актывіст штаба Віктара Бабарыкі, які ператварыўся ў прапагандыста рэжыму Лукашэнкі.


Глядзіце таксама

Аднак той факт, што Чэрачэнь, Канапацкая і Васкрасенскі цяпер фактычна згарнулі сваю палітычную актыўнасць, кажа пра тое, што пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі нават эксперымент з падобнымі «альтэрнатыўшчыкамі» для сябе не разглядае.

У выпадку ўдзелу Лукашэнкі (а ён на гэта празрыста намякае) прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць паводле прынцыпу «зрабі як у Расіі, зрабі лепш, чым у Расіі». На практыцы гэта можа азначаць арганізацыю стэрыльнай кампаніі — з абсалютна марыянеткавымі кандыдатамі і з яшчэ больш «ашаламляльным» вынікам для кіраўніка.