Навошта Пуціну «ўкраінскі след» у тэракце?

Хоць адказнасць за трагедыю ў Падмаскоўі ўзяла на сябе ІДІЛ, Пуцін працягвае настойваць на вінаватасці Украіны. Навошта гэта яму?

«Крокус Сіці Хол» падчас тэракту. Фота: «Reuters»

«Крокус Сіці Хол» падчас тэракту. Фота: «Reuters»

Адказнасць за тэракт у Краснагорску 22 сакавіка ўзяла на сябе арганізацыя «Ісламская дзяржава-Харасан». Украіна асуджае міжнародны тэрарызм ва ўсіх яго праявах. А вось расійскія спецслужбы ганарацца катаваннямі падазраваных у тэракце: распаўсюджваюць кадры, дзе яны адрэзалі затрыманаму вуха і падключаюць затрыманым электраток да геніталій. Зверствы расійцаў не адрозніваюцца ад зверстваў тэрарыстаў, піша «Delfi».

Пуцінскі рэжым канфліктуе з аднымі тэрарыстамі і адначасова падтрымлівае іншых, у прыватнасці, «Талібан». Расія паказальна запрасіла дэлегацыю ХАМАС у Маскву неўзабаве пасля таго, як свет абляцелі кадры разні мірных маладых людзей на фестывалі «NOVA» і ў бліжэйшых кібуцах у Ізраілі ў кастрычніку 2023 года.

Нягледзячы на заклік амерыканскіх чыноўнікаў і еўрапейскіх палітыкаў не прыцягваць Украіну да гэтай гісторыі, расійскі дыктатар зрабіў адваротнае. Уладзімір Пуцін запісаў новы зварот да расійскага народа з нагоды тэракта ў «Крокус Сіці Хол». У ім ён фактычна назваў Украіну заказчыкам гэтага злачынства і абвінаваціў Захад у ціску на Расію і абароне Кіева. Ён паабяцаў знайсці і пакараць заказчыкаў тэракта і паведаміў, што краіны-партнёры Украіны таксама датычныя да тэрарыстычных нападаў.


Глядзіце таксама

Пры гэтым варта згадаць, што адразу пасля тэрарыстычнага нападу ў Краснагорску Крэмль таемна загадаў расійскім прапагандысцкім дзяржаўным СМІ шукаць сляды ўдзелу ўкраінцаў у нападзе на падмаскоўны «Крокус Сіці Хол», хоць адказнасць за напад узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава».

Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Харыс публічна заявіла, што Украіна не мае ніякага дачынення да тэракту. З аналагічнымі заявамі выступілі прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і многія іншыя еўрапейскія палітыкі. Аднак РФ абвергла сцвярджэнне Злучаных Штатаў і іншых краін аб тым, што баевікі «Ісламскай дзяржавы» арганізавалі напад, абвінаваціўшы Вашынгтон у прыкрыцці Украіны. Пуцін публічна наогул не згадваў ісламісцкую групоўку ў кантэксце з нападнікамі, якія, паводле яго слоў, «спрабавалі бегчы ва Украіну».

На гэта адказаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі: «Пуцін зноў абвінавачвае Украіну. Усе ў яго тэрарысты, акрамя яго самога, хоць тэрорам ужо два дзесяцігоддзі сілкуецца менавіта ён. Менавіта ён — самае вялікае акно для тэрору. І калі яго не стане, запыт на тэрор і гвалт знікне разам з ім, таму што гэта яго запыт. Нічога больш».

Пры гэтым прэзідэнт Макрон заявіў, што філіял «Ісламскай дзяржавы» ў Афганістане, вядомы як «ІДІЛ-Харасан» або «ІДІЛ-К», які ўзяў на сябе адказнасць за напад у Маскве, таксама спрабаваў здзейсніць напады ў Францыі. А вось на думку былога дэпутата Дзярждумы РФ, апазіцыйнага журналіста Ігара Якавенкі, тэракт, які адбыўся ў «Крокус Сіці Холе», быў арганізаваны афганскім цэнтрам «Ісламскай дзяржавы» (ІДІЛ) з удзелам расійскіх спецслужбаў, што тлумачыць мноства нестыковак.

Удзельнікі гэтага дзеяння былі дворнікамі, таксістамі і цырульнікамі і не маглі самастойна арганізаваць тэракт: падпаліць велізарны будынак такім чынам, каб ён згарэў за некалькі хвілін, дакладна ўсё разлічыць, увайсці, зарыентавацца на мясцовасці, забіць шмат людзей і сысці за гадзіну да таго, як прыехалі спецслужбы. Так званыя тэрарысты былі не падрыхтаваныя да тэракта: яны не збіраліся быць смяротнікамі, але чамусьці не апранулі маскі, відавочна, расійскія спецслужбы акуратна праводзілі іх да беларускай мяжы, дзе і ўзялі. Тэрарысты выязджалі на тым самым «Рэно», які быў ужо ўсім вядомы, трапіў на ўсе камеры, ехалі 400 кіламетраў усе разам і не разбягаліся. Таму становіцца зразумелым, што гэта тэракт, які быў арганізаваны афганскім цэнтрам ІДІЛ пры куратарстве расійскіх спецслужбаў. Гэта адзіная трактоўка, якая можа ўсё растлумачыць. Гэта значыць, з аднаго боку, ІДІЛ як сапраўды рэальная тэрарыстычная арганізацыя, а з другога — расійскія спецслужбы, якія супрацоўнічаюць з ёй.


Глядзіце таксама

«Дзве тэрарыстычныя арганізацыі дапамаглі адна адной: РФ як найбуйнейшая тэрарыстычная арганізацыя на планеце і ІДІЛ, якая на сённяшні момант з'яўляецца досыць слабой тэрарыстычнай арганізацыяй і спрабуе ўмацавацца», — падсумаваў Ігар Якавенка.

Яшчэ стала вядома, што хабар і халатнасць забілі ў «Крокусе» куды больш людзей, чым тэрарысты. Сучасныя будынкі такога кшталту, як «Крокус», пабудаваныя ў Еўропе, не могуць так згарэць, як канцэртная зала ў Краснагорску. Вялікая колькасць людзей проста задыхнулася чадным газам унутры будынка. Нічога падобнага не магло адбыцца ў сертыфікаваным будынку, пабудаваным па сучасных стандартах для такіх аб'ектаў. Няма нічога дзіўнага ў тым, што ўладальнікі «Крокуса» (сям'я Агаларавых) так і не здалі фармальна ў эксплуатацыю гэтую канцэртную залу. Яна не лічыцца пэўным чынам аформленым аб'ектам капітальнага будаўніцтва на кадастравай карце Расрегістру.

І нарэшце, калі Пуцін завёў размову пра сувязі Украіны з ІДІЛ, то адзін з дакладаў на тэму замежных наймітаў ІДІЛ быў прадстаўлены «The Soufan Center» і апублікаваны ў кастрычніку 2017 года. Зыходзячы з матэрыялаў дакладу, у выніку апрацоўкі даных атрымалася ўстанавіць не менш за 19 000 з прыкладна 40 000 замежнікаў, якія далучыліся да ІДІЛ з 110 краін.


Глядзіце таксама

Найбольшая колькасць замежнікаў у ІДІЛ былі з РФ. Яна заняла першае месца: 3 417 байцоў, у тым ліку 400 вярнуліся дадому. На другім месцы Саудаўская Аравія з 3 244 байцамі, а на трэцім – Ярданія: 3 000. Характэрна, што наймітаў з Украіны ў гэтых спісах наогул няма. Таму заявы Масквы пра «ўкраінскі след» у тэракце ў Краснагорску беспадстаўныя і загадзя ілжывыя. Абвінавачваючы Украіну ў тэрарызме, Расія спрабуе схаваць уласную тэрарыстычную сутнасць і адцягнуць свет ад свайго штодзённага тэрору супраць мірных украінцаў.